Вы тут

Новая паліклініка, гасцініца і скульптура заступніцы шахцёраў


Якія яшчэ падарункі чакаюць салігарчан да юбілею горада.

25 жніўня аднаму з самых маладых гарадоў Беларусі — Салігорску — спаўняецца 60 гадоў. Тут актыўна рыхтуюцца да юбілею. Добраўпарадкоўваюцца дваровыя тэрыторыі, скверы і паркі, уладкоўваюцца вуліцы, тратуары, будуюцца новыя аб'екты. Як горад сустрэне свята, расказаў «Звяздзе» старшыня райвыканкама Алег Паскробка.


— Калі казаць у цэлым, то ў раёне і горадзе задумана ажыццявіць сто пятнаццаць разнастайных праектаў. Шмат якія з іх ужо рэалізаваныя. Да юбілею і Дня горада, напрыклад, закончым будаўніцтва паліклінікі. Узвялі яе за дзесяць месяцаў. Такога выніку дазволіў дасягнуць той задзел, які зрабілі зараней, яшчэ ў кастрычніку мінулага года.

Цяпер на базе цэнтральнай раённай бальніцы адкрыты занальны цэнтр, які будзе аказваць спецыялізаваную медыцынскую дапамогу жыхарам не толькі горада, але і суседніх раёнаў. Салігорск расце, развіваецца, з'яўляюцца новыя жылыя забудовы. Новая ўстанова аховы здароўя забяспечыць якаснае абслугоўванне 18-га, 19-га, 21-га і 22-га мікрараёнаў. У нас была праблема са стаматалогіяй. Цяпер у аддзяленні з'явіцца сучаснае абсталяванне, якое дазволіць аказваць больш дасканалыя паслугі. Напрыклад, зрабіць 3D-пантаграфію, мамограф дапаможа своечасова распазнаць анкалогію малочнай залозы ў жанчын. Упершыню адкрыецца кансультацыйнае аддзяленне. Магутнасці паліклінікі — 400 наведванняў у змену.

Актыўна будуецца 21-ы мікрараён: пракладваем сеткі, інжынерныя камунікацыі, прыступілі да ўзвядзення першага жылога дома. Праектуецца ўладкаванне набярэжнай вадасховішча. Тут запланаваныя скейт-парк, дзіцячы парк. Наогул жа неабходна цалкам адкрыць для гараджан водную гладзь, каб яны маглі прагуляцца на скутарах, яхтах, катамаранах. На павестцы дня — уладкаванне партовай часткі, стварэнне годнай інфраструктуры. Мы звярнуліся ў адну з брэсцкіх вышэйшых навучальных устаноў з просьбай да будучых архітэктараў прыняць удзел у конкурсе на самае лепшае эскізнае рашэнне. Вызначылі прызавы фонд: 1000 рублёў за першае месца, за другое і трэцяе — па 500 рублёў. Толькі на добраўпарадкаванне берагоў вадасховішча неабходна восем мільёнаў рублёў без уліку розных культурных, забаўляльных аб'ектаў.

У развіццё горада значны ўклад уносіць «Беларуськалій». Са звычайнага інтэрната зрабіў шматкватэрны жылы дом калідорнага тыпу з уладкаванымі балконамі, больш высокай якасцю пражывання. Ідзе рэканструкцыя гасцініцы. Яна ў большай ступені разлічана на турыстаў. Але тыя, хто прыязджае да нас, павінны бачыць нашу гасціннасць, жыць у камфортных умовах.

— Алег Рыгоравіч, на вашу думку, чаго не хапае гораду?

