Вы тут

Навошта трэба «раздзяваць» памідоры?


Не сакрэт, што калі выдаліць у памідораў лісце, то яны загінуць. Тым не менш лісты прыходзіцца выдаляць, бо знізу яны пашкоджваюцца фітафтарозам, бурай плямістасцю і іншымі грыбкамі. Выдаленне хворых лістоў дазваляе стрымаць развіццё грыбкоў, асвятліць кусты і палепшыць праветрыванне іх знізу.


Акрамя таго, у працэсе росту самыя ніжнія лісты пачынаюць старэць і ўжо не прыносяць карысці кустам, толькі марнуючы харчаванне. Але не варта спяшацца зрэзаць усё лісце без разбору. Справа ў тым, што за адзін прыём з куста можна выдаляць не больш за тры лісты, каб расліны маглі перажыць стрэс і не застацца голымі.

У першую чаргу абломвайце тыя лісты, якія ляжаць на зямлі. Потым аглядаем куст. Калі гронкі выраслі да нармальных памераў, можна за некалькі дзён выдаліць лісты, якія знаходзяцца знізу.

Акрамя гэтага, трэба звяртаць увагу на лісты, які растуць з паўночнага боку. Іх можна часткова выдаліць. Пра парасткі, якія растуць бурна, але зусім без пладоў, кажуць, што яны жыруюць, і іх трэба таксама выдаляць.

У куста, які нармальна развіты і мае плады, ніжняя частка сцябла на вышыню 30 см павінна быць голая. Гэта значыць, там трэба выдаліць усё лісце і большую частку пасынкаў. У гэтым выпадку куст добра праветрываецца і рызыка хвароб нашмат памяншаецца.

Строгіх правілаў выдалення лістоты не існуе. Лічыцца, што трэба прыбіраць па тры лісты два разы на тыдзень. Але калі кусту пагражае грыбная хвароба, можна выдаляць больш лістоты.

У жніўні поўным ходам працягваецца збор памідораў і ўсе вашы намаганні павінны быць накіраваны на паскарэнне іх наліву і паспявання. Каб паскорыць паспяванне пладоў памідораў, многія выкарыстоўваюць народныя спосабы. Так, паспяванне таматаў значна паскараецца, калі гронкі з пладамі «вывернуць да сонца». Гэты прыём асабліва эфектыўны ў дачыненні да ранніх сартоў. Часта на вышыні 10—12 сантыметраў ад зямлі робяць вострым нажом невялікі скразны падоўжны надрэз сцябла. У яго ўстаўляюць трэску так, каб рассунуць сценкі сцябла на 1,5-2 сантыметры. Для гэтых жа мэт ужываюць і частковае надрыванне каранёў, асцярожна падцягваючы расліну ўгору. Але, ужываючы два апошнія спосабы, калі на расліне шмат дробных пладоў, якія яшчэ не сфарміраваліся, вы значна страціце ва ўраджаі. Самым эфектыўным спосабам паскарэння наліву і паспявання пладоў з'яўляецца своечасовы збор бурых таматаў і закладка іх на даспяванне. З уборкай пладоў памідораў спазняцца нельга. Іх трэба зняць з кустоў, пакуль тэмпература паветра не апусцілася ноччу ніжэй за 8 °С, а на пладах няма кропель вільгаці.

Проста зрываць лісты нельга. Іх трэба зразаць секатарам або адломліваць, паварочваючы трохі ўбок. Так, каб ранкі атрымаліся невялікія і хутка зацягнуліся.

Каб зрабіць усё правільна і не траўмаваць расліну, варта паступаць наступным чынам:

  • працэдуру выконваць у цёплае надвор'е;
  • абразаць лішнюю лістоту пажадана вострымі нажніцамі — так будзе зручней і хутчэй, а ранку апрацаваць перакісам вадароду, каб абараніць расліну ад хвароб.

Прытрымліваючыся гэтых парад, вы наносіце культуры мінімальныя пашкоджанні, якія пасля апрацоўкі вельмі хутка падсохнуць. Замест перакісу вадароду дазваляецца выкарыстоўваць раствор марганцоўкі або актываваны вугаль.

У жніўні працягваецца догляд агародніннага перцу. Збіраюць яго праз 4-5 дзён у стадыі тэхнічнай спеласці, а плады на насенне пакідаюць даспяваць да фізіялагічнай спеласці, калі яны набудуць характэрную для сорту афарбоўку. Плады перцу неабходна зразаць секатарам або вострым нажом. Часта пад канец жніўня расліны скараспелых сартоў перцу цалкам высільваюцца і пачынаюць даваць вельмі дробныя плады. У гэтым выпадку перац неабходна зноў добра падкарміць, прычым найбольш эфектыўным з'яўляецца прымяненне раствору каравяку або птушынага памёту. Да канца жніўня перцу патрабуецца вельмі шмат вады, асабліва пры сухім надвор'і, паколькі ён не пераносіць нават самага нязначнага падсыхання глебы. Таму паліваць перац у залежнасці ад надвор'я трэба праз 4-5 дзён.

Ірына Тамковіч

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?