Вы тут

Іна Мядзведзева адказала на пытанні журналістаў


Напярэдадні Дня работнікаў дзяржаўнай статыстыкі, які адзначаецца 23 жніўня, старшыня Нацыянальнага статыстычнага камітэта Іна Мядзведзева адказала на пытанні журналістаў.


Новае ў перапісу

Першы блок пытанняў датычыўся перапісу, які адбудзецца з 4 да 30 кастрычніка 2019 года. Праграма яго правядзення ўжо зацверджана Саветам Міністраў. У апытальніку змешчана 49 пытанняў.

Разам з традыцыйнымі пытаннямі (пол, узрост, адукацыя, памер хатняй гаспадаркі і г. д.) будуць прапанаваны новыя. Пашыраны міграцыйны блок. Будуць пытанні, якія датычацца дадатковай адукацыі. З улікам сітуацыі ў дэмаграфіі, статыстыкі спытаюць у жанчын пра жаданне нараджаць дзяцей.

Асноўная навіна апытальніка 2019 года — тэма сельскай гаспадаркі. Статыстыкі пацікавяцца пра наяўнасць пладова-ягадных насаджэнняў, кустоў, жывёл, птушак і пчоласем'яў. «Гэта трэба толькі для органаў дзяржаўнай статыстыкі, ніякія падатковыя і іншыя органы атрымліваць гэтую інфармацыю не будуць. Гэта з'яўляецца першаснай канфідэнцыяльнай інфармацыяй», — запэўніла старшыня статыстычнага камітэта.

Рыхтуючыся да перапісу, зараз органы дзяржаўнай статыстыкі разам з мясцовымі органамі ўлады і жыллёва-камунальнымі службамі ўдакладняюць адрасную гаспадарку. У лістападзе падключацца рэгістратары, якія, каб улічыць кожнага, хто пражывае ў Беларусі, будуць рэгістраваць усе памяшканні, дзе магчыма пражыванне людзей. «Мы сутыкнуліся з тым, што на дамах няма аншлагаў (шыльдаў з указаннем назвы вуліцы. — «Зв.»), адсутнічаюць нумары, — расказала кіраўнік ведамства. — Прадстаўнікі Белстата, ЖКГ звяртаюцца да людзей і самі наносяць назву вуліцы і нумарацыю дамоў на будынкі. Гэта патрэбна не толькі для статыстыкі, ёсць такія жылыя сектары, дзе ўвогуле незразумела, куды ехаць «хуткай дапамозе» або ратавальнікам».

Для правядзення перапісу ў кастрычніку наступнага года задзейнічаюць часовы перапісны персанал, які падбяруць райвыканкамы і аблвыканкамы. Гэта будуць студэнты, работнікі дзяржаўных органаў і дзяржаўнай статыстыкі.

Першыя папярэднія даныя перапісу будуць агучаны на працягу трох месяцаў пасля кастрычніка будучага года, канчатковыя — праз паўтара года.

Узровень беспрацоўя

Другі блок пытанняў датычыўся ўліку беспрацоўя. «Вы можаце быць цалкам упэўнены, што тая метадалогія, якая сёння выкарыстоўваецца для правядзення выбарачнага даследавання занятасці, цалкам адпавядае міжнародным стандартам, — запэўніла журналістаў Іна Мядзведзева. — Сусветны банк і Міжнародная арганізацыя працы нашы вынікі абследавання па беспрацоўі ўжо размясцілі на сваіх сайтах». Размова ідзе пра абследаванне сямі тысяч дамашніх гаспадарак, або 11 тысяч чалавек, якім зададзены самыя розныя пытанні: пра прафесію, адукацыю, пошук работы і іншыя. Вынікі даследавання Белстат размяшчае на сваім сайце штоквартальна, і гэта дазваляе адсачыць дынаміку.

«Ёсць метадалагічная розніца ў афіцыйнай ацэнцы беспрацоўя, — папярэдзіла спікер. — Напрыклад, за другі квартал фактычнае беспрацоўе ў Беларусі склала 4,7 % (239,1 тысячы чалавек), і аднесці гэта да рабочай сілы некарэктна, бо трэба ўлічваць і тых, хто знаходзіцца ў дэкрэтным адпачынку, і тых, хто працуе за мяжой без змены грамадзянства».

Сярэдні заробак

«Як правіла, два пытанні выклікаюць у людзей непаразуменне — сярэдні заробак і інфляцыя, — пагадзілася з журналістамі старшыня Белстата. — Людзі кажуць: «Я столькі не зарабляю» або «У мяне не такая інфляцыя». Мы павінны разумець, што за лічбай стаіць сукупнасць і сапраўды сярэдняя велічыня. Яна атрымана пры зборы ўсёй інфармацыі па заробках, і ёсць людзі, якія атрымліваюць 300 рублёў, і ёсць тыя, хто атрымлівае восем тысяч».

Тое ж самае па інфляцыі. У кожнага чалавека свой спажывецкі кошык. У таго, хто мае невысокі даход, будзе большая доля прадуктаў харчавання, паслуг ЖКГ і транспарту. Але Белстат улічвае і халадзільнікі, і тэлевізары, якія таксама нехта купляе, таму сярэдняя інфляцыя адрозніваецца ад асабістай. Усе разлікі пры гэтым грунтуюцца на міжнародных стандартах і былі падрыхтаваны з удзелам міжнародных экспертаў.

У маі сярэдні намінальны заробак да 200 рублёў атрымалі 1,2 % ад колькасці работнікаў, па якіх атрымана справаздача, ад 200 да 300 рублёў — 2 %, ад 300 да 400 рублёў — 12,1 %, ад 400 да 500 рублёў — 11,5 %, ад 500 да 600 рублёў — 11,5 %, ад 600 да 700 рублёў — 10,8 %, ад 700 да 800 — 9,8 %, ад 800 да 1000 — 15,4 %, ад 1000 да 1500 — 17,2 %, ад 1500 да 2000 — 4,9 %, звыш 2 тысяч — 3,6 %.

Для атрымання дакладных і праўдзівых звестак Белстат заключыў пагадненні з 34 органамі дзяржаўнага кіравання і арганізацыямі пра інфармацыйнае ўзаемадзеянне. Абмен інфармацыяй узаемны. «Статыстычная інфармацыя, якую публікуе Белстат, адпавядае патрабаванням Кодэкса нормаў еўрапейскай статыстыкі — дакладнасць і надзейнасць, — заўважыла Іна Мядзведзева. — Мы рыхтуемся да чарговай адаптаванай глабальнай ацэнкі «Адпаведнасць міжнародным стандартам». Правяраем усе справаздачы на праўдзівасць. Сваю работу будуем, зыходзячы з таго, каб інфармацыя, якую вы атрымліваеце ад нас, была своечасовая, якасная і праўдзівая. Гэта наш прыярытэт».

Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА

Фота БЕЛТА

Загаловак у газеце: Статыстыцы — слова

Выбар рэдакцыі

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.