23 Верасень, нядзеля

Вы тут

«Аналаг» і «лічба»


Напачатку два анекдоты. «Даша заўсёды віталася з бабулькамі на лаўцы каля пад'езда, таму тыя лічылі яе самай ветлівай «жрыцай кахання» ў іх доме». І яшчэ. «Павіталася з бабуляй каля пад'езда, а тая не адказала. Наркаманка, мабыць». Жарты, як відаць, на адну тэму — узаемаадносіны паміж пакаленнямі. Толькі прадстаўляюць яны ў кожным выпадку сваё стаўленне да гэтых стасункаў. Моладзь лічыць, што людзі сярэдніх гадоў і пажылыя прадузята адносяцца да іх жыцця і памкненняў, апошнія ў вачах сучасных юнакоў і дзяўчат часам выглядаюць гэткімі рэтраградамі. Пакаленне сталага веку, у сваю чаргу, сапраўды недзе не паспявае за цяперашнім рытмам жыцця, тэхналогіямі, таму ў нечым не разумее маладзейшых. Карацей, спрадвечны канфлікт бацькоў і дзяцей? («Бабуля пабілася з унукам, даказваючы яму, што чайнік — посуд, мышка — жывёла, лайкі — сабакі, а ссылка — гэта Ленін у Шушанскім!») Калі дакладней, канфлікт паміж «аналагавым» і «лічбавым» пакаленнямі. («Віця і Надзя адправілі свае імёны на тэст на сумяшчальнасць, і ім прыйшоў адмоўны вынік. Вырашылі разводзіцца, хоць іх адгаворвалі і дзеці, і ўнукі, і праўнукі».)


Дык вось нядаўна расійскія вучоныя правялі маштабнае даследаванне анкет падлеткаў ва ўзросце ад 15 да 20 гадоў, вынікам якога стала развянчанне шэрагу міфаў пра тое самае «лічбавае» пакаленне. Можаце ставіцца да гэтага як заўгодна, але грамадскасці прапанавалі наступныя высновы. Аказваецца, ніякага сутыкнення бацькоў і дзяцей няма ўвогуле, паколькі апошнія зараз увогуле... не вельмі канфліктныя. Ці, можа будзе больш правільным сказаць, інфантыльныя? («— Сынок, еш гэты курыны булёнчык. Пры прастудзе карысна. — Гэта для таго, мама, каб ён надаў мне сілы? — Не, у ім ад курачкі шмат антыбіётыкаў...») Вайна пакаленняў узнікае, калі старэйшыя кіруюцца адной нормай, а малодшыя імкнуцца ўвасобіць іншую, сваю. («— Маці, маці! Што гэтая пачвара робіць у нашай кватэры? — Чаго ты ў мяне пытаешся? Каго прывёў учора з начнога клуба, з той і прачнуўся!»)

Маладое пакаленне, як сцвярджаюць навукоўцы, цярпліва ставіцца да бацькоў, для іх яны вельмі важныя. Ведаеце, чаму? Таму што сучасныя юнакі і дзяўчаты баяцца будучыні, яны ўспрымаюць сям'ю як астравок бяспекі і спакою. («Як толькі дзеці пачынаюць жыць асобна ад бацькоў і на свае грошы, яны пачынаюць разумець, што яны — не самыя разумныя, а іх бацькі — не самыя дурныя».) Хіба толькі прадстаўнікі творчых прафесій ды айцішнікі не маюць такога страху: першых матэрыяльны свет не вельмі хвалюе, у другіх з ім «усё ў шакаладзе». («— Ало, прывітанне, мама, парай, што рабіць? Я купіў карпа, хацеў падсмажыць, але дома няма ні мукі, ні паніровачных сухароў... Манкай паніраваць жа таксама нельга — аддаваць будзе. А запякаць у фользе, як ты ведаеш, я не вельмі люблю... — (Доўгая паўза) Сынок, ты так ніколі не ажэнішся...»)

