Вы тут

Так сышліся Асобы


У мінскім Доме прэсы збіраліся разам людзі, пра якіх можна сказаць: на такіх – таленавітых разумных, працавітых – зямля трымаецца

Спачатку й не верылася, што пасярод лета вядомыя асобы збяруцца разам. Будуць усміхацца нам. Расказваць пра сябе, адказваць на пытанні. Паціскаць рукі ды раздаваць аўтографы на шыкоўных, у цвёрдых вокладках кніжках, ім прысвечаных. А наклады ў кніг, пагартаў я іх на стале, невялічкія: ад 500 да 1500 асобнікаў... Элітныя кнігі. Як і самі асобы, якім яны прысвечаны. Сціплым журналістам пад аўтографы кніг не хапіла: не дабрачынная ж акцыя. Дарагія па сабекошце атрымліваюцца. Танныя ж “аднадзёнкі” выдавецтву “Адукацыя і выхаванне” выпускаць ну сама ідэя не дазваляе.


Удзельнікі прэс-прэзентацыі з кнігамі, што выйшлі ў серыі “Асобы”

Па ўсё бачнасці, знакавую сустрэчу ў Доме прэсы перадумовіў 16-ы чэмпіянат свету па верталётным спорце, што праходзіў 23-29 ліпеня на мінскім аэрадроме Баравая. Сярод гасцей ЧС у фотасправаздачах можна ўбачыць беларусаўкасманаўтаў Пятра Клімука, Алега Навіцкага. Вось і “сталі так зоркі, так усё склалася”, казалі наконт неспадзяванай сустрэчы яе ўдзельнікі.

Яшчэ за нейкі тыдзень да прэс-прэзентацыі, што праходзіла ў Прэс-цэнтры Дома прэсы, пісьменнік Уладзімір Ліпскі весела мне казаў: “Усё, Іван! Адпачынак! Еду лавіць карасёў — і ніхто мяне цяпер не знойдзе!” А, бач ты, знайшлі й яго, аднаго з хросных бацькоў біяграфічнай кніжнай серыі “Асобы”. І красаваўся Уладзімір Сцяпанавіч без карасёў, на ганаровым месцы, у саліднай кампаніі: па левую руку — касманаўт Клімук, па правую — знакаміты мужыкселянін Скакун. Яны ж і на здымку, гістарычным ужо, так у першым радзе стаяць.

Такім чынам, хоць і раней праходзілі прэзентацыі кніг серыі “Асобы”, ды ўпершыню разам сабраліся іх героі — вучоныя, аграрыі, касманаўт, пісьменнік і нават савецкі разведчыкбеларус. Траіх мы ўжо ведаем: гэта пісьменнік і грамадскі дзеяч Уладзімір Ліпскі, першы беларускі касманаўт, двойчы Герой Савецкага Саюза, генералпалкоўнік авіяцыі Пётр Клімук і доктар эканамічных навук, член-карэспандэнт Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Аляксей Скакун. Апошні “вывеў у людзі” аграгаспадарку “Астрамечава”. Помніцца, я там гасцяваў, з калегай у газету “Чырвоная змена” на пачатку 80‑х зрабілі паласу “Цаліна за ваколіцай”, калі там ішлі перамены. Маладажоны ў брычцы, ключы ад новых кватэр маладым спецыялістам — ягоны падыход да людзей: па-сялянску мудры, але й прагматычны.

Кнігі з серыі “Асобы”

Трохі гаварылі пра сябе ўсе асобы патроху. Акадэмік-біёлаг Віктар Парфёнаў падзяліўся нават назіраннямі, калі ж гэта, улічваючы сёлетнюю спёку, пойдуць грыбы. Выказаў меркаванне пра серыю: ствараць такія кнігі вельмі важна. Бо калі піша літаратар кнігу мастацкую, то ён хоць крышачку, але ж нешта й выдумляе. А тут аўтары й складальнікі запісвалі рэальныя размовы, праўдзівыя ўспаміны. Яны ж маглі й параіцца з героямі, нешта ўдакладніць. Дарэчы, кнігаю “Парфёнов. Поклонись травинке. Экспедиции в жизнь академика” Уладзіміра Ліпскага і Віктара Парфёнава (удвух значацца ў каталогах аўтарамі) у 2014‑м і пачыналася была серыя. Раней (2009) выйшла дакументальная аповесць “Пакланіся травінцы: экспедыцыі ў жыццё акадэміка Парфёнава” Уладзіміра Ліпскага. Дарэчы, ацаніце жанр: экспедыцыя ў жыццё! Шчыра захапляюся знаходкаю! Трохі ведаючы майстра, не сумняваюся: гэта з яго жадання шырэй, харашэй расказаць свету пра знакамітых землякоў і нараджалася новая серыя. Бо, скажам, яго аповесць “Мужык” выйшла ж кнігаю раней (2011). Але мужыкакадэмік Аляксей Сканун і на самай справе такая Асоба, што цалкам заслужана ў 2017‑м выйшла й кніга пісьменніка ў серыі “Асобы” пад назвай “Аляксей Скакун. Жыццё і працоўны подзвіг”.

Мікалай Супрановіч як ініцыятар і заснавальнік серыі, дырэктар выдавецтва “Адукацыя і выхаванне”, аддаў належнае на прэс-прэзентацыі Уладзіміру Ліпскаму, сябру старэйшаму, таксама заснавальніку. Пісьменніку прысвечана й серыйная кніга “Уладзімір Ліпскі: жыццё і творчасць” (2015, укладальніца Анастасія Радзікевіч). “Мы хацелі, каб “Асобы” расказвалі не проста пра чалавека, які знайшоў сваю справу й добра яе робіць, але пра асобу, якая разважае пра сябе, наша прызначэнне ў свеце, пра служэнне роднай зямлі”, — дзяліўся Мікалай Аляксандравіч думкамі. Ён лічыць, што серыя кніг стане своеасаблівай гісторыяй навейшага часу Беларусі, расказанай — праз лёсы людзей, якія ў многім яе й вызначалі.

Уладзімір Гаркавы дае аўтограф

Згадаем яшчэ тры кнігі серыі, героі якіх таксама былі, выступалі на прэс-прэзентацыі. Кніга “Рыгор Бабчанок: жыццё і служэнне зямлі” (2017) уключае аповесць Уладзіміра Ліпскага “Бабчанкова асалода” і вершы самога старшыні саўгаса “Камуніст” Ельскага раёна, сябра Саюза пісьменнікаў Беларусі. Выданне “Пётр Клімук: жыццё і подзвіг касманаўта” (2017, выйшла да 75‑годдзя героя, укладальнікі Мікалай Панасюк і Уладзімір Ліпскі). Апошняя пакуль у серыі — кніга “Уладзімір Гаркавы: жыццё і лёс разведчыка” (2018, укладальнік Мікалай Супрановіч). Спадзяемся, будзе й працяг! А зрабіць бы яшчэ кнігі серыі ў мультымедыйным фармаце, казаў я на прэс-прэзентацыі нібы ад імя беларусаў замежжа, даступнымі праз інтэрнэт: іх тады ўвесь свет прачытае.

Іван ЖДАНОВІЧ

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?