Вы тут

Андрэй Макаёнак - чалавек з пазіцыяй. І таленавіты


Быў час, і я яго заспеў, калі аднаго толькі прозвішча Макаёнак было дастаткова, каб зразумець, што гаворка ідзе пра Беларусь. Макаёнак і Беларусь былі непадзельнымі. Зрэшты, як і многія іншыя паэты і пісьменнікі, дзеячы культуры і мастацтва нашай зямлі. Іх ведалі ў многіх замежных краінах, іх творамі захапляліся чытачы самых розных нацыянальнасцей, а перакладчыкі ахвотна перакладалі беларускія тэксты на свае мовы.


Але чаму я кажу ў мінулым часе? Чаму былі? Бо нават сёння, калі фізічна іх няма з намі, творчасць іх існуе. Уся сутнасць, відаць, у гэтым каварным і не зусім дакладным слове «існуе». Бо, як ні дзіўна, з увагі на «моднасць» і «мадэрновасць» сённяшняга часу невядома чаму бывае, што на паверхню прабіваецца асабіста-прыватная пераацэнка нашых мінулых літаратурных набыткаў. І ўжо здараецца, што нават з-пад Купалы і Коласа спрабуюць выцягнуць п’едэстал іх рэальных заслуг, за смугою не надта аддаленага ад сённяшняй рэчаіснасці часу не могуць, а хутчэй не жадаюць бачыць рэальнай каштоўнасці створанага нашымі папярэднікамі.

Асабліва гэта тычыцца, на мой погляд, нашай драматургіі. Падаецца, што сённяшняя тэатральная практыка чамусьці не хоча шанаваць і годна выкарыстоўваць патэнцыял створанага беларускімі аўтарамі раней. Колькі нашых выдатных творцаў і іх высокамастацкіх прац было некалі не толькі на беларускай, але і на ўсесаюзнай, нават замежнай сцэне. І што, усё гэта было зроблена «на бягу, на хаду», усё састарэла? Вядома ж, не! І Кандрата Крапіву, і Андрэя Макаёнка, і Аляксея Дударава, і Алеся Петрашкевіча, і многіх тых, хто пісаў не толькі паэтычныя ці празаічныя творы, як, напрыклад, Янка Купала альбо Уладзімір Караткевіч, але і п’есы, цанілі за таленавіта створанае. Таму і ставілі на многіх сцэнах. Адна з п’ес Андрэя Макаёнка ішла на сцэнах больш чым 200 (!!!) тэатраў.

І мне дзіўна, чаму сёння на беларускай сцэне цікавасць да напісанага беларускімі драматургамі і аўтарамі нечакана змізарнела? Няўжо сталі нецікавымі іх творы? Не і не. Зірніце, як часам перарабляюць на сцэне створанае, напрыклад, Чэхавым — і раз, і два, і тры. Нават беларускія рэжысёры. А што, у Крапівы, Матукоўскага ці Макаёнка няма чаго «перарабіць», перастварыць на сцэне, калі справа толькі ў гэтым?

Перакананы, што можна. Нават не перарабляючы, можна так актуалізаваць (ці мо асягонніць?) сцэнічны твор, што недасведчаны глядач і не зразумее, калі была напісана тая ці іншая п’еса. Зрэшты, не дата напісання важная. Актуальнасць многіх ранейшых твораў і сёння не растварылася ў часе, хіба што набыла новыя рысы, якія сугучныя акурат цяперашнім рэаліям. Варта толькі расплюшчыць вочы і зірнуць на справу зацікаўлена і рэальна. Тым больш што практычна ўсе п’есы Макаёнка — гэта камедыі альбо трагікамедыі, дзе для творчай фантазіі пастаноўшчыкаў найбольш шырокае поле для самавыяўлення.

