Вы тут

Узрост для наведвальнікаў казіно павялічылі да 21 года


Гэта мера прадугледжана Указам Прэзідэнта № 305 «Аб удасканаленні прававога рэгулявання ігральнага бізнесу».


«У Рэспубліцы Беларусь ужо быў рэалізаваны шэраг мер, якія накіраваны на сацыяльную абарону грамадзян. Гэта і механізм самаабмежавання, і абарона асоб, якія не ўсведамляюць, што ў іх ужо ёсць прывязанасць да азартных гульняў. Тым не менш яны ставяць сваіх родных у цяжкае матэрыяльнае становішча, адпаведна сваякі могуць праз судовы парадак абмежаваць такіх асоб. Шырокая дыскусія была ў грамадстве на прадмет таго, ці дастаткова 18 гадоў, каб абмежаваць асобе наведванне ігральных устаноў. Таму мы з улікам сусветнага вопыту глыбока вывучылі гэтае пытанне, і кіраўнік дзяржавы пагадзіўся з прапановай, каб павялічыць узроставы парог», — паведаміў Уладзімір Муквіч, намеснік міністра па падатках і зборах, падчас сустрэчы ў Нацыянальным прэс-цэнтры.

Новаўвядзенні прадугледжваюць і іншыя меры кантролю. Дакладна вызначаны месцы, дзе арганізатары гульняў павінны ўстанавіць відэакамеры, — пры ўваходзе, у залах, каля кас, дзе выплачваюцца выйгрышы.

Прынцыпова прагрэсіўны характар дакумента ў тым, што ўпершыню прапісаны механізмы легалізацыі віртуальных казіно. У Рэспубліцы Беларусь гэта дзейнасць была забаронена. Па словах спецыялістаў, росту колькасці анлайн-казіно не будзе, таму што ўмовы рэгістрацыі дастаткова жорсткія. Асноўнае патрабаванне — устаноўка спецыяльных камп'ютарных касавых сістэм, з дапамогай якіх ажыццяўляецца дзяржаўны кантроль гэтага бізнесу. Неабходны залогавы фонд для арганізатараў гульняў, які б забяспечваў выплаты. Яшчэ адзін момант — надзейная сістэма абароны персанальнай інфармацыі аматараў азартных гульняў.

Указ змяшчае і меры лібералізацыі для арганізацый, якія праводзяць азартныя гульні.

«Пры ўключэнні мадэляў гульнявых аўтаматаў у дзяржаўны рэестр прадугледжана, што могуць прымацца выпрабаванні аўтаматаў, якія праводзіліся ў замежных лабараторыях. Раней гэтай магчымасці не было. З прыняццем указа крыху спрашчаюцца ўмовы ўключэння гульнявых аўтаматаў у дзяржаўны рэестр. Яшчэ адно спрашчэнне вядзення бізнесу — адмена абавязку рэгістрацыі гульнявых аўтаматаў у падатковых органах. Дзейнасць у сферы ігральнага бізнесу вялася такім чынам, што абсталяванне для гульні рэгістравалася ў падатковым органе і яго можна было выкарыстоўваць толькі пасля таго, як яно падключалася да спецыяльнай камп'ютарнай касавай сістэмы. Гэта павялічвала прамежак часу з моманту набыцця абсталявання», — расказаў Уладзімір Муквіч.

Цяпер рэгістраваць у падатковых органах прылады не трэба, гэта функцыя будзе сумешчана з падключэннем аўтамата да касавай сістэмы.

Сапраўдны джэк-пот для ўладальнікаў казіно — змяншэнне стаўкі падаткаў на 50 %, калі абсталяванне выкарыстоўваецца ў падатковым перыядзе менш за 15 дзён, і магчымасць затрымаць выплату выйгрышу ў спрэчных выпадках.

Калі раней букмекерскія канторы прымалі стаўкі з інтэрнэту, то цяпер такую дзейнасць могуць ажыццяўляць толькі віртуальныя ігральныя ўстановы.

Для таго каб установы змаглі прыстасавацца да змен, закон прадугледжвае пераходны перыяд да 1 красавіка 2019 года.

З красавіка 2021 года магчыма блакіроўка віртуальных казіно, якія не атрымалі ліцэнзію.

Будуць удасканальвацца і меры ідэнтыфікацыі карыстальнікаў віртуальных казіно. Прапаноўваецца вэб-ідэнтыфікацыя і з выкарыстаннем лічбавага подпісу.

Марыя ДАДАЛКА

Загаловак у газеце: Правілы гульні

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».