Вы тут

Навядзенне парадку на зямлі патрабуе навуковых падыходаў


І выключае фармалізм.

Удзельнікі выязной калегіі Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя на прыкладзе Лагойскага раёна абмеркавалі работу, што праводзіцца ў краіне па навядзенні парадку на зямлі.


Другасныя рэсурсы — задача № 1

Шмат пытанняў у розных рэгіёнах краіны сёння выклікае работа ў галіне абыходжання з адходамі. Паводле інфармацыі Мінпрыроды, за першае паўгоддзе 2018 года выяўлена 3788 фактаў размяшчэння адходаў у несанкцыянаваных месцах, да адміністрацыйнай адказнасці прыцягнута 987 вінаватых асоб, сума штрафаў склала 219 тысяч рублёў. Акрамя таго, спецыялісты зафіксавалі 1028 фактаў захавання другасных матэрыяльных рэсурсаў (ДМР) на палігонах і 1976 парушэнняў правілаў эксплуатацыі аб'ектаў захавання цвёрдых камунальных адходаў (ЦКА).

На Лагойшчыне таксама ёсць праблемы ў гэтай сферы. Як расказаў дырэктар РУП «Лагойскі камгас» Яўген Халімоненка, штогод у раёне ўтвараецца каля 12 тысяч тон адходаў. Іх захоўваюць на двух палігонах (у райцэнтры і ў Плешчаніцах), там жа знаходзяцца і нарыхтоўчыя пункты па зборы ДМР. Пры гэтым Лагойшчына моцна адстае ад большасці рэгіёнаў краіны па здабычы ДМР — толькі 6,3 % адходаў трапляюць на перапрацоўку.

Дарэчы, нізкія ўзроўні (6-10 %) выкарыстання ЦКА ёсць і ў іншых рэгіёнах — такая сітуацыя назіраецца ў 22 раёнах краіны, большасць з якіх знаходзіцца ў Мінскай вобласці.

— Гэта сведчыць пра фактычную адсутнасць работы камунальных гаспадарак у згаданым кірунку, — упэўнены міністр прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Андрэй Худык (на фота). — Неабходна вывучыць паспяховы вопыт другіх рэгіёнаў і пачаць прымяняць яго. Напрыклад, запушчаная ў канцы мінулага года ў Слонімскім раёне лінія па сартаванні ЦКА ўжо сёння дазваляе выкарыстоўваць 34 % адходаў.

Міністр таксама звярнуў увагу інспектараў па ахове навакольнага асяроддзя на неабходнасць павышэння эфектыўнасці кантрольнай дзейнасці.

Каб у рабоце па абыходжанні з адходамі выкарыстоўваць найлепшыя і самыя эфектыўныя тэхналогіі і метады, Мінпрыроды плануе сумесна з Мінжылкамгасам распрацаваць тэхнічны кодэкс устаноўленай практыкі «Правілы абыходжання з камунальнымі адходамі».

Ла­гой­шчы­на — адзін з са­мых праб­лем­ных рэ­гі­ё­наў Мін­скай воб­лас­ці  па рас­паў­сюдж­ван­ні бар­шчэў­ні­ку Са­сноў­ска­га.

Падлічыць агрэсара

Другое важнае пытанне, якое абмеркавалі падчас калегіі, — барацьба з баршчэўнікам Сасноўскага. Праблема засілля гэтай расліны актуальная не толькі для Беларусі, але і Расіі, Украіны і некаторых краін Еўрасаюза. Цалкам вынішчыць агрэсара, на думку міністра, немагчыма, але можна істотна знізіць плошчы, якія ён займае.

— Барацьба з распаўсюджваннем баршчэўніка Сасноўскага — справа не аднаго года, — упэўнены Андрэй Худык. — Насенне гэтай інвазіўнай расліны доўгі час захоўваецца ў глебе. З яго дапамогай, а таксама дзякуючы развітому кораню, на наступны год баршчэўнік зноў можа ўзысці. Каб сур'ёзна знізіць яго колькасць, патрэбна работа як мінімум трох-пяці гадоў.

У краіне налічваецца 1148 карыстальнікаў зямельных участкаў і водных аб'ектаў, у якіх выяўлена 4534 месцы росту баршчэўніку Сасноўскага. Агульная плошча «захопу» — 2924,1 га. Найбольш інвазіраванай застаецца Віцебская вобласць — на яе прыходзіцца 72,7 % ад агульнай плошчы, якую займае расліна. На другім месцы — Міншчына (12,5 %), пры гэтым каля 30 % усіх зараснікаў баршчэўніку вобласці знаходзіцца ў Лагойскім раёне.

Сёння з агрэсарам змагаюцца ўсімі даступнымі сродкамі (хімічнымі, механічнымі, камбінаванымі) і з удзелам зацікаўленых арганізацый — прадпрыемстваў меліярацыйных сістэм і сельскай гаспадаркі.

Як расказаў намеснік міністра прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Аляксандр Корбут, за першае паўгоддзе 2018 года праведзены ўсе запланаваныя мерапрыемствы па рэгуляванні колькасці баршчэўніку Сасноўскага. Выключэнне складае Віцебская вобласць, там выканана толькі 85 % ад задання.

Пры гэтым, па словах Андрэя Худыка, падчас інвентарызацыі часта выяўляецца, што рэальная плошча, якую сёння займае баршчэўнік, не адпавядае даным, пазначаным у мясцовых планах. Так, у Аршанскім раёне яна павялічылася ў шэсць разоў, у Чашніцкім — у сем і г. д.

Міністр упэўнены — каб убачыць рэальную карціну, у краіне неабходна правесці палявыя абследаванні для выяўлення новых месцаў росту баршчэўніку. Вынікі гэтай інвентарызацыі будуць адлюстраваны ў рэспубліканскім плане мерапрыемстваў па навядзенні парадку на зямлі на 2019 год. Акрамя таго, у наступным годзе Мінпрыроды плануе распрацаваць тэхнічны кодэкс устаноўленай практыкі, які вызначыць патрабаванні да правядзення работ па абмежаванні распаўсюджвання і колькасці інвазіўных раслін.

Вераніка КОЛАСАВА

Фота Вольгі ПРАЛЮК

Загаловак у газеце: Калі дакладнасць — залог эфектыўнасці

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.