Вы тут

Карэспандэнт «Звязды» выправілася роварным маршрутам «Валожынскія гасцінцы»


Выправіцца роварным маршрутам «Валожынскія гасцінцы» самой ды яшчэ і сяброў з сабой паклікаць я асмелілася дзякуючы таму, што неаднаразова пісала пра звязаныя з ім праекты і бывала там. Таму загадзя ведала, што маршрут гэты добра прадуманы, размечаны і прамаркіраваны. Упэўнена, што праехаць па ім будзе пад сілу кожнаму — нават таму, хто ніколі не выязджаў з дому на ровары больш чым на пару гадзін. У сеціве ёсць падрабязная карта і трэкер (з тэлефона ён чамусьці не знайшоўся), якія правядуць і накіруюць на неабходныя сцяжынкі-дарожкі. Усю неабходную інфармацыю пра маршрут, а да таго ж і аўдыягіды можна знайсці па наступнай спасылцы. Выпраўляючыся ў падарожжа, паклапаціцеся пра тое, каб яна была ў вашым мабільным тэлефоне — і тады ўсё будзе проста і ясна.


Такім чынам, мы спакавалі заплечнікі, у якія акрамя некалькіх асабістых рэчаў паклалі яшчэ і дажджавікі, лёгкія камплекты сухой вопраткі (дзякуй богу, яны нам так і не прыдаліся). Узялі ежу для сняданку і пару лёгкіх перакусаў. І ўзброіліся натхненнем перажыць не самыя звычайныя выхадныя ў сваім жыцці.

Прафесійных раварыстаў у нашай кампаніі не было. Аднак хлопцы, якія ехалі з намі, паклапаціліся пра тое, каб узяць з сабой невялічкія наборы інструментаў — і яны спатрэбіліся нават двойчы. Увогуле ж знаўцы раяць браць з сабой яшчэ і запасную камеру — на той выпадак, калі ў кагосьці праб'ецца кола, каб можна было яе аператыўна замяніць.

Не хачу пакінуць вас без апісання прыгод і адзначу, што яны пачаліся з таго моманту, калі мы не паспелі выехаць на вакзал за гадзіну да патрэбнага часу, а ўсяго толькі за паўгадзіны. Частка нашай кампаніі імчалася ў напрамку вакзала па сталічным праспекце Незалежнасці а 6-й гадзіне раніцы з велізарнай хуткасцю. Бо спяшалася на электрычку, якая адпраўлялася на Маладзечна ў 6.26. Паспець на яе нам удалося хіба што цудам... Дадам толькі, што пры перавозцы ровара трэба набываць два квіткі — і на сябе, і на яго — тады вам, у адрозненне ад некаторых з нас, не давядзецца плаціць штраф.

Не без пэўных складанасцяў мы ўкамплектаваліся ў вагонах разам са сваімі «жалезнымі коньмі». Дабраліся да Маладзечна, там зрабілі перасадку, на якую мелі не больш за паўгадзіны. Пераселі на дызель, што ідзе да Ліды. Ён высадзіў нас на станцыі Багданава — гэта і ёсць пачатак маршруту «Валожынскія гасцінцы».

У госці да Фердынанда

Варта адзначыць, што па дарозе нам неаднаразова сустракаўся самы сапраўдны анёл — праўда, у вобразе чалавека. Назавём яго Сяргеем. Спачатку ён дапамог уладкаваць некалькі ровараў у даволі цесным вагоне. Затым ужо ў Багданаве на вакзале сарыентаваў, у які бок паехаць. І пасля таго сустракаўся нам яшчэ не раз і дапамагаў.

Кас­цёл Свя­то­га Мі­ха­ла ў Баг­да­на­ве.

Колішняя сядзіба мастака Фердынанда Рушчыца знаходзіцца крыху ўбаку ад асноўнага маршруту, у вёсцы Багданава. Спачатку мы меркавалі туды не заязджаць. Аднак, мабыць, сам Фердынанд, рукой бабулі, якая паказала, куды павярнуць, прыманіў нас у сваю прысутнасць.

І мы ніколькі не пашкадавалі! Багдавана — надзіва жывая, прыгожая, я б сказала нават адухоўленая вёска, яна паходзіць хутчэй на мястэчка.

У 1844 годзе тут быў пабудаваны касцёл Святога Міхала, выяўлены на самай вядомай карціне Рушчыца «Каля касцёла». Праўда будынак гэты двойчы гарэў. У сваім цяперашнім выглядзе касцёл быў адбудаваны ў 1999 годзе. Але гэта той мур, які варта ўбачыць і ў яго сучасным выглядзе. Глядзіш — і адчуваеш велічнасць, загадкавую атмасфернасць месца, пэўную ўзнёсласць. Падавалася, тут проста немагчыма не стаць мастаком.