Праўда, ёсць і станоўчыя прыклады, хоць, калі зноў жа папраўдзе, то вельмі нешматлікія. У пазітыўным плане можна назваць сённяшнія пастаноўкі ў Тэатрыстудыі кінаакцёра, Нацыянальным акадэмічным драматычным тэатры імя М. Горкага. Але ж гэта кропля ў цяперашнім моры перастварэнняў даўняга, колішняга. Беларускае мора таксама мае права і можа стаць паўнаводным. Варта толькі захацець. І атрымаецца. Андрэй Макаёнак у гэтай сувязі адна з многіх творчых фігур, чыё драматургічнае майстэрства не састарэла і сёння. Хіба ж мы забыліся, што менавіта дзякуючы яго п’есам наш Купалаўскі тэатр стаў некалі вельмі папулярным, а многія артысты-купалаўцы за свае ролі ў макаёнкаўскіх спектаклях атрымлівалі глядацкае прызнанне. Дарэчы згадаць, што Макаёнак ахвотна пісаў некаторых сваіх герояў спецыяльна для пэўных акцёраў Купалаўскага тэатра (напрыклад, для народнай артысткі СССР і БССР Галіны Макаравай). У спектаклях паводле Макаёнка заззяў дыямент таленту народнага артыста СССР і Беларусі Генадзя Аўсяннікава.

Харызматычны Макаёнак як драматург не абмінаў у сваёй творчасці канфлікты, бо выдатна разумеў, што без іх п’еса не п’еса, а да сэрца гледача наўрад ці дастукаешся. Ды і ў самога яго характар быў бурны, узрыўны. Без гэтага не было б, напэўна, і драматурга Макаёнка. Не было б той велізарнай аўдыторыі, якая з сапраўдным захапленнем хадзіла менавіта на Макаёнка. Але варта прызнаць, што гэтыя самыя, не тэатральныя, а рэальныя жыццёвыя канфлікты, не дадавалі камфортнасці яго асабістаму жыццю.

Але перыпетыі асабістага жыцця, не заўсёды прыемныя размовы з высокім начальствам (праўда, ён не баяўся спрачацца і адстойваць сваю пазіцыю і з высокімі асобамі, нават з самім першым сакратаром ЦК КПБ, практычным кіраўніком Беларусі П.М. Машэравым) не былі перашкодай для творчасці і наватарства на сцэне. І мо якраз гэтая і гэткая смеласць рабіла п’есы Макаёнка сапраўды тэатральнымі — не толькі канфліктнымі, але і ў пэўнай ступені вострымі, з добрай доляй іроніі. Часам ён замахваўся нават на тыя праблемы, вырашаць якія было дазволена толькі партыйным начальнікам, крытыкаваў тое, што не падлягала крытыцы з боку простых выканаўцаў вышэйшых загадаў. І не толькі ў блізкай яму культурнай сферы, а выкрываў заганы народнай гаспадаркі і нават дрэннае кіраўніцтва ёю, у выніку чаго і нараджаліся праблемы і пралікі. Казалі, што такая смеласць была ангажавана самім Пятром Міронавічам Машэравым.

Але, я ў гэтым перакананы, народны пісьменнік Андрэй Макаёнак у сваёй творчасці не цураўся наватарства, быў найбольш разняволеным і свабодным, хоць ёрнічаць і злараднічаць на сцэне не імкнуўся. Смяяцца ён мог і ўмеў і ў жыцці, і на сцэне. Страх яму, відаць, быў не ўласцівы. Мо з таго яшчэ ваеннага часу, калі ў 1942 годзе атрымаў медаль «За Адвагу», а ў 1945 годзе ордэн Чырвонай Зоркі. Гэтая смеласць, дарэчы, праяўлялася і ў час яго працы галоўным рэдактарам часопіса «Нёман», які стаў адным з самых тыражных (больш за 100 тысяч экзэмпляраў!) і папулярных ва ўсім Савецкім Саюзе, друкаваў творы, якія не былі пазначаны любасцю ў асабліва прыдзірлівага начальства.

Андрэй Ягоравіч вызначаўся высокай працавітасцю. Ён не цураўся грамадскай работы, быў дэпутатам Вярхоўнага Савета Беларускай ССР, актыўнічаў у Саюзе пісьменнікаў, а калі ўлічыць, што, акрамя сваёй уласнай творчасці, перакладаў многія п’есы на беларускую мову, пісаў сцэнарыі да кінафільмаў, то вольнага часу ў яго было небагата.

Мне пашчасціла мець асабістыя сустрэчы з Андрэем Ягоравічам, бачыць і чуць яго на розных пісьменніцкіх форумах і мерапрыемствах. І кожны раз адкрываў для сябе нешта новае, тое, што ўражвала і запаміналася.

