Вы тут

Чаму вынікі ўступных экзаменаў нярэдка шакіруюць грамадскасць?


Гэтым летам адразу ў некалькіх краінах выбухнулі скандалы, звязаныя з паступленнем у вышэйшыя навучальныя ўстановы. За сумленныя экзамены спрабуюць змагацца паўсюдна, прычым самымі рознымі спосабамі, уключаючы ўстаноўку металадэтэктараў на ўваходзе ў экзаменацыйныя аўдыторыі і адключэнне на час нацыянальных экзаменаў інтэрнэту ў краіне, але, як аказалася, не заўсёды паспяхова...


Дзяўчаты — лішнія?

Так, выпадкова высветлілася, што ў Такійскім медыцынскім універсітэце шмат гадоў запар заніжалі вынікі ўступных экзаменаў абітурыенткам для таго, каб прыняць на вучобу больш мужчын. На думку кіраўніцтва ўніверсітэта, студэнты мужчынскага полу з большай імавернасцю ў далейшым будуць працаваць па спецыяльнасці. Да таго ж мужчыны-ўрачы больш падрыхтаваныя да начных змен, вялікіх нагрузак і дзяжурстваў у службе хуткай дапамогі. Вынікі экзаменаў пачалі карэктаваць пасля таго, як у 2010 годзе колькасць жанчын, якія паступілі ва ўніверсітэт, рэзка вырасла ў параўнанні з папярэднімі гадамі. Дзяўчат сярод першакурснікаў аказалася 40 працэнтаў, а раней гэты паказчык быў удвая меншы.

Кіраўніцтва Такійскага медыцынскага ўніверсітэта ўжо папрасіла прабачэння ў грамадскасці за махінацыі з уступнымі экзаменамі. Акрамя таго, урад Японіі заявіў аб намеры правесці праверкі ва ўсіх медыцынскіх ВНУ краіны. А тым часам пасольствы Францыі і Фінляндыі пасля скандалу з заніжэннем адзнак прапанавалі японкам паступаць у іх медыцынскія ВНУ.

Расійскім дзяўчатам таксама не пашанцавала: так, у Татарстане падчас правядзення адзінага дзяржаўнага экзамену (АДЭ) вучаніцу 11 класа прымусілі зняць частку бялізны перад мужчынамі-ахоўнікамі толькі таму, таму што металадэтэктар звінеў, а прычына ім была незразумелая. Пазней пра аналагічныя выпадкі паведамілі і іншыя выпускніцы...

Пасля экзамену — у суд

Увогуле, у Расіі, напэўна, не было ніводнай кампаніі па правядзенні адзінага дзяржаўнага экзамену, якая б не суправаджалася чуткамі пра маштабную ўцечку экзаменацыйных матэрыялаў. У інтэрнэце актыўна абмяркоўваецца, хто і як «злівае» заданні ў сеціва. Выпускнікі пацвярджаюць, што менавіта тыя, якія гуляюць па інтэрнэце, або вельмі падобныя на іх былі на адзіным дзяржаўным экзамене. Аднак Федэральная служба па наглядзе ў сферы адукацыі і навукі традыцыйна факты ўцечкі экзаменацыйных матэрыялаў катэгарычна абвяргае.

Між іншым, сёлетняя прыёмная кампанія азнаменавалася ў Расіі яшчэ і зваротам аднаго з удзельнікаў АДЭ ў суд. Выпускнік новасібірскай гімназіі Арцём Весялоў стаў першым школьнікам, які вырашыў аспрэчыць вынікі дзяржэкзамену ў судзе. Да гэтага апошні разглядаў толькі справы аб парушэнні рэгламенту правядзення АДЭ.

Хлопец не пагадзіўся з рашэннем экспертаў. У адным з заданняў выпускнік павінен быў даць азначэнне гіперінфляцыі, у іншым — напісаць міні-сачыненне пра эканоміку. Адказ на адно з іх прызналі няправільным, таму што абітурыент спаслаўся на падручнік Вышэйшай школы эканомікі, якога няма ў пераліку афіцыйна рэкамендаваных для вывучэння ў школе. У другім выпадку эксперты палічылі недастатковым узровень яго аргументацыі.

