Вы тут

Сяброўства – з песнямі


На “Вішнёвым фэсце” ў горадзе Глыбокае, што лічыцца вішнёвай сталіцы Беларусі, гучалі песні й на латышскай мове

Мы, беларусы Даўгаўпілса, на гэтым цудоўным фэсце, можна сказаць, свае. Год ад году бачым, як прыгажэе Глыбокае, прырастае новымі тураб’ ектамі, святамі дый сябрамі з розных краін. Вось і сёлета гасцявалі мы ў прыгожым райцэнтры Віцебшчыны, калі 20-21 ліпеня праходзіў там VІ Міжнародны “Вішнёвы фэст”. У галоўных яго імпрэзах паўдзельнічала харавая капэла “Спадчына” Даўгаўпілскага Цэнтра беларускай культуры. Мяркую, чытачы “ГР” ведаюць: яшчэ ў 2015-м падпісана было пагадненне аб супрацоўніцтве паміж нашым Цэнтрам беларускай культуры Даўгаўпілскай гарадской думы і аддзелам культуры, ідэалогіі ды па справах моладзі Глыбоцкага райвыканкама. І мы як партнёры штогод падмацоўваем сяброўства: добрымі песнямі, абменам досведам працы, удзелам у фэстах. Па запрашэнні сяброў на “ВФ” і прыехаў гурт “Спадчына” на чале з мастацкай кіраўніцай Янінай Юзэфовіч.


Сустракалі гасцей вішнёвымі пірагамі

Два дні доўжыўся фэст, прывабіў смакам вішань у Глыбокае ды сардэчнасцю гаспадароў тысячы гасцей з Беларусі й замежжа. Цікавая была праграма: тэатралізаваны паказ, этнавячоркі, конкурс баяністаў, рэгістрацыя шлюбу “Вішнёвае вяселле”... Былі яшчэ канцэрт замежных гуртоў, святочнае шэсце, урачыстае адкрыццё рэзідэнцыі Вішнёвай каралевы ды шмат чаго яшчэ.

У першы дзень фэсту яго ўдзельнікі сустрэліся на Цэнтральнай плошчы — там і прайшлі этнавячоркі “У вішнёвым садзе”, гаспадарамі якіх былі артысты Народнага тэатра фальклору “Цярэшка”. Яны сустрэлі нас вішнёвым пірагом, вучылі таньчыць “Лявоніху” ды іншых беларускія танцы. Потым кожны з гуртоў — а былі там госці як з Беларусі, так і Латвіі, Расіі, Літвы, Грузіі ды Польшчы — правёў невялічкі майстарклас па народных танцах сваіх краін. “Спадчына” з Даўгаўпілса прадставіла як латышскія народныя песні “Vіsі manі vejі puta” і “Іet meіtіnas”, так і латышскі народны танец: “Tudalіn tagadіn”. Шмат пазітыўных эмоцый, радасці ды смеху было на тых уроках. Затым шчодрымі апладысментамі гледачы віталі дэфіле ўдзельніц у “вішнёвых” касцюмах. Касцюм Ліліі Воранавай з Даўгаўпілса называўся “Зімовая вішня”, быў дапоўнены капялюшыкам у тэму”, а ў кубачку наша мадэль мела вішнёвыя цукеркі, якімі частавала гледачоў.

 Потым адправіліся мы на бераг возера Кагальскае (гэта прадаўняя назва возера Глыбокае, якое ў свой час і дало назву гораду): там было ўрачыстае адкрыццё рэзідэнцыі Вішнёвай каралевы. Па форме той палац нагадвае кветку вішні, а пяць пакояў — нібы яе пялёсткі. Побач жа ўстаноўлены два каваныя дрэвы. На адным у выглядзе вішань бачым гербы гарадоўпабрацімаў Глыбокага, на другім — сцягі краінудзельніц фэсту. Паблізу рэзідэнцыі таксама й бюст агранома, селекцыянера Баляслава Лапыра, з садоў якога паступова салодкая зімаўстойлівая вішня рассялілася на Глыбоччыне. У пасадцы вішнёвага саду паўдзельнічалі й прадстаўнікі Латвіі, бо ў Глыбокага ж ёсць у суседняй краіне горадпабрацім Віляны. Завяршыўся ж першы фэстадзень этнадыскатэкай “У коле сяброў”.