Хачу згадаць адзін прыватны эпізод не з творчага, а са звычайнага жыцця Андрэя Ягоравіча. Я згадваў пра гэта некалі ў звязку з прозвішчам народнага пісьменніка Івана Шамякіна.

Гэта было на пачатку 80-х гадоў мінулага стагоддзя. Нядаўні журналіст маладзёжнай газеты «Чырвоная змена», я толькі-толькі пачаў працаваць у аддзеле культуры ЦК КПБ, у сектары мастацкай літаратуры, загадваў якім паэт Сяргей Законнікаў. Як самы малады па стажы і адзіны ў сектары інструктар, відаць, як і кожны малады ў любым калектыве я мусіў быць найбольш мабільным, што называецца, на падхваце. А «падхвату» гэтага хапала.

Набліжаўся чарговы высокі юбілей самага першага ў савецкай дзяржаве чалавека — 75-годдзе Генеральнага сакратара ЦК КПСС Леаніда Ільіча Брэжнева (снежань 1981 года). І, вядома ж, патрабавалася сярод іншых бурапенна-хвалебна-абавязковых віншаванняў не горшае слова ад удзячнай беларускай інтэлігенцыі. Сіламі загартаваных хвалельшчыкаў з ліку партработнікаў яшчэ задоўга да юбілею быў створаны першапачатковы тэкст. Але «наверсе» — сакратары ЦК — не захацелі яго ўхваліць, нечага ім не хапала. І тады ўспомнілі, што ёсць жа і сама творчая інтэлігенцыя, за якую чамусьці заўсёды стараліся партыйныя чыноўнікі. Вырашылі, хай і творцы пашчыруюць над сваім жа віншаваннем. Наверсе вырашылі, а выконваць давялося нізам.

Што заставалася нам — угаворваць найбольш падатных з творчага цэха, каб прыклалі руку да звыкла высакапарных цэкоўскіх вымыслаў. Як правіла, не адмаўляліся — мо з-за разумення «грознай сілы» ЦК, а мо не хацелі падводзіць сваіх калег, бо ў аддзеле культуры заўсёды мелі пасады і пісьменнікі. Карпаратыўная ўзаемавыручка, так бы мовіць.

Адным словам, на гэты раз удалося ўгаварыць прызнанага мэтра драматургіі Андрэя Ягоравіча Макаёнка. На просьбу загадчыка аддзела культуры Івана Іванавіча Антановіча згадзіўся народны пагабляваць цэкоўскую «рыбу». Але папрасіў прывезці яе на дачу. Лёс пасыльнага выпаў мне.

Са строгім наказам без апрацаванага тэксту не вяртацца паехаў я на вядомую і знакамітую макаёнкаўскую дачу. Чаму ёй такія гучныя эпітэты? Бо менавіта яна дэталёва апісана ў рамане Івана Шамякіна «Атланты і карыятыды» як узор клапатлівага дбання пра сваё ўласнае гняздзечка для карыснага адпачынку і плённай творчасці. Мне хацелася на свае вочы ўбачыць гэты ўнікальны «аб’ект». Ды не собіла. Дачныя вароты аказаліся на замку. Як патлумачылі суседзі-відавочцы, Андрэй Ягоравіч па звычцы пайшоў праведаць Івана Пятровіча Шамякіна. А яго дача ў іншым масіве. Давялося ехаць туды.

Бяру тэкст прывітання і кіруюся ў браму дачы Івана Пятровіча. Туды павярнуў, сюды ступіў, пазіраю на ўсе вочы, дзе тут народныя загараюць. Аказваецца, у Івана Пятровіча застолле. З нагоды заканчэння рамонту дачы вырашыў пачаставаць майстроў. Убачыў мяне, устаў з-за стала:

— Праходзь, праходзь...

— Мне Андрэй Ягоравіч патрэбны, — нясмела тлумачу я.

— Тут ён, тут, — заспакоіў Іван Пятровіч.

У мяне адлягло ад сэрца. Але рана радаваўся. Яшчэ не ведаў, што чакае выпрабаванне, горшае за адсутнасць Макаёнка.

— Хадзі за стол, — прапанаваў Шамякін.

