Вы тут

Цеплыня дарчага надпісу


Невялікім накладам (100 экзэмпляраў) у Гродне пабачыла свет унікальная кніга, дзе сабраны адбіткі аўтографаў на кнігах, падораных літаратуразнаўцу Аляксею Пяткевічу. Сотні (літаральна сотні!) сустрэч праходзяць на старонках кнігі Аляксея Пяткевіча «Аўтографы — разам».


Вядомы і аўтарытэтны на Гродзеншчыне і ў Беларусі культуролаг, літаратуразнаўца, краязнаўца сабраў ілюстрацыі дарчых надпісаў, якія яму адрасавалі пісьменнікі розных пакаленняў. Адкрывае кнігу экслібрыс Аляксея Пяткевіча, выкананы рыжскім мастаком Вячкам Целешам. Далей — уступнае слова кніжніка і вучонага. Вось што, у прыватнасці, піша Аляксей Міхайлавіч пра аўтографы: «...Запісваліся ў Гродне і Мінску, у Беластоку, Гомелі, Маладзечне... Прысылаліся з Беларусі і іншых краін. Асабліва даражу аўтографамі дарагіх мне сяброў, з якімі давялося доўга крочыць па жыцці, хаця з многімі і на адлегласці ў прасторы. Гэта <...> Яўген Камароўскі, Генадзь Каханоўскі, Мікола Прашковіч, Арсень Ліс, Адам Мальдзіс, Вячаслаў Чамярыцкі, Сакрат Яновіч, Алесь Белакоз, Уладзімір Урбановіч, Аляксей Каўка, Павел Сцяцко, Апанас Цыхун, Ігар Жук, Мікола Даніловіч, Янка Трацяк. Не магу абысці тут вельмі шаноўных пісьменніц, якія сваімі аўтографамі неаднаразова пацвярджалі нашу шматгадовую сардэчную прыязнасць і творчае паразуменне. Сярод іх назаву Зоську Верас, Ларысу Геніюш, Дануту Бічэль, Вольгу Іпатаву, Аўгінію Кавалюк, Людмілу Кебіч, Леанарду Юргілевіч, Алу Петрушкевіч (Альжбету Кеду), Святлану Кошур...

Ганаруся шматлікімі аўтографамі паэтаў майго пакалення, з якімі быў злучаны дзесяцігоддзямі цёплых сустрэч і душэўнай блізкасці. Гэта Ніл Гілевіч, Алег Лойка, Уладзімір Караткевіч, Рыгор Барадулін, Генадзь Бураўкін. Тое ж можна сказаць пра гродзенцаў Васіля Быкава, Аляксея Карпюка, Юрку Голуба.

Сёння люблю глядзець на паліцы сваёй бібліятэкі, якая збіралася, па сутнасці, усё жыццё. Мне прыемна проста спыніцца і пастаяць каля іх. Не гаворачы ўжо пра тое, каб узяць у руку нейкі том, разгарнуць яго, прачытаць некалькі старонак. Калі ж узгадаць пра свой немалады век, то трывожыць думка пра будучыню гэтых хавальніц мудрасці і хараства. Асабліва шкадую выданні з аўтографамі. А іх у мяне многа. Але помню кожную падпісаную кнігу: да яе ж прыклалася жывая чалавечая душа, каб сказаць мне нейкае сваё слова і зладзіць такім чынам паміж намі пэўную духоўную сувязь.

А каб сабраць усіх разам, хто пакідаў мне памятку на тытулах кніг? Гэта ж будзе вялікая і дужая грамада, што не прападзе, не паддасца забыццю, знішчэнню...»

Гартаеш кнігу, чытаеш словы, якія адрасаваны Аляксею Пяткевічу, — і неўспадзеў думаеш пра тых яркіх, шматаблічных асоб, якія выказвалі словы павагі, дзяліліся думкамі...: «...у знак шчырай сяброўскай павагі...» (Ніл Гілевіч); «...радасны ад сённяшняй сустрэчы ў гэтым гасцінным і сімпатычным доме...» (Адам Мальдзіс); «Аляксею Пяткевічу, таварышу па справе...» (Анатоль Вярцінскі); «...з велічэзнай павагай да яго плённай і высакароднай дзейнасці...» (Уладзімір Караткевіч); «...за добрае сэрца...» (Сакрат Яновіч). Ужо самі па сабе надпісы — гісторыя беларускага кніжніцтва другой паловы ХХ стагоддзя і, вядома, першых гадоў, першага дзесяцігоддзя ХХІ стагоддзя. Дзіву даешся, колькі людзей было ў полі зроку Аляксея Пяткевіча, ды якіх! Тых мастакоў слова, тых служкаў беларускай літаратуры, якія праз усё жыццё свята верылі ў высакароднасць слова, у яго выключную сілу ў змаганні з цемрашальствам. З гэтай верай жыў і жыве сам адрасат аўтографаў.

Няма ніякіх сумненняў, што кніга, падрыхтаваная А. Пяткевічам і выдадзеная ў гродзенскім выдавецтве «ЮрСаПрынт», — збор дакументальных сведчанняў і па гісторыі беларускага кніжніцтва, і па гісторыі беларускай літаратуры. У яе варта зазірнуць многім даследчыкам, музейшчыкам, архівістам, якія ўзнаўляюць веданне пра мастацкі, культурны свет Беларусі розных дзесяцігоддзяў. Кніга «Аўтографы — разам» у гэтым плане падаецца невычэрпнай і вартай увагі крыніцай.

Мікола РАЎНАПОЛЬСКІ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».