Вы тут

Якія тэсты трэба здаваць, каб праверыць сваё здароўе


Ці трэба здароваму чалавеку здаваць аналізы? Якую лабараторыю (дзяржаўнай паліклінікі ці платнага медыцынскага цэнтра) пры гэтым выбраць? Чаму пацыенты нярэдка ігнаруюць патрабаванні да здачы аналізаў і якія памылкі мы робім, калі ідзём іх здаваць? Пра гэта расказала загадчык клініка-дыягнастычнай лабараторыі 11-й гарадской паліклінікі г. Мінска Наталля МАСКАЛЁВА.


— Наталля Васілеўна, навошта здароваму чалавеку здаваць аналізы?

— Раз на год нікому не пашкодзіць здаць агульны клінічны аналіз, які ўключае агульны аналіз крыві, агульны аналіз мачы і кроў на глюкозу. Гэта варта рабіць для кантролю свайго здароўя. Калі з названымі аналізамі ў вас усё ў парадку, нейкі час можна не турбавацца, бо любое захворванне, у тым ліку і анкалагічнае, дасць змены ў паказчыках. Пра многае можа расказаць узровень гемаглабіну ў агульным аналізе крыві. Калі ён паніжаны, гэта можа быць анемія і трэба шукаць яе прычыны, так праяўляць сябе можа, напрыклад, і анкалагічнае захворванне. Але ўбачыўшы ў аналізе паніжаны гемаглабін, не варта панікаваць. Яго ўзровень у многім залежыць ад узросту пацыента, яго анамнезу, таму толькі ўрач дае ўсе далейшыя тлумачэнні і прызначае пры неабходнасці дадатковыя абследаванні.

Павышаны паказчык узроўню лейкацытаў у агульным аналізе крыві можа сведчыць аб наяўнасці ў арганізме запаленчых працэсаў. Ацаніўшы яго ў сукупнасці з САЭ (скорасць асядання эрытрацытаў) і лейкацытарнай формулай, урач робіць выснову, які працэс праходзіць у нашым арганізме — вірусная ці бактэрыяльная інфекцыя.

Па агульным аналізе мачы мяркуюць найперш аб здароўі мочавыводзячай сістэмы. Каб выявіць узровень пашкоджання — ныркі гэта, мачавы пузыр, мачаточнік ці ўрэтра — у паліклініцы прызначаюцца розныя метады: агульны аналіз, аналіз мачы па Нічыпарэнку ці па Зімніцкім, трохшклянкавая проба. Гэта простыя і вельмі інфарматыўныя метады, і кіруючыся іх вынікамі разам з клінічнымі данымі можна ставіць дакладны дыягназ ці прызначаць дадатковае абследаванне, той жа бактэрыялагічны пасеў, які дазваляе выявіць узбуджальніка інфекцыі. Таму ігнараваць аналіз мачы не трэба.

Аналіз крыві на глюкозу, або, як кажуць, «на цукар», у першую чаргу дазваляе дыягнаставаць цукровы дыябет — біч сучаснага грамадства, які сёння паражае не толькі людзей сталых, але і маладых. Таксама ён дапамагае своечасова выявіць парушэнне глікеміі нашча і дае падставы ўрачу прызначыць прафілактычныя мерапрыемствы, якія дазволяць прадухіліць пераход яе ў цукровы дыябет. У такім выпадку, як правіла, рэкамендуюць змяненні ладу жыцця: рацыянальнае харчаванне, павелічэнне фізічнай актыўнасці для зніжэння вагі і іншае. Таму ўсім нам важна перыядычна здаваць аналіз крыві на цукар, і гэта проста неабходна людзям, якія маюць спадчынную схільнасць да цукровага дыябету.

— Ці ёсць дадатковыя фактары рызыкі, з якімі мы павінны часцей здаваць тыя ці іншыя аналізы?

— У рамках усеагульнай дыспансерызацыі ваш участковы ўрач у адпаведнасці з клінічнымі пратаколамі вызначае, якія абследаванні вам неабходныя. Калі вам больш за 40 гадоў, то трэба раз на два гады здаваць кал на схаваную кроў, агульны аналіз крыві, агульны аналіз мачы, аналіз крыві на глюкозу, біяхімічны аналіз крыві на шэраг паказчыкаў. Калі гэта малады чалавек, то аналізы прызначаюцца па медыцынскіх паказаннях.

Фота: u-f.ru

— Якія памылкі робяць пацыенты пры здачы аналізаў?