Да колішняй сядзібы ехалі па доўгай старой ліпавай алеі. Тым часам вось што можна было прачытаць у даведачнай інфармацыі веламаршруту:

«Вялікі сядзібны дом быў двухпавярховым, каменным, але крыху няўтульным, хоць і змяшчаў велізарную бібліятэку, калекцыю карцін і скульптур. Рушчыцы практычна не жылі ў гэтай «мураванцы», там размяшчаліся госці. Сям'я пасялілася ў драўляным зрубе з лістоўніцы, каля якога раслі кусты бэзу і руж. Вакол дома размяшчаўся парк, асаблівае зачараванне якому надавала сажалка з востравам для баброў».

Гэта нагода для вясёлых разважанняў — не жыць у вялікім мураваным доме са скульптурамі і бібліятэкай, таму што там няўтульна... Нам бы гэтую няўтульнасць! З іншага боку, калі пад вокнамі драўлянага дома раслі кусты бэзу і руж, я магу Рушчыцаў зразумець.

На ўзгорку, дзе, па нашых падліках, мог стаяць драўляны дом, расло даволі шмат чабару. Я не ўтрымалася ад спакусы нарваць яго паболей, каб высушыць дома і заварваць халоднымі асеннімі вечарамі гарбату. Такім чынам у маім заплечніку з'явіўся дадатковы вельмі пахучы груз.

З-за ліхалеццяў XX стагоддзя сядзіба Рушчыцаў не ацалела — яна згарэла ў 1944 годзе падчас вызвалення Валожыншчыны ад фашыстаў. Да нашых дзён дайшлі толькі падмуркі, сутарэнні, старыя дрэвы, ручай — да яго мы таксама не прамінулі падысці.

Пазней даведаліся, што літаральна за некалькі дзён да нашай вандроўкі на месца колішняй сядзібы прыязджаў нашчадак Фердынанда Рушчыца, а разам з ім прадстаўнікі некаторых устаноў культуры. Аказваецца, сядзібу плануюць аднаўляць! Таму нашы фотаздымкі, руіны на іх, якія ўдалося пабачыць на свае вочы, хутка таксама стануць гісторыяй.

Арол Першай сусветнай

Арол з рас­праў­ле­ны­мі кры­ла­мі на му­ра­ва­най ра­тон­дзе.

Мы вярнуліся крыху назад, на асноўны маршрут, і, праехаўшы вёску Дзясятнікі, зайшлі на мясцовыя могілкі часоў Першай сусветнай вайны. І гэта яшчэ адно месца насамрэч вартае ўвагі. Ніколі б не падумала, што могілкі могуць быць настолькі прыгожыя. Калі будзеце праязджаць міма, не забудзьцеся зазірнуць сюды. Вось што паведамляецца ў даведачнай інфармацыі:

«За вёскай Дзясятнікі захавалася адно з самых буйных пахаванняў часоў Першай сусветнай вайны. Вельмі часта гэтыя могілкі называюць месцам пахавання салдат нямецка-аўстрыйскай арміі, аднак тут пахаваныя таксама і рускія салдаты. Пасля баёў у полі працавалі спецыяльныя санітарныя брыгады, якія збіралі целы забітых воінаў і хавалі іх побач, перадаючы дакументы і салдацкія жэтоны варожаму боку».

Мо­гіл­кі ча­соў Пер­шай су­свет­най вай­ны ў Дзя­сят­ні­ках.

Надзвычай цікавай з'яўляецца мураваная ратонда, увянчаная вялікім арлом з распраўленымі крыламі, усталяваная каля ўваходу на могілкі. Зроблена яна была архітэктарам Болманам з Брэмена ў 1916 годзе. Самі могілкі акрамя іншага цікавыя тым, што ўяўляюць сабой вялікую адкрытую прастору, абнесеную мураваным валам, які за даўнасцю часу ўжо парос мохам. Адметна і тое, што тэрыторыя могілак даволі ўзгорыстая, а вал паўтарае форму ўзгоркаў. Большасць магіл датаваныя 1916 годам: менавіта ў гэты час тут спыніўся фронт.

Крыж і мемарыяльная шыльда з надпісам «Тут спачываюць салдаты — ахвяры Першай сусветнай вайны» ўстаноўлена на працягу апошніх дзесяці гадоў. Нямецкія дабрачынныя фонды да нашага часу выдзяляюць сродкі на падтрымку гэтых пахаванняў.

