Вы тут

Ваганні паміж Радзімай і замежжам увасобілі ў спектаклі «Эмігранты»


П’еса Славаміра Мрожака «Эмігранты» была напісана яшчэ ў 1974 годзе, але, як сцвярджаюць арганізатары дзеі і яе гледачы (яны, вядома, галасуюць рублём), застаецца актуальнай і праз 40 гадоў. Гісторыя не мае не толькі тэрміну даўнасці, але і ўзнімаецца над нацыянальным: нягледзячы на тое, што аўтар п’есы пісаў пра двух палякаў, краіна іх паходжання не істотная для разумення твора. У герояў нават няма імёнаў: пісьменнік прапануе ўспрымаць іх як персанажаў Х.Х. і А.А., таму чытачу і гледачу драмы лёгка перайсці да агульначалавечага маштабу праблемы, паставіць на месца герояў сябе і сваіх суайчыннікаў.


Дзмітрый Есяневіч і Іван Патапаў у спектаклі «Эмігранты».

На сцэне Мемарыяльнага музея-майстэрні З.І. Азгура ў пастаноўцы рэжысёра Андрэя Саўчанкі (пераклад на беларускую мову Алеся Камоцкага) сёлета з’явіліся «Эмігранты». Арганізатары дзеі цікава пагулялі з прасторай. Высокая столь і нагрувашчванне помнікаў не вельмі адпавядалі першапачатковай сцэнічнай задуме спадара Мрожака, але афарміцелі пляцоўкі і не гналіся за адпаведнасцю арыгінальнаму апісанню пакоя: замест знешняга падабенства яны перадалі яго ўнутраную сутнасць, матэрыяльную і духоўную беднасць, а акцёры ў некаторых сцэнах вельмі ўдала ўводзілі ў спектакль манументальныя і абыякавыя да падзей скульптуры.

Спектакль даволі мінімалістычны. Простае месца дзеяння не мяняецца на працягу ўсёй пастаноўкі, час абмежаваны навагодняй ноччу, а персанажаў усяго двое: сталыя і дыяметральна супрацьлеглыя па характарах мужчыны, якія апынуліся ў аднолькавых сітуацыях пад адным дахам. Дакладней, пад адной падлогай: згодна са сцэнарыем, яны жывуць у падвале жылога дома нейкай багатай еўрапейскай краіны. Над іх галовамі — шыкоўнае жыццё, шум, смех і дабрабыт, а ўнізе — танны пакойчык, дзе няма нават вокнаў. У нейкім сэнсе яны абодва паразіты: адзін жыве за кошт другога і лічыць гэта цалкам нармальным, іншы — паразітуе на жыццёвай энергіі суседа. Заўважна, што Славамір Мрожак напісаў гэтую п’есу, калі ўжо сам эмігрыраваў з Польшчы: літаратар пажыў у Францыі, ЗША, Германіі, Італіі і нават Мексіцы. На сцэне яму захацелася супаставіць людзей, якія б ніколі не сустрэліся ў тым жыцці, якое вялі на Радзіме. Тут, у замежжы, героі вымушаны суіснаваць, дамаўляцца і прыглядацца адзін да аднаго, бо ў эміграцыі ў іх з’явілася нешта агульнае — паходжанне: абодва персанажы чужыя ў новай краіне.

Дзмітрый Есяневіч, які сёлета парадаваў гледача яркімі ролямі на галоўнай і камернай сцэнах Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы (у спектаклях «Рэвізор» па рамане М. Гогаля і «Радзіва “Прудок”» паводле дзённікавых запісаў пісьменніка Андруся Горвата), з’яўляецца на імправізаванай сцэне ў якасці правінцыйнага персанажа Х.Х. Калі згадаць яго як папячыцеля богаўгодных устаноў Земляніку, можна меркаваць, што артыст лёгка ўвасабляе камічныя эмплуа. У «Эмігрантах» камедыйны талент акцёра раскрываецца напоўніцу. Пры ўсіх відавочных недахопах дзякуючы Дзмітрыю Есяневічу, персанаж вызывае станоўчыя эмоцыі: сквапнасць успрымаецца як практычная хітрынка, няхватка розуму — як прастадушнасць, а пыхлівая неадукаванасць спалучаецца з дзіцячай наіўнасцю. Агульную карціну дапаўняюць прадуманыя дэталі: дзіравыя шкарпэткі, спартыўны касцюм з надпісам «Adidas», імкненне «стрэльнуць» чужыя цыгарэты замест сваіх, нават бутэлька, разбітая ў парыве гневу дзеля стварэння небяспечнай «ружачкі», — усё гэта малюе вобраз класічнага «гопніка» з горада альбо вёскі. Да таго ж Х.Х. сапраўдны кансерватар, не адкрыты да новага. Ён нават не вучыць мову краіны, у якую з’ехаў. Тут справа не толькі ў ляноце: герой вядзе асабісты лад жыцця, які прынцыпова не хоча мяняць, нават калі ў гэтым ёсць патрэба. Цалкам натуральна: людзі яго тыпу ўсё новае ўспрымаюць з асуджэннем, з недаверам ставяцца да прыхільнікаў інавацый.