Па выніках АДЭ Арцём Весялоў атрымаў 88 балаў. Агульная колькасць набраных балаў дазволіла яму паступіць у Вышэйшую школу эканомікі (ВШЭ), але выпускнік вырашыў пайсці да канца: па словах хлопца, яго мэта — стварыць прэцэдэнт, дзякуючы якому правілы тэсціравання будуць удасканалены. «Спадзяюся, што яны або будуць складаць пытанні, на якія можа быць дадзены толькі адназначны адказ і якія не з'яўляюцца дыскусійнымі, або стануць даваць большую свабоду ў ацэнцы адказаў выпускнікоў», — растлумачыў малады чалавек сваю прынцыповую пазіцыю.

На чым «засыпаліся» выпускнікі?

Не абышлося без узрушэнняў і ў Казахстане, дзе Нацыянальны цэнтр тэсціравання Міністэрства адукацыі і навукі звярнуўся да Міністэрства ўнутраных спраў з просьбай разабрацца з сітуацыяй вакол з'яўлення фатаграфій тэставых заданняў Адзінага нацыянальнага тэсціравання 2018 года ў сацыяльных сетках.

Ва Украіне прыёмная кампанія сёлета зведала шмат змяненняў. у прыватнасці, была ўстаноўлена мінімальная колькасць балаў для паступлення на медыцынскія спецыяльнасці, уніфікаваны пералік прадметаў на аналагічных спецыяльнасцях у розных ВНУ, перагледжаны рэгіянальныя, галіновыя і сельскія каэфіцыенты, па якіх разлічваўся конкурсны бал. Але ў цэнтры ўсеагульнай увагі аказаліся найперш несуцяшальныя вынікі знешняга незалежнага тэсціравання: кожны сёмы абітурыент гэтага года праваліў яго, не набраўшы неабходнага мінімуму балаў. Тэст па ўкраінскай мове не здалі 14,5 працэнта выпускнікоў (каля 47 тысяч чалавек). Тэст па гісторыі правалілі 23 тысячы ўчарашніх школьнікаў. Матэматыку не здалі каля 19 працэнтаў удзельнікаў тэсціравання — прыкладна 20 тысяч чалавек. Англійскую мову, на тэсціраванні па якой у гэтым годзе ўпершыню прымянялася аўдзіраванне, не здалі 11 тысяч чалавек (13 працэнтаў удзельнікаў).

Міністр замежных спраў Украіны Павел Клімкін выказаў сваё незадавальненне з нагоды вынікаў знешняга незалежнага ацэньвання па матэматыцы ў «Фэйсбуку». Ён прызнаўся, што быў шакіраваны ўзроўнем падрыхтоўкі ўкраінскіх абітурыентаў. «Шчыра кажучы, хочацца біць трывогу. Гэта ж татальная катастрофа!» — напісаў ён.

48 працэнтаў украінскіх абітурыентаў не змаглі рашыць задачу ўзроўню восьмага класа. Палова выпускнікоў не арыентуюцца ў элементарных матэматычных правілах... «Вас гэта не шакіруе?» — задаецца пытаннем дыпламат.

Нуль на фінішы...

А што вядома пра вынікі ўдзельнікаў цэнтралізаванага тэсціравання ў Беларусі? Шчыра кажучы, з кожным годам інфармацыя, якую агучваюць грамадскасці, робіцца ўсё больш лаканічнай.

У 2018 годзе для ўдзелу ў ЦТ зарэгістраваліся крыху больш як 82,4 тысячы абітурыентаў. Стабальныя сертыфікаты атрымалі 392 чалавекі, з іх 16 маюць найвышэйшы бал па двух прадметах. Сярод стабальнікаў аказаліся і выпускнікі мінулых гадоў (53 чалавекі). Узнікае цалкам заканамернае пытанне: хто гэтыя «шчасліўцы»? Сапраўдныя абітурыенты, нацэленыя на атрыманне адукацыі, ці настаўнікі і рэпетытары, якія ідуць на ЦТ зусім для іншых мэт? Калі размова ідзе пра педагогаў (а забараніць ім рэгістравацца на ЦТ немагчыма), то гэта азначае, што насамрэч колькасць стабальнікаў сярод абітурыентаў меншая на паўсотню.