Гэта быццам тыя самыя класічныя вайсковыя могілкі, якія мы маглі бачыць у амерыканскіх фільмах. Аднак каменныя пліты ўжо амаль цалкам ураслі ў зямлю. Надпісы на іх расчытаць даволі складана, але пры вялікім жаданні яшчэ магчыма.

Дарэчы, адразу за Дзясятнікамі ідуць звычайныя вясковыя могілкі, на іх шмат пахаванняў польскага часу. Яны па-свойму цікавыя. Аднак не пераблытайце — могілкі часоў Першай сусветнай пабачыце адразу за імі. Вы пазнаеце іх па вялікай ратондзе і па прыгожай адкрытай прасторы; а ўнізе, за абрывам, плёскаецца рака...

Дом паляўнічага

Перад наступным пунктам маршруту, Вішневам, знаходзіцца яшчэ адна адметная мясціна. Аднак каб дабрацца да яе, давядзецца крыху збочыць. Адразу пасля пераезду цераз раку Альшанку трэба павярнуць налева — у заходнім напрамку знаходзяцца парк і сядзіба Храптовічаў «Адравонж». Важна, што сядзіба захавалася да нашага часу:

«Парк атачае сядзібу, якая паўстала на месцы старога фальварка ў канцы XІX — пачатку XX стагоддзя. Сваю назву маёнтак набыў па імені радавога герба ўладальнікаў. Сядзіба выкарыстоўвалася ў якасці паляўнічай рэзідэнцыі, займаючы плошчу ў 50 гектараў, а сам сядзібны дом называлі «паляўнічым палацам» — гэта двухпавярховы мураваны будынак з дахам для назіранняў. Ён нядрэнна захаваўся да нашых дзён.

Сядзібу акружаў выкапаны ўручную канал, што надавала ёй некаторую адасобленасць. Да галоўнага сядзібнага дома вялі тры дарогі, а ўезды былі перакрытыя варотамі, побач з якімі былі пабудаваныя паляўнічыя старожкі. Да нашых дзён ацалеў толькі адзін уезд».

У савецкія часы сядзіба Храптовічаў выкарыстоўвалася ў якасці дзіцячага піянерскага летніка, які ў 1990-я быў зачынены. З таго часу сядзіба пустуе. Аднак з 2008 года тэрыторыя былога маёнтка Храптовічаў аб'яўлена помнікам прыроды мясцовага значэння.

Дзеля справядлівасці аповеду адзначу, што ў «Адравонж» мы не заязджалі. Бо вырашылі сэканоміць час, каб з'ездзіць паглядзець драўляныя мосцікі на балоце. Што з гэтага атрымалася, чытайце ў наступным выпуску «Ігуменскага тракта». Да таго ж я распавяду, якія цікавінкі мы пабачылі ў самім Вішневе і як па-асабліваму нас сустрэлі ў доміку для раварыстаў на Сакаўшчынскім вадасховішчы.

Ніна ШЧАРБАЧЭВІЧ

Валожынскі раён

Фота аўтара

Каментары

Чаму ж не паклікалі? Я б яшчэ столькі цікавасцяў паказаў :-)
Міхась Тутэйшы, як Вас адшукаць, каб паклікаць?

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Аб чым дамовіліся прэзідэнты Беларусі і Азербайджана?

Аб чым дамовіліся прэзідэнты Беларусі і Азербайджана?

Па выніках перамоў у Мінску яны прынялі сумесную заяву.

Грамадства

Партызанскія рукапісы — бясцэнныя сведчанні ваеннага часу

Партызанскія рукапісы — бясцэнныя сведчанні ваеннага часу

Партызанскія часопісы — насамрэч унікальныя інфармацыйныя зборнікі, значэнне і важнасць якіх разумелі ў тым ліку іх стваральнікі і чытачы.

Грамадства

Беларускія навукоўцы прадставілі больш за 300 распрацовак і тэхналогій

Беларускія навукоўцы прадставілі больш за 300 распрацовак і тэхналогій

На юбілейнай выстаўцы Нацыянальнай акадэміі навук.

Эканоміка

Ніна Жалязнова: Мы, беларусы, па сваёй ментальнасці — людзі зямлі

Ніна Жалязнова: Мы, беларусы, па сваёй ментальнасці — людзі зямлі

«Звязда» ўжо неаднойчы пісала пра гэту незвычайную жанчыну.