Вы тут

Гісторыя пра тое, як кітаец працуе фермерам на Валожыншчыне


«Шлях у тысячу лі пачынаецца з першага кроку», — кажа кітайская прыказка. Ці не гэты выраз натхніў Вэнь Сюэчжэня пераадолець восем тысяч кіламетраў паміж Пекінам і Мінскам, каб здзейсніць сваю мару?


Знаёмцеся, гэта Лунь. Так Вэнь Сюэчжэня называюць сябры і родныя. Яму 31 год. Ён жыве ў вёсцы Пральнікі, што на Валожыншчыне. І на гэтай зямлі за чатыры гады зрабіў ужо мноства крокаў, каб яго жаданні ажыццявіліся.

— Пакаштуй, які салодкі, малінавы, — працягвае гаспадар памідор.

З падзякай адкусваю кавалак сакавітай мякаці. Я не асаблівы эксперт у памідорах, але смак «свойскай» агародніны ад магазіннай адрозніваецца значна.

Лунь знаёміць нас са сваёй гаспадаркай. Заходзім у цяпліцу. Яна здаецца бясконцай, ва ўсю даўжыню — радкі высокіх памідораў, якія апусцілі свае гронкі пад цяжкімі пладамі.

— А вось гэта — чэры. Яны вельмі добра захоўваюцца. А гэты сорт памідораў мае зялёны колер. Не здзіўляйцеся, пакаштуйце, якія сакавітыя.

Пра свой ураджай фермер з Кітая можа расказваць бясконца. А вось да гісторыі, як ён вырашыў змяніць 20-мільённы сталічны мегаполіс на вёску ў некалькі дзясяткаў дамоў, ставіцца, як да звычайнай рэчы.

Калі Луню было 19 гадоў, ён пачуў пра магчымасць атрымаць адукацыю ў Беларусі. Паступіў у БДУ на дызайнера, бо вельмі любіў маляваць. Два гады вучыўся на падрыхтоўчых курсах, потым на бакалаўрыяце і ў магістратуры. І ўжо чатыры гады займаецца сельскай гаспадаркай.

— Мне падабаецца гэта. Але першы час вельмі складана было. Трэба рана ўставаць. Цяпер шмат пакупнікоў. Нават не хапае на ўсіх ахвотных тавару. Маю гародніну заказваюць в'етнамскія, індыйскія, італьянскія рэстараны, гасцініца ў «Вялікім камені». Завожу на Камароўку, у Ждановічы. Некаторыя культуры ёсць толькі ў мяне, таму і чакаюць. Напрыклад, струкі окры (яны па смаку як фасоль і кабачок), мамардзіка — горкі гарбуз. Маляваць ужо няма часу, але займаюся дызайнам інтэр'ера ўласнага дома.

Аграрнай адукацыі ў кітайскага фермера няма. Усе сакрэты сельскай гаспадаркі спасцігаў метадам уласных спроб і памылак. Але сёлета звярнуўся па дапамогу да спецыяліста.

Стартавы капітал на арэнду 120 гектараў зямлі ён часткова зарабіў сам, пакуль вучыўся ў магістратуры, часткова дапамаглі бацькі. Спачатку яны скептычна ставіліся да захаплення сына, але цяпер зразумелі і з задавальненнем прыязджаюць у госці.

— Гэта вельмі паспяховая галіна. Калі працаваць, даглядаць, можна атрымаць добрыя грошы, — лічыць фермер. У мяне шмат сяброў і ў Беларусі, і ў Кітаі займаюцца сельскай гаспадаркай.

Па словах Луня, прыбытак ужо ёсць і ў яго, але як сам адзначае: «всё потихонечку».

Свае творчыя здольнасці Лунь рэалізуе ў музеі. Ён купіў памяшканне былой школы, дзе налета плануе скончыць рамонт і прымаць турыстаў. У самай прасторнай зале, аформленай у беларускім стылі, размяшчаюцца экспанаты. Тут і калаўрот, і печ, і радыёла. Вышываныя крыжыкам кветкі ў рамцы суседнічаюць з кітайскім сцягам, а народныя маскі з Паднябеснай вісяць побач з выявай беларускага бусла. Рэчы для экспазіцыі Луню прыносяць мясцовыя жыхары, некаторыя засталіся яшчэ з часоў школы. Напрыклад, карціны з саломкі і шыльда «Сардэчна запрашаем» над дзвярыма.

