Вы тут

Як дыхтоўна падрыхтавацца да халадоў?


Да надыходу халадоў засталося зусім нічога. Менавіта таму канец жніўня — самы час правесці праверку патэнцыйна небяспечных месцаў з проціпажарнага пункту гледжання ва ўласным доме. Як правіла, гэта пячное абсталяванне і электрычная праводка.


— У Мінскай вобласці па-ранейшаму ў сельскай мясцовасці, ды і часта ў раённых цэнтрах для ацяплення жылля выкарыстоўваюць печку, — кажа афіцыйны прадстаўнік Міністэрства па надзвычайных сітуацыях па Мінскай вобласці Анастасія Швайбовіч. — Шмат дзе іх узрост ужо вельмі паважны.

Сіноптыкі абяцаюць, што ночы ў найбліжэйшыя дні будуць ужо халаднаватыя. Таму самы час праверыць, наколькі ж печка не прапускае куродым у жылое памяшканне. Сценкі печкі і комін трэба пабяліць, а пасля ў ёй прапаліць. Калі недзе ў корпусе з'явіліся трэшчыны — дым іх «падсвеціць», як на фотаплёнцы. Іх і трэба затынкаваць. Таксама паміж печчу і сцяной абавязкова павінна быць так званая адступка — паветраны прамежак, які будзе выконваць ролю цеплавога ізалятара для дрэва.

Паказальным з'яўляецца выпадак, які адбыўся ў Мар'інай Горцы 14 мая. На вуліцы Кірава загарэўся прыватны дом. Ратавальнікі, якія прыбылі на месца падзей, выявілі, што ўнутры драўлянай пабудовы адбываецца адкрытае гарэнне. У пакоі пасля яны знайшлі целы дзвюх жанчын. Адной з іх было 94 гады, другой — 70. Узгаранне адбылося з-за няспраўнай печкі. Пажар таксама знішчыў дах на плошчы ў 25 квадратных метраў і маёмасць унутры дома.

Не з'яўляецца выключэннем з проціпажарнай прафілактыкі і гарышча. Натуральна, што ўчастак коміна, які там праходзіць, не можа кантралявацца гаспадаром у пастаянным рэжыме. Акрамя таго, ёсць у коміне адно «слабае» месца — там, дзе ён судакранаецца з драўлянымі перакрыццямі даху.

Абысці гэты момант можна далёка не заўжды, але выйсце ёсць: дастаткова зрабіць больш моцную кладку ў гэтым месцы. Сам комін таксама трэба прачысціць ад сажы — тым больш што надвор'е гэтаму спрыяе. Для комінаў таксама нельга выкарыстоўваць керамічныя, азбестацэментныя і металічныя трубы. Дапускаецца толькі звычайная гліняная цэгла.

Ліпень у гэтым годзе выдаўся багаты на дажджы. Па даных Белгідрамета, месцамі па краіне выпала нават тры месячныя нормы ападкаў! Дажджы нярэдка былі інтэнсіўныя і суправаджаліся градам. Усё гэта магло пашкодзіць герметычнасць цаглянай кладкі коміна. Што пасля можа выклікаць і пажар.

— Падчас работы печкі з топачнай адтуліны можа выпадкова выпасці гарачае вуголле, — працягвае Анастасія Швайбовіч. — Прапаліць драўляную падлогу для яго — справа некалькіх секундаў. Каб гэтага не адбылося, трэба перад топкай прыбіць металічны ліст памерам не менш за 50х70 сантыметраў. Пашкоджаны ліст лепш замяніць. Ну а калі печка ў вашым доме ўжо разабрана або яе ролю спачатку выконваў газавы кацёл, то для яго абслугоўвання трэба зрабіць заказ у спецыялізаваную арганізацыю. Таксама нельга каля печкі складзіраваць рэчы, зробленыя з гаручых матэрыялаў: мэблю, вопратку, паперу... Іх трэба аднесці на адлегласць не менш чым паўтара метра.

Яшчэ адна патэнцыйная крыніца небяспекі — электраправодка. Чым меншая даўжыня светлавога дня, тым больш часу мы праводзім пад дахам. А праводка шмат дзе не мянялася дзесяцігоддзямі, ды і фізічны знос скруткаў дратоў і аслабленне зацягнутасці кантактаў ніхто не адмяняў. У той жа час колькасць прыбораў за гэты час павялічылася. Менавіта таму нельга ўключаць некалькі магутных апаратаў адначасова ў адну разетку.

Распазнаць тое, што электрасетка перагружана, вельмі проста. Індыкатар гэтага — калі пры ўключэнні любога прыбора лямпачка пачынае гарэць крыху цямней. У такім разе трэба тэрмінова вызываць спецыяліста, каб ён выправіў становішча.

Пры гэтым трэба памятаць, што частку работ можна правесці толькі ў цёплую пару года. Да іх адносяцца, напрыклад, рамонт цаглянай кладкі на гарышчы або замена электрычнай праводкі на адкрытым паветры. Таму не губляйце вельмі каштоўны час, пакуль лета нас яшчэ песціць цёплымі дзянькамі.

— Мы рэкамендуем усталяваць аўтаномны пажарны апавяшчальнік, калі яго па якіх-небудзь прычынах у вас няма, — кажа Анастасія Швайбовіч. — Значная частка пажараў узнікае ўначы, калі людзі спяць. Ува сне мы не чуем ніякіх пахаў, і таму чадны газ заб'е чалавека за лічаныя хвіліны. Апавяшчальнік жа разбудзіць гаспадара хаты і дапаможа знайсці крыніцу ўзгарання на ранняй стадыі. Так, сёлета ў Мінскай вобласці гэтыя невялічкія прыборы ўратавалі адзінаццаць жыццяў! Канешне, прыбор мусіць пастаянна ўтрымлівацца ў рабочым стане.

Са свайго досведу: адной батарэі для апавяшчальніка хапае сама меней на год. Калі ж зарад пачынае набліжацца да нуля, апавяшчальнік пачынае пра гэта сігналіць. Батарэі сілкавання тыпу «Крона» прадаюцца ў любой краме гаспадарчых тавараў і каштуюць у межах 1-2 рублёў. Пагадзіцеся, гэта невялікі кошт уласнай бяспекі.

Тым часам

З 20 жніўня па 21 верасня ў краіне праходзіць рэспубліканская акцыя «У цэнтры ўвагі — дзеці». У гэтыя дні ратавальнікаў і актывістаў Беларускай маладзёжнай грамадскай арганізацыі ратавальнікаў-пажарных можна сустрэць у гандлёвых цэнтрах, дзе прадаюцца тавары для школы. Яны нагадаюць дзецям і дарослым жыццёва неабходныя правілы бяспекі. З 1 па 14 верасня супрацоўнікі МНС перамесцяцца ў школы. Яны прымуць удзел ва ўрачыстых школьных лінейках, правядуць першыя ўрокі бяспекі. А з 17 верасня ратавальнікі прыйдуць да самых маленькіх — у дзіцячыя садкі. Яны арганізуюць тэатралізаваныя прадстаўленні і гульні. А аб правілах бяспекі раскажуць героі спецыялізаванага мультсерыяла «Чароўная кніга».

Валяр'ян Шкленнік

Загаловак у газеце: Рэвізія перад зімой

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».