Афіцыйна заяўлена, што максімальныя вынікі былі зарэгістраваныя сёлета па ўсіх прадметах, калі, канешне, разглядаць замежную мову як адзін прадмет. 100 балаў на ЦТ па матэматыцы набралі 155 чалавек — гэта ўдвая больш, чым у папярэднім годзе (летась было 69 абсалютных вынікаў). Вырас таксама і сярэдні бал па матэматыцы: у 2017 годзе — 27,21 а ў гэтым — 32,32. Нуль балаў набралі 52 чалавекі.

Максімальны вынік на цэнтралізаваным тэсціраванні па беларускай мове атрымаў 21 удзельнік экзамену (летась было 35). А з нулявым на фініш прыйшлі тры чалавекі. Тэсціраванне па беларускай мове абітурыенты таксама напісалі лепш, чым летась: сярэдні бал склаў 35,92 (у мінулым годзе быў 34,25). Акрамя таго, зменшылася колькасць тых, хто не перасягнуў ніжняга парогавага значэння на ЦТ. Менш за 10 балаў па беларускай мове ў гэтым годзе набралі 1335 абітурыентаў, што склала 5,6 працэнта ад агульнай колькасці. У мінулым годзе іх было болей — 2040 чалавек (7,5 працэнта).

ЦТ па рускай мове на 100 балаў здалі 54 чалавекі. Нагадаем, што гэты прадмет быў самым масавым: яго здавалі амаль 67 тысяч чалавек. Летась стабальнікаў на ЦТ па рускай мове было 66. Менш за 10 балаў на тэсце па рускай мове набралі сёлета 4,5 працэнта ад агульнай колькасці ўдзельнікаў экзамену (2906 абітурыентаў), гэта значна менш, чым у папярэднім годзе, калі ніжні парог не пераадолелі 7,6 працэнта тых, хто паступаў (5527 чалавек). Сярэдні бал па прадмеце склаў 37,6 (у 2017 годзе — 34,64). На нуль балаў рускую мову напісалі шэсць чалавек (летась такіх было аж 17).

На ЦТ па біялогіі было выдадзена 11 стабальных сертыфікатаў (у 2017 годзе — 18). Толькі адзін удзельнік паказаў нулявы вынік. Сярэдні бал ЦТ па біялогіі ў гэтым годзе склаў 37,85 (у 2017 годзе — 33,31).

Тэст па грамадазнаўстве на 100 балаў напісалі 11 абітурыентаў. У 2017 годзе было 16 стабальнікаў па гэтай дысцыпліне. Нуль балаў атрымалі 15 абітурыентаў. У мінулым годзе такіх было 13 чалавек. Сярэдні бал за тэст па грамадазнаўстве склаў 43,73. Гэты паказчык таксама аказаўся вышэйшы за леташні (41,76).

Па гісторыі Беларусі максімальны бал атрымалі 10 абітурыентаў (у 2017 годзе — 19). Усяго адзін чалавек здаў тэст на нуль балаў. Сярэдні бал — 36,93.

На англійскай мове 94 абітурыенты набралі 100 балаў, а 12 чалавек не справіліся ні з адным заданнем і атрымалі нуль. Сярэдні бал за гэты прадмет — 44.

Традыцыйна самай праблемнай дысцыплінай для абітурыентаў застаецца фізіка. Захавалася гэта традыцыя і сёлета. Прычым калі па іншых прадметах вынікі абітурыентаў палепшыліся, то па фізіцы яны, у параўнанні з 2017 годам, крыху знізіліся. Сярэдні паказчык склаў 26,9 бала. Але ні колькасць стабальнікаў, ні колькасць нулявых вынікаў, ні колькасць абітурыентаў, якія не пераадолелі ўстаноўлены парог па гэтай дысцыпліне, ужо не першы год не называюцца. І ніхто ў званы не б'е, быццам бы праблем з засваеннем фізікі ў школе не існуе. Між іншым, гэта тая дысцыпліна, без якой немагчыма навучацца на тэхнічных спецыяльнасцях. Менавіта «фізіка» не можа ўкамплектавацца на педагагічных спецыяльнасцях, а калі бюджэтныя месцы ўсё ж такі, хоць і не без праблем, запаўняюцца, то прахадныя балы там складваюцца выключна сімвалічныя. Часта абітурыентам дастаткова проста пераадолець мінімальны парог, каб стаць першакурснікам. Таму жарты накшталт «Трэба фізіку ў школах проста адмяніць» даволі актыўна цыркулююць у інтэрнэце.