Далей навукоўцы сцвярджаюць (зноў жа — хочаце верце, хочаце, не), што сучасная моладзь насуперак агульнаму меркаванню — зусім не фанаты сацыяльных сетак. («Каб хоць неяк прыцягнуць увагу школьнікаў, настаўніца напісала на дошцы: «Бляха. Глядзець усім!») Вынікі даследавання паказваюць, што юнакі і дзяўчаты маюць высокую патрэбу ў рэальных стасунках з сябрамі і знаёмымі, а сацыяльныя сеткі выкарыстоўваюць рацыянальна, для абмену інфармацыяй. («Перапіска ў інтэрнэце: —
Я табе ружу адправіў. — Ты мне яшчэ фільм скінь і скажы, што ў кіно звадзіў».) Навукоўцы даводзяць, што каб быць бліжэй да моладзі, старэйшаму пакаленню трэба жыць іх уяўленнямі, а самому менш глядзець тэлевізар (!!!). («Клапатлівая бабуля да Новага года навязала ўнуку світар, ваўняныя шкарпэткі, свой пункт погляду і сістэму маральных каштоўнасцяў».) Пра тэлевізар — гэта невыпадкова, бо менавіта ён фарміруе ў яго практычна аднолькавы, як на колішніх уроках палітінфармацыі, светапогляд, сцвярджаюць даследчыкі. Людзі старэйшага веку выраслі ў іншую эпоху, калі такая агульная норма была правілам, і яны і зараз яе прытрымліваюцца. («У маёй бабулі дагэтуль у кладоўцы ляжыць новы відэамагнітафон Sоnу, які яна, як абяцала, падорыць мне на вяселле...») А ў новага пакалення няма такой агульнай нормы, яны не баяцца быць непадобнымі адно на аднаго. («Паказаў бабулі, як знаходзіць мяне ў «Інстаграме», каб яна заўсёды ведала, калі і што я паеў».) Адсюль, дарэчы, і тое непаразуменне паміж старэйшымі і малодшымі: першым трэба знайсці агульную мову з «разнашэрснай» аўдыторыяй другіх. («З sms-перапіскі. Ён: — Апішы сябе. Яна: — )). Ён: — Гэта ногі?»)

А яшчэ навукоўцы абверглі міф пра тое, што сучасная моладзь не чытае папяровыя кнігі. («Са мной кашы не зварыш», памылкова думаў Джэймс Кук».) Чытаюць, як высвятляецца, ды яшчэ як. 90 працэнтаў падлеткаў заявілі, што менавіта такі тэкст з'яўляецца для іх зручным носьбітам інфармацыі. Мастацкая літаратура, якая дае ім жыццёвую апору, — гэта «Тры таварышы» Рэмарка, «Вайна і мір» Талстога, «Злачынства і пакаранне» Дастаеўскага... («Настаўніца паставіла Насці, якая напісала ў сачыненні: «Хачу сядзець каля каміна ў сваім шале», здавальняюча, бо «шаль» — жаночага роду».)

...Пра «аналагавае» пакаленне я люблю казаць, што такіх ужо не робяць і запчасткі не выпускаюць. («Сорак гадоў. Маладосць ужо ведае, а старасць яшчэ можа».) Цікава, што будуць гаварыць пра сябе праз нейкі час прадстаўнікі «лічбавага»?..

Кастусь ХАЦЕЛАЎ-ЗМАГЕЛАЎ

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

75 год таму пачалося вызваленне Беларусі

75 год таму пачалося вызваленне Беларусі

23 верасня 1943 года, савецкімі войскамі быў вызвалены ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў першы населены пункт Беларусі — раённы цэнтр Камарын.

Грамадства

Каму і чым дапаможа ТЦСАН

Каму і чым дапаможа ТЦСАН

Ад дапамогі дома пажылым і да стварэння крызісных пакояў для ахвяр хатняга гвалту.

Грамадства

Маштабныя вучэнні прайшлі ў краіне

Маштабныя вучэнні прайшлі ў краіне

Актыўная фаза камандна-штабнога вучэння Узброеных Сіл прайшла ў Беларусі ў верасні.