Шчыра кажучы, выдатная работа (акцёр надзвычай удала ўжыўся ў ролю) і харызма Дзмітрыя Есяневіча паставіла для яго сцэнічнага партнёра Івана Патапава (А.А.) вельмі высокую планку. Нават па тэксце самой п’есы атрымліваецца, што Х.Х. — больш рэальны персанаж, чыя асоба напоўніцу адкрываецца гледачу. Зыходзячы з патрабаванняў да сваёй ролі, Іван Патапаў не мог надта «разгуляцца»: перад аўдыторыяй — няголены мужчына ў акулярах, тыповы высакамерны інтэлігент, які кажа занадта ўзнёслыя прамовы. Нягледзячы на тое, што ў параўнанні з местачковым і эгаістычным Х.Х. менавіта А.А. павінен успрымацца як станоўчы герой, да яго міжволі ўзнікае недавер: разважанні пра глабальныя праблемы звычайна застаюцца толькі разважаннямі, а красамоўнае, насычанае метафарамі маўленне замяняе рэальныя дзеянні — разбірацца ў праблеме мала, трэба яшчэ працаваць над яе вырашэннем. Да таго ж у героя Івана Патапава, у адрозненні ад яго апанента, зусім няма настальгіі: калі Х.Х. скардзіцца на адсутнасць мух на новым месцы (сумесь суму па Радзіме з упартым нежаданнем прымаць новыя паляпшэнні), то А.А. нават не заўважае такіх дробязей. Не памятаць пра мух — нармальна, але цалкам забыцца на ўсё, звязанае з мінулым жыццём, — дрэнны знак. Гэты чалавек ніколі не быў шчаслівым, а калі няшчасце — гэта ўнутраны стан, то ён будзе з чалавекам, куды б той не з’ехаў.

Разам з тым А.А. зусім не эгаіст. Наадварот, ён па-свойму стараецца дапамагчы суседу, хоча абудзіць у ім чалавечы гонар, прымусіць сысці з небяспечнай працы. На гэтым шляху ён дасягае пэўнага поспеху: заўважна, што Х.Х. чакае адабрэння ад свайго сужыцеля, сам адчувае, што ў яго светапоглядзе ёсць хібы. Пярэдадзень Новага года — лепшы момант, каб пачаць новае жыццё, асабліва калі параграфы Канстытуцыі наўпрост раскіданы перад гледачамі...

А.А. гарыць ідэямі агульначалавечага вызвалення, а таму хоча зразумець псіхалогію людзей кшталту Х.Х. Нават калі А.А. насамрэч і не даследаваў яго асобу дзеля сваёй кнігі, то аўтар п’есы дакладна вывучаў такі тыпаж праз сваіх герояў, раскрываючы абодвух на кантрасце паміж персанажамі. Тут паўстае адно з цэнтральных пытанняў п’есы: што ёсць свабода? Ці існуе ўвогуле ідэальны раб? Паводле Мрожака, адказ — не, калі нават у такой істоты, як Х.Х., пачуццё чалавечай годнасці ўзяло верх над жывёльнымі патрэбамі ў сцэне са спаленымі грашыма. (Дарэчы, цікавы факт: цацка-«сейф» у п’есе — гэта сабака Плута, што разумеецца і як сімвал багацця (ад ст. грэчаскага «Πλοῦτος»), і як намёк на так званую «амерыканскую мару».) Але ўсё не так проста. Нягледзячы на местачковыя погляды і патрэбы Х.Х., ён зайздросціць багатым: гісторыя з цягніком на пачатку спектакля раскрывае гледачам яго ганарлівыя памкненні і жорсткасць, якая з’яўляецца ад жадання весці такое ж прыгожае жыццё. Ідэальны раб адначасова і ідэальны масавы рэвалюцыянер: ён пабаіцца ісці адзін супраць сістэмы, але абавязкова далучыцца да маштабнага руху, які прыдумае яму апраўданне і зніме адказнасць за ўласныя дзеянні.

Атрымліваецца, што рэальная свабода — гэта не дабро і не зло, а стан душы і адказнасць за свае ўчынкі, вольны выбар месца пражывання і працы. Славамір Мрожак не проста апісвае найбольш распаўсюджаныя матывы эміграцыі; у сваім творы ён паказвае і шлях да вяртання. Дакладна сфармуляваць прычыны, з-за якіх людзі гадамі застаюцца за мяжой, — гэта значыць даць ім тую нітку, якая з часам можа прывесці на Радзіму.

Дар’я ЧАРНЯЎСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Антарктыка, далёкая і блізкая.

Грамадства

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Існуюць строгія патрабаванні да месцаў для купання.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.