— Найперш матэрыял для аналізу неабходна збіраць у аднаразовыя шкляныя ці пластыкавыя кантэйнеры, якія прадаюцца ў аптэках. Сёння некаторыя пацыенты прыносяць яго ў... поліэтыленавых пакетах, слоіках з-пад ёгурту ці крэму, нават не заўсёды памытых, запалкавых пачках. Вельмі важна, каб у слоіку не было пабочных рэчываў. Падчас аналізу выкарыстоўваюцца розныя хімічныя рэагенты, і яны ўступаюць у рэакцыю ў тым ліку і з рэчывамі, што знаходзяцца на сценках ёмістасці, — вынік атрымліваецца неаб'ектыўны. Калі мачу збіраюць у ёмістасць з-пад крэму ці ёгурту, там могуць прысутнічаць кроплі тлушчу і бактэрыі ў вялікай колькасці, што або ўвогуле не дазваляе правесці аналіз, або дае падставы меркаваць аб нейкай складанай паталогіі, якая патрабуе дадатковага абследавання і сур'ёзнай тэрапіі. Канешне, мы такія матэрыялы не прымаем і робім пазнаку: дэфект забору матэрыялу. Пацыенты павінны разумець: калі ёсць патрабаванні, іх трэба прытрымлівацца. Прычым яны ўніверсальныя і іх не так шмат: прыходзіць нашча, без фізічных нагрузак, не ўжываючы напярэдадні алкаголь, не курыць мінімум восем гадзін, матэрыял збіраць у сухі стэрыльны посуд.

— На што ўплывае курэнне?

— Яно павышае колькасць лейкацытаў і эрытрацытаў у крыві. А сапраўдны лейкацытоз можа сведчыць аб сур'ёзных захворваннях. Рост эрытрацытаў вядзе да павелічэння вязкасці крыві, што можа шкодзіць сілкаванню розных органаў.

— Чаму перад здачай аналізу крыві на халестэрын нельга ўжываць тлустую ежу?

— Ужыванне ежы прыводзіць да завышэння розных паказчыкаў, у тым ліку халестэрыну. Для вызначэння яго ўзроўню, а таксама некаторых іншых паказчыкаў біяхімічнага аналізу, выкарыстоўваюцца аптычныя прыборы, якія рэгіструюць пэўную мутнасць крыві. Пасля ўжывання тлустай ежы ў першыя некалькі гадзін наша кроў застаецца мутнай — да той пары, пакуль тлушчы не адправяцца на метабалізм. Таму і патрабуецца вытрымаць рэжым галадання, каб кроў ачысцілася і даныя аналізу былі аб'ектыўныя.

Патрабаванне: прыходзіць у лабараторыю не еўшы, часта ігнаруюць, між іншым, маладыя людзі, якім лабараторныя даследаванні прызначаны па агульным захворванні ці для прафагляду, каб атрымаць допуск да працы. Гэта мы бачым па высокім узроўні глюкозы. Такія пацыенты здаюць аналізы «для ўрача», а не для ацэнкі стану ўласнага здароўя. Усе патрабаванні для здачы аналізаў, дарэчы, можна знайсці на сайтах паліклінік. Хацелася б, каб пацыенты іх чыталі і выконвалі.

— Ці варта самастойна расшыфроўваць вынікі сваіх аналізаў? Зараз у інтэрнэце таксама дастаткова інфармацыі на гэтую тэму...

— Сапраўды, пацыенты часта патрабуюць у нас свае вынікі, але паводле закона, інтэрпрэтуе і паведамляе вынік толькі лечачы ўрач, які ведае стан здароўя пацыента, яго ўзрост і іншае. Ён мае дастатковую кампетэнцыю, каб супаставіць даныя і растлумачыць той ці іншы вынік. Таму не варта самому імкнуцца іх расшыфраваць.

— Чаму вынікі аналізаў могуць адрознівацца ў дзяржаўнай паліклініцы і платным цэнтры?

— Часам менавіта па названай прычыне: першапачаткова пацыент не рыхтуецца да аналізу або няправільна збірае матэрыял і, незадаволены вынікам у паліклініцы, ідзе ў платны цэнтр, дзе здае аналіз паўторна, больш пільна ставячыся да падрыхтоўкі.

— Насамрэч наколькі важна, дзе здаваць аналіз: у паліклініцы ці платнай лабараторыі?

— Лічу, што вялікай розніцы няма, адзінае — хуткасць выканання даследавання. Агульны аналіз крыві і мачы можна здаваць у любой дзяржаўнай паліклініцы. Ва ўсіх ёсць неабходныя матэрыялы і абсталяванне, праводзіцца кантроль якасці кожнага даследавання. Не варта скептычна ставіцца і да варыянта, калі аналіз выконваецца ручнымі методыкамі. На сёння аўтаматызацыя не можа цалкам замяніць ручныя метады, напрыклад мікраскапію.

Алена КРАВЕЦ

Загаловак у газеце: Аналізы раскажуць усё

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».