Беларусы з Даўгаўпілса на адкрыцці фестывалю Вішнёвай каралевы

Суботні дзень “ВФ” пачаўся ўрачыстым шэсцем ад помніка Вішні на Цэнтральную плошчу. Вішнёвая каралева ехала ў карэце. Госці фэсту, жыхары горада ў суправаджэнні барабаншчыц, флаганосцаў ішлі да галоўнай сцэны свята. На ёй прайшла цырымонія адкрыцця фэсту, святочны канцэрт. Адкрываючы “Вішнёвы фэст”, старшыня Віцебскага аблсавета дэпутатаў Уладзімір Цярэнцьеў заўважыў, што фэст у Глыбокім з’яўляецца прарыўныя і бліскучым: у 2013-м ён узнік як рэгіянальны, а вось ужо й атрымаў статус міжнароднага.

На галаканцэрце “Вішнёвае суквецце дружбы” гурт “Спадчына” выканаў тры песні: латышскую “Seіt іr Latvіja”, беларускія “Ночка цёмная” і “Берагах белых буслоў”. Колькі незабыўных уражанняў у артыстаў! “Мы спявалі на вялікай сцэне, а ўнізе — цэлая плошча з гледачамі! — з радасцю згадвае Яніна Юзэфовіч. — Адчувалі радаснае хваляванне, адказнасць, гонар за Латвію, дзе мы жывём і як беларусы замежжа прадстаўляем яе на фэсце ў роднай Беларусі. Калі спявалі латышскую песню, то падпявала ўся дэлегацыя з Латвіі. А беларускія выклікалі слёзы на вачах у многіх людзей. З Глыбокага мы прывезлі цудоўныя ўспаміны, паветра Бацькаўшчыны, досвед выступлення на міжнародным узроўні, новыя песні ў наш рэпертуар”.

“Вішнёвы фэст” быў багатым на сардэчныя сустрэчы, шчырыя эмоцыі. Гама нацыянальных касцюмаў, песень, танцаў, музыкі яднала ў Глыбокім прадстаўнікоў розных народаў і краін — пад знакам творчасці й мастацтва. Пра тое казаў на імпрэзе закрыцця фэсту мэр Глыбокага Алег Морхат, уручаючы яго ўдзельнікам дыпломы й сувеніры. І хоць фэст-праграма была вельмі насычанай, ды артысты гурта “Спадчына” паспелі прайсціся па вялікім рамесным кірмашы, прадэгуставаць беларускія нацыянальныя стравы й пачастункі з вішні на падворках сельсаветаў Глыбоцкага раёна. Дарэчы, два дні фэсту ў крамах Глыбокага не прадавалі алкагольныя напоі: “сухі закон” у пару свята. Яшчэ мы знаёміліся з мясцінам горада, рабілі фотасесіі ды збіралі розныя ўражанні.

Горад Глыбокае, што адзначаў нядаўна 600-годдзе, трывала заваяваў тытул вішнёвай сталіцы Беларусі, да таго ж горад на пяці азёрах называюць беларускай Венецыяй. Ён працягвае здзіўляць беларусаў і гасцей краіны. Анідзе больш, напрыклад, не сустрэнеш гэтулькі бюстаў знакамітых землякоў, як на алеі ў Глыбокім. Там нарадзіліся знакаміты авіяканструктар Павел Сухі (самалёты маркі СУ — гэта з яго канструктарскага бюро), заснавальнік нацыянальнай школы геатэхнікі прафесар Юры Сабалеўскі, там жыў гісторык Вацлаў Ластоўскі, будаваў храмы мецэнат Юзэф Корсак, пісаў карціны мастакэтнограф Язэп Драздовіч, ставіў спектаклі пачынальнік беларускага тэатра Ігнат Буйніцкі, працаваў пісьменнік і журналіст Тадэвуш ДалэнгаМастовіч, вучыўся “бацька сучаснага іўрыту” Эліэзер Бэн-Іехуда. А на мясцовых могілках выявілася даўняе сямейнае пахаванне яшчэ нейкага Фердынанда Мюнхгаўзена. Глыбаччане вераць: ён мае роднасныя сувяззі з тым самым, сапраўдным баронам. Цалкам магчыма, што Мюнхгаўзен і бываў у Глыбокім, бо ёсць жа й гісторыя пра стральбу вішнёвай костачкай у лоб высакароднаму аленю. Карацей, у Глыбокім усталявалі помнік Мюнхгаўзену! А спіс вядомых землякоў пастаянна папаўняецца. Напрыклад, спявакудзельнік Еўрабачання-2017 Арцём Лук’яненка з гурта Navіband — родам з Глыбокага, там жывуць яго бацькі.

Лілія Воранава ў касцюме “Зімовая вішня”

Наша дэлегацыя пакідала гасцінны Вішнёвы горад пад песні вядомага ансамбля “Беларусы” і святочны феерверк. Да сустрэчы ў наступным годзе!

Жанна Раманоўская, кіраўніца Даўгаўпілскага Цэнтра беларускай культуры

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».