Вы тут

Пісьменнік, а дзе жывеш ты?


Адказ на гэтае пытанне просты. Тыя творцы, якіх ужо няма з намі, жывуць не толькі ў сваіх творах. Яшчэ і ў дамах-музеях, пільна сабраных з аскепкаў былога і такім чынам захаваных не толькі дзеля іх саміх, але і для нашчадкаў. Памяць павінна быць пэўным чынам матэрыялізавана і ўвасоблена. А дакладней, сабрана з рэчаў, якія належалі літаратару ці яго эпосе.


Калі трапляеш у музеі ці дамы-музеі пэўных творцаў, перад табой адразу адкрываецца зусім іншы, асаблівы свет. Здаецца, што кожная сцяна, кожная рэч напоўненыя даўняй атмасферай. Кнігі, сшыткі, чарніліцы і пажоўклыя нататнікі быццам маюць асаблівы, вельмі сімвалічны сэнс. З гэтага кубку сапраўды піў стваральнік вялікай паэмы? А на гэтым ложку ён спаў ці пакутаваў ад бяссонніцы, калі абдумваў новы твор? Усё робіцца важным, напоўненым сімвалізмам. Вось пісьмовы стол пісьменніка, вось абажур, каля якога ён любіў заседжвацца вечарамі.

Такія месцы выклікаюць не толькі ўзнёслае трапятанне. З іншага боку, яны паказваюць, што пісьменнік — таксама рэальны чалавек, які меў патрэбу ў даху над галавой і ў рабочым месцы. Можа, на пачатку свайго творчага шляху ён жыў у камунальнай кватэры, можа, займаў усяго кут у вясковай хаце. І ўжо пазней, з прыходам вядомасці, прызнання, маглі змяніцца і яго побытавыя выгоды. Кагосьці гэта нават натхніць, прымусіць задумацца: ствараць штосьці сваё, рэалізоўваць уласнае бачанне трэба не дзякуючы чамусьці, а насуперак. Нягледзячы на сціплыя ўмовы, недастатковы камфорт, чыёсьці неразуменне. Каб аднойчы такія камунальныя кватэры, такія маленькія хаткі змаглі зрабіцца гісторыяй. Бо тыя, хто ў іх жыў у свой час, бачылі шырэй, глыбей і вышэй за тое, што вакол. Ці, можа, уся справа сапраўды была ў такім рамантычным абажуры, кветачках на шпалерах і невялікім зграбным дубку пад акном (які з часам ператварыўся ў сапраўднага дуба-дзядулю), што дадаваў загадкавасці наваколлю?..

Прыгадваецца пазалеташняе свята беларускага пісьменства, якое праходзіла ў Рагачове. Я ездзіла па ваколіцах, шукаючы згадкі пра пісьменнікаў, якія жылі і тварылі ў тых мясцінах. Асобная экспазіцыя, прысвечаная літаратарам, ёсць у Рагачоўскім музеі народнай славы. З той мясцовасцю знітаваны лёс Міхася Лынькова; аднак з сумам давялося даведацца, што на пачатку 2000-х гадоў домік чыгуначнага наглядчыка, у якім працаваў бацька будучага творцы і ў дзяцінстве жыў ён сам, быў знесены. Думаецца, што такое месца, непасрэдна звязанае з тэматыкай творчасці Лынькова, які часта пісаў пра чыгунку, пра дзіцячыя вандроўкі з бацькам-машыністам, магло б стаць сапраўды ўнікальным — і, магчыма, не толькі ў Беларусі, але і ва ўсім свеце, бо аналагічных яму не прыгадваецца. Ды хтосьці падумаў, што знесці прасцей, чым аднавіць. Так, разбурыць сапраўды прасцей. Можа, домік той насамрэч быў у дрэнным стане. Але з рашэннем аб тым, што аднаўляць не варта, была знішчана і значная частка ўнікальнай памяці...

Бываючы за мяжой, я часта ўражваюся той вялікай колькасцю дамоў-музеяў пісьменнікаў, якія ёсць там. А дакладней, дзіўлюся, што яны амаль адсутнічаюць у нашай краіне. Доўгі час не магла зразумець, чаму ж так адбываецца? Часткова адказ на гэтае пытанне знайшоўся ў відэаінтэрв'ю вядомага краязнаўца Алеся Белакоза, які пайшоў з жыцця два гады таму. Ён расказаў, што літаратурныя музеі ў савецкі час у нас не віталіся. Можна было зрабіць краязнаўчы музей, ваенны — але не літаратурны! Што ўжо казаць пра дом-музей пісьменніка.

Месцы, звязаныя са слыннымі літаратарамі, пры належным падыходзе, могуць быць вельмі і вельмі цікавыя людзям! Па-першае, таму што творы найвядомейшых класікаў амаль усе чыталі хоць бы ў школе. Значыць, тое, што звязана з аўтарам ці яго героямі, не можа не выклікаць цікавасці, не нарадзіць пэўных асацыяцый. «Так, я памятаю Ганну Чарнушку. А вось, аказваецца, з якой дзяўчыны аўтар пісаў яе», — такія думкі могуць пранесціся ў нейчай галаве, калі чалавек паглядзіць на невялічкі пажоўклы здымак чарнявай прыгажуні ў музейнай экспазіцыі. «Прыгожыя сумачкі былі ў Яўгеніі Янішчыц, — падумае нейкая сучасная красуня, знаходзячыся ў музеі паэткі, — я б таксама насіла такія!» А па-другое, таму што любая літаратура сама па сабе з'яўляецца нацыянальнай. Гэта мова, побыт, цэлая эпоха, адлюстраваная ў творы і захаваная ў музеі аўтара.

У першую нядзелю верасня горад Іванава прыме важны для нашай краіны Дзень беларускага пісьменства. Вельмі шмат зроблена для добраўпарадкавання горада, цяпер работы блізяцца да фінальнага акорда. Вядома ж, многія з нас паедуць туды, каб святкаваць разам, каб разважаць і прамаўляць штосьці гучнае пра айчыннае пісьменства. Але ж мне асабіста вельмі марыцца, каб ужо пачынаючы з наступнага, 2019-га, года да кожнага свята пісьменства мы адкрывалі б хоць бы па адным доме-музеі пісьменніка, які жыў у тых мясцінах, якія на гэты раз абраныя сталіцай свята пісьменства.

І такой матэрыялізаванай і адухоўленай памяці не было б цаны.

Ніна ШЧАРБАЧЭВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».