Вы тут

Кацярына Перапячаева: Більярд для мяне — сапраўдная страсць


Яна пачала займацца гэтым відам спорту, не мяркуючы, што ён ператворыцца ў прафесію. Пасля перапынку ў спартыўнай кар'еры дзяўчына выйграла чэмпіянат краіны, потым паднялася на п'едэстал чэмпіянату Еўропы, а сёлета ў красавіку стала чэмпіёнкай свету. У Кацярыны Перапячаевай ужо ёсць і свае вучні, якія таксама пачынаюць заваёўваць першыя перамогі. У інтэрв'ю наша гераіня расказала пра асаблівасці більярда, дрэс-код на спаборніцтвах і фінансавы бок спорту.


— Кацярына, ці праўда, што ў більярдзе вы знайшлі сябе не адразу?

— Так, знаёмства з ім адбылося ў 13 гадоў. Тата ўбачыў у газеце аб'яву, параіў мне запісацца. Я дайшла да більярднай, яна звалася тады «Карамболь», і вярнулася дадому, таму што пасаромелася зайсці, была вельмі сціплая. Але тата адправіў мяне назад і сказаў: «Пакуль не запішашся, не вяртайся!» У першы ж дзень мяне запрасілі да стала, я там нават пазабівала нейкія шары, усё так спадабалася. Хоць да гэтага я ніколі не гуляла.

Більярд мяне адразу зацікавіў, але гэта было як страсць, якая потым патухла. З'явіліся іншыя інтарэсы, уласцівыя падлеткам. Праз тры гады вырашыла, што трэба ўсё ж такі чымсьці займацца, і вярнулася, акунулася ў більярд ужо з галавой. З гэтага моманту ў мяне з'явілася мэта — дасягнуць выніку. Заўсёды дапамагаў і матываваў тата, задаючы пытанне: «Дзе прызавыя месцы, Каця?»

— На іх трапілі не адразу?

— Вынікі прыйшлі даволі хутка, месяцаў праз шэсць-восем. Спачатку я стала трэцяй на рэспубліцы сярод дзяўчынак, праз год выйграла чэмпіянат краіны сярод жанчын і толькі потым перамагла на чэмпіянаце Беларусі сярод дзяўчат. Пазней стала бронзавым прызёрам чэмпіянату Еўропы ва ўзроставай групе да 18 гадоў. А калі ўжо на міжнародных спаборніцтвах ты займаеш прызавыя месцы, спыніцца нерэальна.

— У Барысаве доўгія більярдныя традыцыі...

— Раней існавала добрая школа, у якой я займалася, потым гэты більярдны клуб закрыўся, і нейкі час у горадзе наогул не было нічога. А калі я адвучылася ў БДУФК на трэнера па більярдзе, прапанавала дырэктару фізкультурна-аздараўленчага цэнтра адкрыць групу. Ён пагадзіўся, узяў мяне, маладога спецыяліста, і наша школа «Перакат» стала працягам той старой більярднай папярэдніцы.

— Кожны від спорту развівае ў чалавеку нейкія канкрэтныя якасці. Калі казаць пра більярд, то якія яны тут?

— Вытрымка, канцэнтрацыя, стрыманасць. Ёсць такая фраза «покер фэйс», гэта значыць, ты нібы надзяваеш маску, бо гулец не павінен паказваць ніякіх эмоцый. Хоць сама гульня вельмі эмацыянальная, не забіваеш шар — хвалюешся, забіваеш — радуешся. Калі глядзець з фізічнага боку, більярд — гэта лёгкая гімнастыка, таму што ты пастаянна ходзіш вакол стала, робіш розныя нахілы. Бывае, што мы гуляем па сем гадзін. Плюс трэніруеш зрок, глядзіш на блізкі шар, потым на далёкі. Важную ролю адыгрываюць псіхалогія і тактыка, трэба ўмець пралічваць саперніка і не падставіцца самому. А акрамя таго, умець выканаць задуманае тэхнічна.

— У красавіку ў фінале чэмпіянату свету ваша саперніца дастала мабільны тэлефон і карысталася ім падчас матча...

— З пункту гледжання псіхалогіі для мяне гэта быў знак, я зразумела, што яна хвалюецца, але спрабуе тое схаваць. Напэўна, такім чынам, яна хацела паўплываць і на мяне, каб пераламаць ход сустрэчы, але ў гэты момант я проста перастала глядзець на яе, сачыць, што яна там робіць. Магла глядзець на трыбуны або на суддзяў. Мабыць, таму і вынік быў на маю карысць.