Ва ўсім вінаватыя тэсты?

Бадай што галоўнай адметнасцю апошняй прыёмнай кампаніі ў Беларусі стала мадэльная апрабацыя новай методыкі падліку вынікаў ЦТ. Арганізатары цэнтралізаванага тэсціравання запэўніваюць, што вынікі ўдзельнікаў тэсціравання гэтага года ацэньваліся па старой методыцы, якая зацвярджалася загадам Міністэрства адукацыі і выкарыстоўвалася на працягу больш чым 12 гадоў. У многіх узнікае заканамернае пытанне, а чаму ранейшая сістэма падліку балаў перастала задавальняць? Быццам бы нараканняў на яе з боку абітурыентаў не было...

— Методык апрацоўкі вынікаў тэстаў у свеце шмат — ад вельмі простых да вельмі складаных. Мы збіраемся знайсці залатую сярэдзіну: каб для нашых грамадзян гэты падыход быў больш зразумелы і каб адначасова выконваліся дзве функцыі — ранжыравання і ацэньвання ведаў, — анансаваў будучыя змяненні яшчэ зімой дырэктар Рэспубліканскага інстытута кантролю ведаў Юрый Міксюк.

Трэба заўважыць, што прапановы перагледзець сістэму падліку балаў удзельнікаў ЦТ гучалі ўжо даўно. Галоўны аргумент — бацькам незразумела, чаму іх дзіця атрымлівае ў школе «васьмёркі» па прадмеце, а на тэсціраванні набірае ўсяго 30 балаў. Маўляў, калі сярэдні бал атэстата выпускнікоў па краіне — 7 балаў, а па выніках цэнтралізаванага тэсціравання — 4,7, то ўзнікаюць пытанні. Або школы завышаюць адзнакі, або вінаватыя тэсты?

Растлумачым, што на сённяшні дзень у аснову методыкі разліку тэставага бала на ЦТ пакладзена шкала, якая дазваляе не толькі прыняць пад увагу колькасць правільна выкананых заданняў тэста, але і падлічыць адносную складанасць кожнага выкананага ці нявыкананага задання, а яна залежыць ад таго, колькі абітурыентаў з ім справіліся. Гэта методыка вельмі добра падыходзіць для ранжыравання абітурыентаў, асабліва на спецыяльнасцях, дзе прахадныя балы проста зашкальваюць, як, напрыклад, на факультэце міжнародных адносін ці на ІТ-спецыяльнасцях...

Новая методыка, як абяцаюць, стане больш празрыстая: кожнаму тэставаму заданню будзе прысвойвацца першасны бал, яго абітурыенты будуць ведаць яшчэ да пачатку ЦТ. Гэты бал залежыць ад некалькіх паказчыкаў: узроўню складанасці задання, формы яго прадстаўлення, у якой частцы тэста знаходзіцца заданне (у вобласці А ці В), адкрытае яно ці закрытае. Затым у працэсе праверкі работ будуць уведзены каэфіцыенты, а далей будзе разлічвацца выніковы тэставы бал.

Ініцыятары змяненняў убачылі ў новай шкале шмат плюсаў. Праўда, у чым яны заключаюцца, не растлумачылі. Няцяжка спрагназаваць, што вялікая колькасць стабальных вынікаў істотна ўскладніць задачу ранжыравання. Таму чарговы жарт у тэму: «Каб не атрымалася так, што перайшлі ад пяцібальнай да дзесяцібальнай сістэмы і ўсе навучаюцца на «пяцёркі»...».

Надзея НІКАЛАЕВА

Фота Ганны ЗАНКАВІЧ

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.