Вы тут

Кантроль за арганізацыямі, якія плацяць работнікам ніжэй за мінімалку


Узмоцняць кантроль за арганізацыямі, якія плацяць работнікам ніжэй за мінімалку. А таксама скароцяць час, за які наймальнікі павінны падаваць звесткі аб супрацоўніках. Гэта прадугледжана адпаведнай пастановай Савета Міністраў.


Ужо ў кастрычніку работадаўцы абавязаны будуць падаць звесткі за дзевяць месяцаў па тых, хто выконвае работы па грамадзянска-прававых дагаворах. Даныя патрэбны, каб карэктна сфарміраваць базу працаздольных грамадзян, не занятых у эканоміцы.

З наступнага года інфармацыю аб суме выплат, якія ўлічваюць пры назначэнні пенсіі, і страхавых узносах (форму ПУ-3) работадаўцы будуць падаваць кожны квартал, а не раз у год. Тыя арганізацыі, якія плацяць супрацоўнікам ніжэй за мінімальны заробак, абавяжуць указваць прычыны такой сітуацыі. У Міністэрстве працы і сацыяльнай абароны тлумачаць, што гэта паспрыяе своечасоваму выяўленню наймальнікаў, якія парушаюць заканадаўства, і аднаўленню правоў застрахаваных асоб. Органы Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва змогуць аператыўна рэагаваць на выпадкі непрадстаўлення індывідуальных звестак па работніках.

Фізічныя асобы, якія самастойна сплачваюць абавязковыя страхавыя ўзносы, павінны будуць падаваць форму ПУ-3 не пазней за 31 сакавіка (раней быў устаноўлены тэрмін не пазней за 1 мая).

З 1 ліпеня 2019 года звесткі аб прыёме і звальненні работнікаў (форма ПУ-2) будуць падавацца ў новым фармаце. Неабходна будзе ўказваць формы працоўных адносін, падставы звальнення, найменні пасад, на якія прыняты ці пераведзены супрацоўнікі. Гэта інфармацыя дазволіць вызначаць патрэбу эканомікі ў работніках па асноўных групах дзейнасці і аператыўна рэагаваць на магчымы дысбаланс на рынку працы, бачыць, у якім рэгіёне ёсць недахоп (ці лішак) спецыялістаў. Органы змогуць выяўляць прычыны цякучкі кадраў, стымуляваць наймальнікаў захоўваць заканадаўства, легалізаваць працоўную дзейнасць, праводзіць прафілактычныя мерапрыемствы ў адносінах да тых, хто схільны да асацыяльнага ладу жыцця. Тэрмін падачы формы ПУ-2 скараецца да 10 чысла месяца, наступнага за справаздачным кварталам.

Новыя меры стануць базай для ўкаранення электроннай працоўнай кніжкі. Так, з 1 ліпеня 2019 года адкрываць індывідуальны асабовы рахунак застрахаванай асобы для грамадзян, у пашпарце якіх указаны ідэнтыфікацыйны нумар, будуць на падставе формаў ПУ-2 і ПУ-3. Актуалізаваць гэтыя даныя ўжо не патрэбна, што скарачае дакументаабарот і эканоміць час плацельшчыкаў абавязковых страхавых узносаў.

Наталля ЛУБНЕЎСКАЯ

Загаловак у газеце: Рэагаваць трэба аператыўна

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?