Вы тут

Уладзімір Цвірка. Жамыслаўль


Прыпыніўся каля рэдкай гаспадарчай пабудовы — спіхлера — з арачнай галерэяй, якая прымыкае да галоўнага фасада. Даследчыкі сцвярджаюць, што менавіта ў яго глыбокіх ды надзейных скляпеннях некалі захоўваліся радавыя архівы ўсіх папярэдніх уладальнікаў Жамыслаўля (цяпер Іўеўскі раён), у тым ліку, канечне, і апошніх яго гаспадароў — Умястоўскіх.


Вырашыў спачатку сфатаграфаваць будынкі спіртзавода, лядоўні, вартоўні і толькі потым падацца да самога палаца з афіцынамі, побач з якім непрыкметна калыхаліся воды запруджанай рэчкі Гаўі. Тут некалі існаваў вельмі рэдкі прыклад паркавай культуры, які насіў экзатычную назву «Венецыя».

— Можа, жадаеце купіць? — нечакана пачуў збоку ад мясцовага жыхара. Даведаўшыся, што я тут толькі за здымкамі даўніны, паскардзіўся:

— А то і зноў наш пакутнік стаіць без гаспадара. Праўда, прыязджаюць, цікавяцца, а каб набыць у маёмасць — далей слоў справа не ідзе. Былі нават і такія, што, здаецца, і паперы афармляць пачыналі, а потым некуды знікалі... Чаму так адбываецца, не ведаю, — зазначыў мужчына і пакінуў мяне сам-насам з паркам, з сажалкай ды з закінутым палацам на пакатым беразе ракі.

На гэтым месцы ў сярэдзіне XVIII стагоддзя стаяў драўляны сядзібны дом з мансардай пад высокім дахам. Пафарбаваны дом быў у белы колер і меў аж чатыры ганкі. Служыў ён спраўна больш як стагоддзе. Затым графіня Юзэфа Умястоўская пабудавала новы цагляны палац. Пасля яе смерці старэйшы сын графіні Уладзіслаў разам з жонкай Янінай заняўся афармленнем пакояў, якіх у палацы налічваецца каля двух дзясяткаў. Трэба сказаць, ён з вялікай увагай падыходзіў да кожнай дэталі. Большасць мэблі, сталовага посуду, скульптур, мастацкіх палотнаў, люстраў, габеленаў ды іншых каштоўнасцей прывозілі з-за мяжы — з Вены, Венецыі, Парыжа. Але нешта стваралі і мясцовыя майстры, што сведчыць пра іх высокі прафесійны ўзровень. І нашы таленты маглі паспрачацца з замежнымі калегамі!

Асаблівая каштоўнасць і абавязковая частка інтэр’ера кожнага пакоя — кафельныя печы ды каміны. Іншыя каштоўнасці на працягу гадоў былі разрабаваны, толькі яны і засталіся ўпрыгожваць пакоі ды маўкліва нагадваць, якое тут было багацце і росквіт, якая неацэнная спадчына згублена. Нават сам палац не змаглі зберагчы, захаваць ад сучасных вандалаў і рабаўнікоў. Бязлітасны пажар 2013 года не змог канчаткова знішчыць будынак палаца. Шмат чаго было пашкоджана, але нават на гэтай стадыі, як казаў мясцовы жыхар, «пакутнік» можа яшчэ — пры нашай дапамозе — паўстаць ва ўсёй сваёй прыгажосці!

Шпацыруючы вакол палаца, каля афіцын і гаспадарчых пабудоў, уздоўж берагоў былой «Венецыі», увесь час адчуваў прысутнасць і былой велічы, і грандыёзнай працы, і творчага натхнення. Нягледзячы ні на што, усё гэта лунае ў паветры, яшчэ канчаткова не згінула, прабіваецца паміж ствалоў і галін старых дрэў, асцярожна выглядае з-за вуглоў шматлікіх пабудоў, палохаючыся новых, незнаёмых чалавечых крокаў.

Тое, што захавалася, не ведае, як сябе паводзіць: паверыць, адкрыцца насцеж зноў, каб падзяліцца скарбамі і нават таямніцамі? Адбудзецца ж гэта толькі тады, калі мы самі зменім свае адносіны і погляды на ўнікальныя архітэктурныя і прыродныя помнікі нашай спадчыны. Застаецца спадзявацца: так яно і будзе!

Што да сядзібы Умястоўскіх, пераломным момантам стаў час Першай сусветнай вайны. З яго пачалося рабаванне і разбурэнне Жамыслаўльскай жамчужыны. У 1914 годзе і палац, і навакольная тэрыторыя былі прыстасаваны пад шпіталь і дом адпачынку для нямецкіх салдат. За такую гасціннасць яны яго і абрабавалі. Вярнуўшыся сюды ў 1921 годзе, Яніна Умястоўская ўжо не мела тых сродкаў ды здароўя, каб вярнуць былую веліч палацу і сядзібе. З часу пахавання мужа, графа Уладзіслава, які памёр у 1905 годзе, яна яшчэ каля дзесяці гадоў адна гаспадарыла ў Жамыслаўлі. Пасля 1922 года перадала сядзібу бязвыплатна Віленскаму ўніверсітэту, а сама канчаткова з’ехала жыць у Італію. Але і адтуль графіня падтрымлівала сувязь з Радзімай, высылала сродкі на розныя дабрачынныя справы сядзібы, а таксама на рамонт касцёла ў Сыботніках...

Хацелася яшчэ з некім паразмаўляць, пачуць хоць невялічкую надзею на тое, што з’явіцца чалавек, які захоча быць тут сапраўдным гаспадаром, у якога хопіць сродкаў і жадання хоць часткова аднавіць былую сядзібу Умястоўскіх.

Дарэчы, той шэры і халодны восеньскі дзень, калі я наведаў сядзібу, надарыўся летась. Можа, ужо цяпер збываюцца мае жаданні, і яна вось-вось адчыніць дзверы сапраўднаму гаспадару?..

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.