Насенне ў асноўным гаспадар купляе мясцовае, толькі некаторае прывозіць са сваёй радзімы. Ды і смак агародніны, вырашчанай на беларускай зямлі, не адрозніваецца ад той, што расце ў Кітаі. Але па словах Луня, на адкрытай глебе цяжка вырасціць добры ўраджай, таму ён будуе цяпліцы.

Дапамагаюць спасцігаць асаблівасці працы на зямлі Луню мясцовыя жыхары. Яны працуюць у яго падчас сезона. Пытаюся ў іх, у чым сакрэт поспеху кітайскага фермера ў Беларусі?

— У працавітасці. І таго ж ён хоча і ад сваіх работнікаў. Зарплата добрая для вёскі, раёна, — кажа памочнік Яўген.

Працягваем разглядаць маёнтак. На адной з градак заўважаю клубніцы... у жніўні. Таксама на продаж?

— Не, для сябе. Іх няшмат, — кажа Лунь і працягвае мне жменю салодкіх ягад.

Заглядваем яшчэ ў адну цяпліцу. Там бачу экзатычны чорны перац.

— Ён спачатку чорны, а потым становіцца чырвоным. Я яго збіраю чорным, ён больш карысны, у ім шмат вітамінаў.

Яшчэ адны лекі з «кітайска-беларускай градкі» — горкі гарбуз, які нагадвае гурок. Ён дапамагае лягчэй перажыць спякотнае надвор'е.

— Лунь, я звальняюся, — жартуе Таццяна, рэагуючы на аб'ектыў фотаапарата.

Але разам з сяброўкай Тамарай усё ж такі згаджаецца паразмаўляць з намі.

— Працуем нядоўга ў Луня, грошы плаціць — не крыўдзіць. Збіраем агародніну на заказы. Расхопліваюць горкі перац, гарбузы, памідоры, — спяшаючыся, тлумачаць жанчыны, каб зноў вярнуцца да работы.

А мы працягваем агляд тэрыторыі.

«Тут у мяне баклажаны, салата, кітайскія гуркі. Яны вырастаюць у сярэднім да 50 сантыметраў. І сабака тут у мяне расце», — жартуючы, тлумачыць Лунь з'яўленне ў цяпліцы чатырохногага сябра.

Ён не адзіная хатняя жывёла кітайца пад Валожынам. Ёсць некалькі курэй, з дзясятак авечак і коз, але гэта не для продажу, для сябе.

Лунь хутка звыкся з беларускімі парадкамі. Суседзі частуюць сваімі разнасоламі, на Вялікдзень — яйкамі ды кулічамі, а Новы год яго сям'я адзначае і па грыгарыянскім, і па ўсходнім календарах. На зямлі, арандаванай Лунем, стаіць хрысціянскі крыж. Кітаец плануе яго ў хуткім часе пафарбаваць. Парадак павінен быць ва ўсім.

Лунь жыве ў Мінску разам з жонкай і малой дачкой, але кожны дзень зранку на сваёй ферме. Як толькі скончыць рамонт у доме, плануюць пераехаць у Пральнікі. Але гісторыя Луня і пра каханне. Яго жонка, таксама кітаянка, вучылася ў Партугаліі, дзеля яго пераехала ў Беларусь.

У наступным годзе Лунь плануе прымаць турыстаў і вадзіць экскурсіі для дзяцей:

— Буду паказваць розныя сельскагаспадарчыя культуры. Не звычайныя — бульба, памідоры, а тыя, якія амаль ніхто не вырошчвае. Ім будзе цікава, як кітайскі фермер тут працуе.

Але госці ў яго і так бываюць часта — пра яго ведае шмат людзей у Кітаі, ды і на Валожыншчыне ён — мясцовая зорка.

Убачыўшы старанную працу, заклапочанасць гаспадара аб ураджаі і дабрабыце, задала галоўнае пытанне нашай сустрэчы: адкуль у гарадскога кітайскага хлопца з'явілася цяга і любоў да шчодрай беларускай зямлі?

— Я тут будую дамы, вырошчваю гародніну — гэта няпроста, але мне вельмі падабаецца. Бачыце, колькі тут месца? Свабода. Пекін — вялікі горад. Там шмат магчымасцяў. Але гэта не для мяне. Для кожнага чалавека — сваё месца.

Яго месца — Пральнікі, невялікая вёска, побач з якой працякае Іслач. І гэта мястэчка стала другой Радзімай для ўраджэнца Паднябеснай, бо, як сцвярджае кітайскай мудрасць, «Твой дом там, дзе спакойныя твае думкі».

Марыя ДАДАЛКА

Валожынскі раён

Фота Анатоля Клешчука

Загаловак у газеце: Беларуская мара Луня

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.