Не паспеў запярэчыць, як пачуўся голас Андрэя Ягоравіча:

— А-а, з ЦК. Ведаю, званіў Іван Іванавіч. Але спярша сядай за стол...

— Андрэй Ягоравіч, я ж на працы, — спрабую супраціўляцца. — Ды і часу бракуе...

— А калі бракуе, то й спяшайся назад, — зусім без усмешкі прамовіў Андрэй Ягоравіч.

 — Дык я ж...

— А гэта не мая справа, — апярэдзіў маё пярэчанне Макаёнак. — Хочаш мець дапамогу, далучайся да нас... Разам з рабочым класам і пачытаем, што вы там натварылі...

Ён меў на ўвазе будаўнікоў. А сам налівае мне стаграмоўку.

Вось дык задачка. І не пазвоніш жа Антановічу, каб параіцца, мабільнікаў тады не было. І я зусім не разумею: пацвельваецца з мяне Андрэй Ягоравіч ці праўду кажа, бо тон у яго зусім сур’ёзны. Няўжо наладзяць зараз гучную чытку? Пры ўсім застоллі?

На выручку прыйшоў Іван Пятровіч:

— Не палохай ты, Андрэй, хлопца. — І да мяне: — Сядай, сядай, вазьмі колькі грам. А пісьмо мы разам паглядзім.

Пот у мяне па спіне гарошынамі коціцца, лоб добра ўзмакрэў: паспрабуй з’явіцца ў ЦК падшафэ, ды яшчэ без патрэбнага тэксту, бо тое, што сёння яго не атрымаю, я зразумеў адразу...

— Не бойся, сядай, — супакойвае Іван Пятровіч. — Івана Іванавіча я ведаю, не будзе здымаць стружку. Калі што, я пазваню...

Што зробіш — з дзвюх бед выбіраю тую, дзе больш прыемнасці: сядаю на ўскраек крэсла...

— Не перажывай, заўтра атрымаеш свой тэкст, — ад такога Макаёнкавага супакаення ў мяне галава і праўда закружылася.

Заўтра... Гэта ж сапраўдная катастрофа. Што будзе, калі з’яўлюся без патрэбнага матэрыялу і ў непатрэбным выглядзе, мог ведаць толькі Іван Іванавіч.

Але нічога, абышлося, дзякаваць Богу, толькі гучнымі словамі ды папрокам:

— Я ж цябе не на п’янку пасылаў... А калі назаўтра я забраў пісьмо на мінскай кватэры Андрэя Ягоравіча, і тэкст гэты прынялі «наверсе», памякчэў і Іван Іванавіч.

Такое вось было маё баявое хрышчэнне ў высокім партыйным апараце і першае «нефармальнае» знаёмства з Андрэем Ягоравічам і Іванам Пятровічам.

А тэкст таго прывітання, другі яго экзэмпляр, з арыгінальнымі подпісамі (збіраць іх зноў жа давялося мне) самых выбітных беларускіх творцаў (вядома ж, Івана Шамякіна і Андрэя Макаёнка), некаторых нават беспатрыйных, захоўваецца ў мяне дагэтуль.

Анатоль БУТЭВІЧ

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Зміцер Жылуновіч. Таварыш пясняр

Зміцер Жылуновіч. Таварыш пясняр

Ён быў аўтарам Маніфеста аб абвяшчэнні Савецкай Беларусі, першым прэм'ер-міністрам рэспублікі, яго двойчы выключалі з партыі, ён мог стаць першым народным паэтам...

Грамадства

Трансфармацыя адукацыі: поўнае паглыбленне... у лічбу

Трансфармацыя адукацыі: поўнае паглыбленне... у лічбу

Ці спросціць «Электронная школа» жыццё педагогам і як гэта адаб'ецца на якасці ведаў?

Грамадства

Прэзідэнт зрабіў кадравыя прызначэнні

Прэзідэнт зрабіў кадравыя прызначэнні

Аляксандр Лукашэнка даў згоду на прызначэнне рэктараў і кіраўнікоў раёнаў і прадпрыемстваў.

Калейдаскоп

Чым здзівіў Беларускі тыдзень моды

Чым здзівіў Беларускі тыдзень моды

Пазнаёміцца з навінкамі ад беларускіх дызайнераў можна было на тыдні моды, які праходзіў у Мінску з 7 да 11 лістапада.