— Такія паводзіны не рэгламентуюцца правіламі?

— Наогул, у правілах прапісана, што карыстацца тэлефонам нельга, але Дзіяна Міронава — шматразовая чэмпіёнка свету, мабыць, ёй з-за гэтага і зрабілі такую саступку. Пасля нашай гульні было шмат спрэчак і незадаволенасці, у тым ліку і з боку гледачоў, таму, думаю, што наступны раз такое ўжо не дапусцяць.

— Якога дрэс-коду павінен прытрымлівацца спартсмен?

— Любога колеру аднатонная кашуля, абавязкова камізэлька, дапускаецца з лагатыпамі спонсараў, чорныя штаны і чорныя туфлі. У мужчын яшчэ павінна быць бабачка ў абавязковым парадку. Што да знешняга выгляду, то ніякіх правілаў. Адзінае, доўгія валасы лепш сабраць, таму што калі яны ўпадуць на стол і закрануць шарык, то гулец атрымае штраф.

— Раскажыце, як лепш за ўсё настройвацца на гульню?

— У більярдзе важны вопыт, трэба не баяцца выйсці за стол і паказаць сябе. Мне падрыхтавацца да спаборніцтваў дапамагаюць фізічныя нагрузкі — трэнажорная зала, басейн, яны расслабляюць і прыводзяць цела ў тонус. За тыдзень да спаборніцтваў можна «парэжыміць». Хоць многія гульцы нават і фізічна не займаюцца.

— Вы сталі чэмпіёнкай свету. Гэта пакуль найлепшае дасягненне?

— Больш прэстыжнага турніру, чым чэмпіянат свету, у більярдзе няма. Сёлета ён праходзіў у Казахстане, прыехалі наймацнейшыя спартсмены. Адзін матч я там прайграла, калі б прайграла і другі, то вылецела б з турніру, але я прааналізавала ўсе памылкі, стала не так хвалявацца за кожную сустрэчу, а гуляць лёгка, як на трэніроўках, і ўсё атрымалася. Эмоцый было мора. Адзін раз я ўжо выйгравала чэмпіянат свету, але гэта быў парны разрад. Хацелася б выйграць яшчэ некалькі турніраў у гэтым годзе.

— Раскажыце пра сваю трэнерскую дзейнасць...

— Цяпер у мяне займаюцца 25 дзяцей, з верасня будзе новы набор. Першыя паўгода было складана, бо вучняў шмат, яны рознага ўзросту, у кожнага свой характар. Дзіцяці ўсё трэба тлумачыць, паказваць. А хочацца ж, каб яны прыйшлі не раз, не два, а хадзілі ўвесь час, гэта значыць, іх трэба зацікавіць. Цяпер для мяне ўсё лёгка, камфортна. Бачу, што трэніраваць — маё, праз месяц будзе ўжо пяць гадоў, як я займаюся гэтай справай.

Галоўная мэта для мяне — выхаваць з іх добрых людзей, а не спартсменаў, таму на занятках важную ролю адыгрывае дысцыпліна, этыкет, дапамога адзін аднаму. Ужо ёсць перспектыўныя дзеткі, чэмпіёны Беларусі ў сваіх узроставых групах.

— За каго больш перажываеце на спаборніцтвах: за сябе ці за дзяцей?

— Напэўна, за дзяцей, таму што ў іх укладваеш душу. Наогул, самая складаная частка ў спорце — гэта трэніроўка. На спаборніцтвах ты ўжо гуляеш, як умееш. Вядома, хочацца выніку, а калі яго няма, зноў трэніруеш. Падрыхтоўка дзіцяці — цяжкі працэс. Дарэчы, не толькі я сачу за імі на спаборніцтвах, але і яны за мной, хварэюць за мяне, перажываюць.

— Більярд — дарагі від спорту?

— Паездка на турнір у сярэднім абыходзіцца ў 400—500 долараў, калі гэта чэмпіянат свету ці Еўропы, то дапамагае федэрацыя. Са спонсарамі зараз складана, таму многае даводзіцца аплачваць самім.

Напрыклад, більярдны прафесійны кій каштуе 300—500 долараў, яго хапае гадоў на 20. Дарэчы, у нас у Барысаве ёсць добры майстар Сяргей Каюкоў, які іх вырабляе. У мяне кій з экзатычнай пароды дрэва амарант. Ну а самы круты кій можа каштаваць і больш за тысячу долараў, напрыклад, гэта будзе эбенавае дрэва.

Дар'я ЛАБАЖЭВІЧ

Фота Ганны ЗАНКАВІЧ

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».