Вы тут

Калі нават гліна спявае


Майстар-кераміст Андрэй Мяцельскі атрымаў Гран-пры на першым Міжнародным конкурсе майстроў па кераміцы і ганчарстве, што ладзіўся ў плыні “Славянскага базару ў Віцебску”.


Кераміка з рук гэтага майстра душу грэе

Ганчары, як і кавалі, спрадвеку на Беларусі лічыліся добрымі, светлымі чараўнікамі, здольнымі, скажам, уплываць на ўрадлівасць зямлі. Шмат і па гэты час прыслоўяў, павер’ яў звязана з вырабам глінянага посуду. Кажуць: як толькі ў час лепкі благое вока гляне на посуд, то потым гаршкі ў печы Пярун паб’ е. Само ж майстэрства ганчароў, з ягонымі сакрэтамі, перадавалася ў спадчыну. І хоць майстра з Дзяржынска Андрэй Мяцельскі ў радаводзе сваім пакуль не адшукаў ганчароў, ды працавітасць у продкаў несумненна пераняў. А прадзед ягоны, Гіляры Доўнар, быў на ДзяржыншчынеКойданаўшчыне заможным хлебаробам. Любоў да малявання, лепкі з гліны хлопцу прышчапілі ў мастацкай школе Дзяржынска таленавітыя людзі: Наталля Ермаловіч і мастак Уладзімір Шчарбін. Андрэй закончыў і Белдзяржуніверсітэт культуры й мастацтва, дзе засвоіў поруч з ганчарствам і тэхнікі вырабу габеленаў, саломапляцення. Пазней вучыўся ў Інстытуце правазнаўства: дыплом юрыста мае.

Дзве вышэйшыя адукацыі! А рухаецца Андрэй па жыцці ў спрадвечнай, чароўнай плыні ганчарства. Майстаркераміст, член праўлення Беларускага саюза майстроў народнай творчасці вядомы як у Беларусі, так і ў замежжы. Удзельнік многіх выстаў, у тым ліку ў Малдове, Францыі, Расіі, Літве. Мне Андрэй расказаў, што першую печ-горан збудаваў яшчэ ў 1995-м, дапамог яму тады вядомы ганчар Леанід Панамарэнка — ён ужо ў Вечнасці. Другую ж печ, для вырабу чорназадымлёнай керамікі, Мяцельскі зрабіў у 2010-м на прысядзібным участку ў вёсцы Андрыеўшчыне пад Дзяржынскам.

Гэтым летам “Славянскі базар у Віцебску” прырос першым у ягонай гісторыі Міжнародным конкурсам майстроў па кераміцы й ганчарстве пад назвай “Гліна спявае”. Тры дні можна было назіраць тое маляўнічае дзейства, у якім паўдзельнічалі майстры як з Беларусі, так і Латвіі, Літвы, Расіі, Украіны, Эстоніі. Ушанавалі — усіх, а вось Гран-пры конкурсу атрымаў Андрэй Мяцельскі. Калі яму ўручалі высокую ўзнагароду, майстар падарыў арганізатарам фестывалю, як ён пажартаваў, “сярэднявяковы мабільны тэлефон”: зробленую ім вялікую, арыгінальную гліняную трубу.

Андрэя Мяцельскага ўзнагароджваюць дыпломам у Віцебску

У ліку ягоных рамесніцкіх прыярытэтаў цяпер на першым месцы — дымлёная кераміка; на другім — музінструменты: акарыны, свістулькі, барабаны, маракасы, гліняныя флейты. Яшчэ — вошчаная кераміка. Дэкаруючы вырабы, майстар выкарыстоўвае лазу, саломку, скуру казы, лён, бяросту. Работы Андрэя Мяцельскага далёка пайшлі па свеце: ёсць у прыватных калекцыях у Расіі, Францыі, Егіпце, Кітаі, ЗША, Літве, Латвіі, Малдове ды іншых краінах. А ствараюцца яны ў згаданай ужо Андрыеўшчыне, што за 22 км ад райцэнтра. Майстар марыць: вось бы пры ажыўленай аўтамагістралі Брэст — Мінск — Масква зрабіць Дом рамёстваў! Яго керамічныя вырабы ў нацыянальным стылі, мяркуе, маглі б карыстацца попытам, іншых майстроў — таксама.

І я разумею, пра што гаворка! Такія майстэрні, дзе робяць і прадаюць кераміку, мне давялося бачыць на турмаршрутах у Балгарыі. Бліжэй да людзей — вось іх прынцып. У такі Дом рамёстваў, дарэчы, маглі б прывозіць на майстаркласы сваіх вучняў настаўнікі: можа каму спадабаецца тое ці іншае майстэрства. Пакуль жа мой сябар Андрэй Мяцельскі працуе ў Цэнтры экатурызму “Станькава”: там у гандлёвай палатцы выстаўляе, прадае свае вырабы. Але мае надзею, што яго мары здзейсняцца.

Хобі ў Андрэя — блізкія да зямлі, прыроды: грыбы, рыбалка, пчалярства. За тымі заняткамі, казаў, і вобразы для творчасці падглядвае. То я не здзіўлюся, калі з цягам часу пабачу ягонае імя і ў ганаровым спісе народных майстроў Беларусі.

Лявон Целеш, г. Дзяржынск

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік прайшоў сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік прайшоў сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзілася на добраахвотнай аснове.