Вы тут

Што рабіць, каб навучэнцы не замянялі здаровае харчаванне піцамі?


Якім павінна быць дзіцячае харчаванне: смачным ці карысным? А ці можна зрабіць яго адначасова і смачным, і карысным, асабліва ў школьнай сталовай? У Навукова-практычным цэнтры НАН Беларусі па харчаванні вырашылі з дапамогай анкетавання расставіць усе кропкі над «і».


— Мы дамовіліся з Міністэрствам адукацыі, што ў анкетаванні будуць удзельнічаць амаль усе школы, — расказаў начальнік аддзела харчавання НПЦ па харчаванні Валерый ШЫЛАЎ. — Нас цікавіць, як ацэньваюць школьнае харчаванне самі вучні, іх бацькі і педагогі, і на падставе атрыманай інфармацыі будзем рабіць высновы.

Аўтараў анкеты, у прыватнасці, цікавіць ступень задаволенасці якасцю харчавання ў школе, складаннем меню, арганізацыяй рэжыму харчавання, санітарным станам сталовай... Запоўніць анкету можна на сайце Навукова-практычнага цэнтра НАН па харчаванні.

На думку Валерыя Шылава, школам трэба больш актыўна ўкараняць такую сістэму арганізацыі харчавання, як шведскі стол.

— У навучальных установах, дзе дзеці могуць выбіраць з прапанаваных страў, адходаў практычна не бывае. Акрамя таго захоўваецца прынцып разнастайнасці — адзін з асноўных у здаровым харчаванні, — падкрэсліў спецыяліст. — Думаю, што трэба задумацца і пра ўвядзенне кантэйнернага харчавання, якое магло б вырашыць шэраг праблем: і з бяспечнасцю харчавання, і з карупцыйным складнікам арганізацыі гэтага працэсу...

Але не ўсе падзяляюць яго думку.

— Школьнае харчаванне нясе яшчэ і выхаваўчую функцыю: сервіроўка сталоў, сталовыя прыборы, сурвэткі — усё накіравана на выхаванне культуры харчавання ў навучэнцаў, — падкрэслівае выконваючая абавязкі загадчыка аддзялення гігіены дзяцей і падлеткаў Мінскага гарадскога цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Ірына ПАЗНЯК. — Салата, па нашых патрабаваннях, абавязкова павінна быць у асобным посудзе. Пэўная тэмпература страў таксама ўплывае на смакавыя рэцэптары. Што датычыцца шведскага стала, то гэту мадэль праблематычна прымяніць на перапынку, які доўжыцца 10—15 хвілін. Каб школьнікі паспелі за гэты час падсілкавацца, сталы ім накрываюць загадзя.

У сталіцы ёсць прыкладна 5—7 устаноў адукацыі, дзе дзейнічаюць элементы шведскага стала: гэта мадэль больш падыходзіць для старшых школьнікаў, якія не будуць штурхацца ў чарзе, якія ўжо могуць зрабіць свядомы выбар. Яна мала падыходзіць для вучняў сярэдніх класаў і зусім не падыходзіць для малодшых школьнікаў.

Між іншым, выбарачнае анкетаванне, праведзенае санітарнай службай некалькі гадоў таму, паказала, што на першым месцы сярод прычын, па якіх дзеці адмаўляюцца харчавацца ў школе, стаіць знешні выгляд кухараў. Калі дзіця ўбачыць неакуратнага работніка сталовай ці ў кухара будуць брудныя рукі, яно ніколі не будзе там харчавацца. Эстэтычны бок (знешні выгляд абслуговага персаналу, сервіроўка сталоў, посуд, афармленне памяшканняў сталовых, мэбля) насамрэч вельмі важны.

А ці ведаеце вы, чаму дзеці адмаўляюцца піць у школьнай сталовай чай ці кампот? Таму што яны ім здаюцца занадта салодкімі. І зусім небеспадстаўна...

— Харчовыя звычкі змяняюцца. Гэта раней мы ўсе пілі чай з дзвюма лыжкамі цукру, — разважае загадчыца аддзялення гігіены дзяцей і падлеткаў Рэспубліканскага цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Ала МАЛАХАВА. — А хто цяпер так робіць дома? Таму наша рэкамендацыя — зменшыць у рацыёне школьнікаў утрыманне цукру. Мы накіравалі ліст на адрас усіх дзяржаўных органаў — Міністэрства антыманапольнага рэгулявання, абласных выканкамаў, Міністэрства адукацыі — з рэкамендацыяй у рэцэптурах страў для школьнікаў паменшыць утрыманне цукру на 30—35 працэнтаў і солі — на 20—25 працэнтаў. Штогод у краіне сярод дзіцячага насельніцтва рэгіструюцца 300 новых выпадкаў цукровага дыябету і 400 выпадкаў гіпертэнзіі. З гэтым трэба штосьці рабіць!