— Мы кажам, што Салігорск — горад для жыцця, працы, адпачынку і рэалізацыі нейкіх дасягненняў. Нашым гараджанам не хапае спартыўных аб'ектаў, веладарожак, лыжаролерных трас, скейт-парка. Мабыць, у першую чаргу на набярэжнай. Мы над гэтым момантам працуем: праекціроўшчыкі прыступілі да работы. На жаль, ёсць пытанні па фінансаванні, але спадзяюся, што падтрымаюць мясцовыя прадпрыемствы. Гораду неабходныя дзіцячы парк, зала для заняткаў актыўнымі відамі спорту. Валейбольная каманда «Шахцёр» заняла першае месца ў чэмпіянаце краіны. А залы, дзе можна было б прымаць чэмпіянат міжнароднага ўзроўню, у нас няма. Такія памяшканні павінны быць разлічаны на дзве тысячы месцаў. Стадыёны «Шахцёр» і «Будаўнік» таксама не адпавядаюць патрабаванням міжнародных гульняў.

Нядрэнна было б пабудаваць амфітэатр на набярэжнай.

— Які турыстычны патэнцыял у Салігоршчыны, чым рэгіён можа здзівіць замежнага госця?

— Салігоршчына пачынаецца ад Капыльскай грады і цягнецца да Палесся.

Тут можна ўбачыць цікавыя прыродныя зоны: лес, тарфянікі, балоты. Красная Слабада зачароўвае сваімі азёрамі. Дастаткова ў нас аграсядзіб, аб'ектаў для палявання, рыбалкі. Нашы тэрыконы, як мы жартуем, гэта — малыя горы Беларусі. Карыстаецца папулярнасцю ў турыстаў лячэнне ў саляных пячорах, так званае спелеалячэнне.

Салігорск — горад даволі малады. Так, у нас няма старажытных палацаў, замкаў, манументальных гістарычных збудаванняў. Але паглядзець ёсць што. Памятнікі шахцёрам, Героям Савецкага Саюза Васілю Каржу і Васілю Казлову, а таксама — першы камень, які быў закладзены ў гонар заснавання горада. Архітэктурныя славутасці — Свята-Пакроўскі храм у вёсцы Чыжэвічы, каталіцкі касцёл Святога Францыска, самы вялікі ў Мінскай вобласці комплекс праваслаўнага кафедральнага сабора Раства Хрыстовага.

Госці могуць прагуляцца па «Сцежцы здароўя», якая праходзіць праз лес у мяжы горада, наведаць лядовы палац.

— У горадзе з'явіцца скульптура святой велікамучаніцы Варвары. Чым яна знакавая для салігарчан?

— Па паданні велікамучаніца Варвара жыла ў Сірыі ў пачатку ІV стагоддзя. Яна з'яўляецца заступніцай скалалазаў і гарнякоў. У Салігорску святую шануюць як заступніцу шахцёраў. Салігорск — малады горназдабывальны рэгіён. Большасць жыхароў працуюць на «Беларуськаліі». Праца на рудніках, пад зямлёй складаная і небяспечная. І святая Варвара стане своеасаблівым абярэгам і памочніцай у іх нялёгкай справе, свецкім сімвалам.

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Партызанскія рукапісы — бясцэнныя сведчанні ваеннага часу

Партызанскія рукапісы — бясцэнныя сведчанні ваеннага часу

Партызанскія часопісы — насамрэч унікальныя інфармацыйныя зборнікі, значэнне і важнасць якіх разумелі ў тым ліку іх стваральнікі і чытачы.

Грамадства

Беларускія навукоўцы прадставілі больш за 300 распрацовак і тэхналогій

Беларускія навукоўцы прадставілі больш за 300 распрацовак і тэхналогій

На юбілейнай выстаўцы Нацыянальнай акадэміі навук.

Эканоміка

Ніна Жалязнова: Мы, беларусы, па сваёй ментальнасці — людзі зямлі

Ніна Жалязнова: Мы, беларусы, па сваёй ментальнасці — людзі зямлі

«Звязда» ўжо неаднойчы пісала пра гэту незвычайную жанчыну.

Калейдаскоп

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Пра ўрокі іншай мовы і шчасце, калі ў доме гаспадар.