Вы тут

Праект «Новае жыццё ў абмен на накрыўкі» набірае абароты ў нашай краіне


У сталічным Батанічным садзе ў суботу, 25 жніўня, падчас акцыі «Першакласнае свята» можна ўзяць удзел і ў дабрачынным праекце «Новае жыццё ў абмен на накрыўкі». Усё вельмі проста: вы збіраеце пластыкавыя накрыўкі, прыносіце іх валанцёрам праекта ў спецыяльную зону і за кожныя 10 штук атрымліваеце шчаслівы білет, які дазваляе выйграць прызы. Чым болей накрывак, тым больш шанцаў выйграць.


Фота: kerknet.be

Праект «Новае жыццё ў абмен на накрыўкі» ў нашай краіне з'явіўся зусім нядаўна, у канцы мінулага года. Часам бацькі дзяцей з нервова-мышачнымі захворваннямі збіраюць грошы ў сацсетках. Ім патрэбныя каляскі, рэабілітацыя, апараты для дыхання і шмат чаго яшчэ. Разам з гэтым на беларускія сметнікі штогод трапляе 4000 тон пластыкавых накрывак. «Калі здаць іх на перапрацоўку, можна атрымаць не менш за 800 тысяч долараў», — лічыць юрыст з Ліды Наталля Кунцэвіч. Дзяўчына запусціла праект у Беларусі, каб збіраць пластыкавыя накрыўкі і дапамагаць хворым дзецям па ўсёй краіне хутчэй «закрываць» грашовыя зборы. Пачынала Наталля з ідэі, у якую мала хто верыў. Маўляў, ніхто не захоча збіраць накрыўкі асобна ад бутэлек. Сёння да праекта далучылася больш за сотню школ, прадпрыемстваў (у тым ліку Мілавіца, БМЗ, Беларуськалій, БелАЗ), банкаў і гіпермаркетаў у 50 гарадах і іншых населеных пунктах па ўсёй краіне.

— Я шукала ў інтэрнэце праект, які змог бы дапамагчы знаёмаму хлопчыку з дыягназам ДЦП, — расказвае адна з каардынатараў праекта Юлія Морхат. — У сакавіку гэтага года я далучылася да праекта «Новае жыццё ў абмен на накрыўкі», распаўсюджвала інфармацыю ў школах, карэкцыйным цэнтры, магазінах, прадпрыемствах свайго горада — Глыбокага. Там устанавілі спецыяльныя кантэйнеры, і сёння мы сабралі больш за 150 кілаграмаў накрывак. А летам падчас форума «Тата, твой выхад» мы зарабілі сродкі для вырабу і ўстаноўкі першага ў краіне вулічнага кантэйнера.

Людзі прыносяць пластыкавыя накрыўкі ад звычайных бутэлек з-пад вады, ёгуртаў, малака, кавы, шампуняў, сланечнікавага алею — тое, што ёсць у кватэры ў кожнага. Калі сумняваецеся, падыходзіць накрыўка ці не, паглядзіце на яе ўнутраны бок. Там павінна быць маркіроўка 2, 4 ці 5. Ва ўстаноўлены дзень накрыўкі збіраюць і вывозяць на склад. Адтуль яны вялікай партыяй накіроўваюцца на завод пад Масквой. Перапрацоўчае прадпрыемства плаціць грошы за накрыўкі праекту (у Беларусі адна тона каштуе 200 долараў, у Расіі можна прадаць даражэй).

А далей «Новае жыццё ў абмен на накрыўкі» пераводзіць увесь прыбытак на рахунак падапечнага дзіцяці з захворваннямі нервовай сістэмы і касцей (у тым ліку з эпілепсіяй, ДЦП, пухлінамі і траўмамі галаўнога і спіннога мозга). Калі на рахунку збіраецца патрэбная сума, праект з дапамогай экспертнага савета медыкаў выбірае наступнага падапечнага.

За год працы праект плануе сабраць 240 тысяч долараў, якія накіруе на дапамогу цяжкахворым дзецям. Да канца года плануецца ўстанавіць 58 вялікіх і 10 сярэдніх кантэйнераў у буйных гандлёвых пунктах Мінска. А з верасня да праекта далучаецца 100 школ і дзіцячых садкоў у Маскоўскім раёне сталіцы.

Ідэя праекта «Новае жыццё ў абмен на накрыўкі» распаўсюджана ў 44 краінах свету. У Германіі 50 мільёнаў накрывак ператварыліся ў 100 тысяч вакцын ад поліяміеліту для дзяцей з Нігерыі. У Іспаніі — у мільён еўра на медыцынскае абсталяванне для 139 малых. Ва Украіне сабралі 21 тону на пратэзы для ветэранаў вайны. У Нідэрландах накрыўкі дапамагаюць будаваць навуковы цэнтр па даследаванні дзіцячай анкалогіі. У Аўстрыі «за накрыўкі» набываюць цацкі для дзяцей з малазабяспечаных сем'яў.

Алена КРАВЕЦ

Загаловак у газеце: Новае жыццё ў абмен на... накрыўкі

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».