Ала Малахава ўдакладніла, што па рэкамендацыях Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, дзеці павінны атрымліваць 5-6 грамаў солі ў суткі, а ў Беларусі ў нормах харчавання прапісаны 8-9 грамаў. Таксама ў сувязі з тым, што дзеці недастаткова атрымліваюць у нас малака і, адпаведна, кальцыю, цяпер абмяркоўваецца на ўзроўні міністэрстваў увядзенне ў рацыён школьнікаў дадатковага малака ці кісламалочных прадуктаў. Бацькам, дзеці якіх харчуюцца за ўласныя сродкі, таксама будзе прапанавана дадаткова выкарыстоўваць у рацыёне малако і малочныя прадукты.

Спецыяліст нагадала, што перапынкі паміж прыёмам ежы ў дзяцей не павінны перавышаць 3,5—4 гадзіны. Пра гэта павінны памятаць бацькі, якія адпраўляюць сваё дзіця ў школу. А калі вучань знаходзіцца ва ўстанове адукацыі да вечара, то трэба паклапаціцца пра дадатковы прыём ежы, няважна дзе: у сталовай, буфеце ці ў школьным кафэ. Сем-восем гадзін без харчавання — гэта проста недапушчальна!

Што датычыцца школьных буфетаў, то не сакрэт, што часта там прадаюцца прадукты, якія не маюць аніякага дачынення да здаровага харчавання:

— Самая галоўная праблема ў тым, што дырэктары школ не лічаць школьны буфет сваёй тэрыторыяй, — канстатуе Ала Малахава. — А менавіта кіраўнік установы павінен дыктаваць, што там прадаваць. Трэба ўстаць на пазіцыі здаровага харчавання, зменшыць там прысутнасць кандытарскіх вырабаў, прысмакаў і іншай некарыснай ежы.

У асартыменце буфетаў павінны прысутнічаць сокі, фруктовыя або пладовыя нектары, агароднінныя, малочныя, кісламалочныя прадукты, у тым ліку ўзбагачаныя мікранутрыентамі. Рэкамендуецца таксама продаж гематагену, мармеладу і зефіру. А вось асартымент цукерак, шакаладных батончыкаў, карамелі, пячэння трэба абмежаваць.

Намеснік начальніка аддзела грамадскага харчавання галоўнага ўпраўлення спажывецкага рынку Мінгарвыканкама Марына Дзьякава расказала, што ў Мінску да новага навучальнага года распрацавалі адзінае для ўсіх школ двухтыднёвае меню. Рацыён распрацаваны для розных узроставых груп навучэнцаў: ад 6 да 10 гадоў, ад 11 да 13 і ад 14 да 17 гадоў. Пры складанні меню ўлічваліся патрабаванні ў плане захавання сезоннасці, рацыянальнага размеркавання агульнай каларыйнасці сутачнага рацыёну, аптымальных суадносін харчовых рэчываў (бялкоў, тлушчаў і вугляводаў), выкарыстання прадуктаў, дазволеных для харчавання дзяцей. Таксама стравы не могуць паўтарацца ў меню два дні запар. У сталіцы харчаванне вучняў арганізуюць дзевяць раённых камбінатаў школьнага харчавання. Яны абслугоўваюць 251 аб'ект пры ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі. Гарачым харчаваннем ахоплена 96 працэнтаў школьнікаў.

Надзея НІКАЛАЕВА

Загаловак у газеце: Школьны абед: смачна, карысна, прыгожа

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Партызанскія рукапісы — бясцэнныя сведчанні ваеннага часу

Партызанскія рукапісы — бясцэнныя сведчанні ваеннага часу

Партызанскія часопісы — насамрэч унікальныя інфармацыйныя зборнікі, значэнне і важнасць якіх разумелі ў тым ліку іх стваральнікі і чытачы.

Грамадства

Беларускія навукоўцы прадставілі больш за 300 распрацовак і тэхналогій

Беларускія навукоўцы прадставілі больш за 300 распрацовак і тэхналогій

На юбілейнай выстаўцы Нацыянальнай акадэміі навук.

Эканоміка

Ніна Жалязнова: Мы, беларусы, па сваёй ментальнасці — людзі зямлі

Ніна Жалязнова: Мы, беларусы, па сваёй ментальнасці — людзі зямлі

«Звязда» ўжо неаднойчы пісала пра гэту незвычайную жанчыну.

Калейдаскоп

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Пра ўрокі іншай мовы і шчасце, калі ў доме гаспадар.