19 Верасень, серада

Вы тут

«Птушка не разумее, чаму мы ўмешваемся ў яе жыццё»


Як паводзіць сябе з подлеткамі і параненымі звярамі.

Бяздумнае спажыванне альбо празмернае спачуванне — на жаль, у дачыненні да дзікай прыроды чалавек часта ўпадае ў крайнасці. Так, хтосьці ловіць пяцідзесяцікілаграмовага сома на смажанага вераб'я і з гонарам заяўляе пра гэта на ўсю краіну, а хтосьці бяздумна падбірае раненых жывёл, а потым не ведае, што з імі рабіць. Як бы мы ні хацелі, чалавек усё ж не вянец прыроды, таму, у большасці сваёй, найлепшае, што мы можам зрабіць, — не ўмешвацца ў яе законы.


Цалкам натуральна, што, калі чалавек бачыць птушку з падбітым крылом ці подлетка, які крычыць, у яго ўзнікае жаданне дапамагчы. Толькі вось на адным жалі далёка не заедзеш, заўсёды трэба аналізаваць свае дзеянні. Бо дамінаванне эмацыянальнага над рацыянальным можа прывесці да непрыемных вынікаў.

— Праблема ў тым, што спробы выратаваць дзікую жывёлу могуць нашкодзіць не толькі гэтай жывёле, але і чалавеку. Таму для сваёй жа бяспекі неабходна прапрацаваць алгарытм дзеянняў, перш чым нешта рабіць, — расказала кансультант аддзела біялагічнай і ландшафтнай разнастайнасці Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Таццяна Жалязнова. — Нам вядомы сумны выпадак, калі жаласлівыя людзі спрабавалі выратаваць параненую лісу, а па дарозе ў клініку яна ўкусіла дзіця. Ліса аказалася шалёнай. Ці, напрыклад, студэнт знайшоў чырванакніжную птушку з падбітым крылом, патэлефанаваў нам, мы яму параілі дачакацца спецыялістаў, але ён усё роўна вырашыў дапамагчы самастойна: пасадзіў птушку ў заплечнік і павёз у ветклініку. Вядома, да назначанага месца яна жывой не даехала.

Спецыяліст падкрэсліла: каб нікому не нашкодзіць, дастаткова прытрымлівацца простага правіла: знайшлі пакалечаную жывёлу — тэлефануйце ў спецыялізаваную службу (МНС, МУС ці тэрытарыяльныя органы Мінпрыроды), але самі яе не чапайце! Паколькі ў некаторых выпадках тым жа птушкам дапамога чалавека абсалютна не патрэбна, а вось лішні кантакт з людзьмі для дзікіх жывёл — заўсёды стрэс.

На месцы збіраецца спецыяльная камісія, куды ўваходзяць ветэрынары, прадстаўнікі ведамства, мясцовага выканаўчага органа і арнітолагі. Сумесна камісія прымае рашэнне аб далейшым лёсе жывёлы. Калі яна паранена, то аказваецца неабходная дапамога, калі ж траўмы несумяшчальныя з жыццём, то яе прыходзіцца ўсыпіць, каб не траўмаваць яшчэ больш.

— Адзначу, што мы прымаем меры толькі ў экстранных выпадках. Калі жывёла можа справіцца сама, то не чапаем яе. У прыродзе ёсць свае заканамернасці. Так, падчас неспрыяльных умоў надвор'я буслы выкідваюць адно птушаня з гнязда, паколькі разумеюць, што пракарміць яго не ў сілах. Мы некалькі разоў яго вярталі, але ўсё паўтаралася па крузе. Птушка не разумее, чаму мы ўмешваемся ў яе жыццё. І, праўда, у гэтай справе чалавеку не месца, — адзначыла Таццяна Жалязнова.

Як бы сумна гэта ні гучала, але ў моцна параненай жывёлы практычна няма шанцаў выжыць у дзікай прыродзе, нават калі ёй акажа дапамогу чалавек. Праблема ў тым, што ў Беларусі вельмі мала ўрачоў, якія спецыялізуюцца на дзікіх жывёлах. У асноўным, скалечаныя канечнасці яны ампутуюць, што пазбаўляе жывёлу магчымасці абараняцца ад драпежнікаў і самастойна здабываць сабе ежу. Таму часта птушку без крылаў або з адной лапкай можна сустрэць у жывых кутках устаноў адукацыі або ў знаёмага ў якасці хатняга гадаванца.

— Нас часта крытыкуюць, што мы даём шмат адсылак да натуральнага адбору, але праўда такая, што выратаваць кожную жывёлу нерэальна. Калі вы, дапусцім, узялі параненую птушку, вылечылі яе, то яна, магчыма, і будзе радавацца жыццю і радаваць вас, але для дзікай прыроды такая жывёла памірае, — падкрэсліў спецыяліст па прыродаахоўных пытаннях грамадскай арганізацыі «Ахова птушак Бацькаўшчыны» Максім Нямчынаў.

На жаль, часта людзі ўпадаюць з адной крайнасці ў іншую. Канкурэнцыю празмерна эмпатычнаму чалавеку складае чалавек эгаістычны ці проста той, які не думае. Нядаўна інтэрнэт ускалыхнула навіна пра мужчыну, які злавіў вялікага сома на... смажанага вераб'я. Гэта ўзбурыла і нават злёгку ашаламіла прыродаахоўныя арганізацыі. Пытанняў шмат, але галоўнае — навошта? Бо сома ж прываблівае не мёртвая птушка, а пах смаленага. З такім жа поспехам можна было б выкарыстаць асмалены лямец.

— Смажыць жывога вераб'я — гэта жорсткае абыходжанне з жывёламі, што незаконна і недапушчальна. Жахліва, што людзі на такое здольныя, ды яшчэ і з нейкай хвальбой пра гэта расказваюць, — падкрэсліла Таццяна Жалязнова. — Нягледзячы на тое, што верабей — птушка, якую можна без дазволу забіраць з дзікага асяроддзя, ёй усё роўна неабходна забяспечыць належны догляд. І адказнасць за такі ўчынак ніхто не адмяняў. У нас ёсць Кодэкс аб адміністрацыйных правапарушэннях, дзе дакладна прапісана, за што і якое пакаранне пагражае. Штрафы вялікія (ад 10 да 50 базавых велічынь у залежнасці ад віду — для фізічных асоб).

Ды і паняцце «чалавечнасць» яшчэ ніхто не адмяняў.

Кацярына ЦІТОВА

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якім чынам можа праяўляцца адзінота?

Якім чынам можа праяўляцца адзінота?

Адзінота і асабліва адзінота ў сям'і — рэальная прыкмета нашага часу.

Грамадства

Усё, што трэба ведаць пра замяшчальную гарманальную тэрапію

Усё, што трэба ведаць пра замяшчальную гарманальную тэрапію

Лішняя вага, бяссонніца, прылівы, парушэнні ціску і астэапароз — далёка не ўсе праявы, якія падпільноўваюць жанчыну ў пэўным узросце. 

Спорт

Вячаслаў Грэцкі: Часам называюць мяне Уэйнам

Вячаслаў Грэцкі: Часам называюць мяне Уэйнам

Пра знакамітае прозвішча і сучаснасць беларускага хакея.