Вы тут

Як энтузіяст навучае варкаўту ахвотных


Днём Арцём ВАЖУЙ працуе выпрабавальнікам на сталічным прадпрыемстве па вытворчасці мікрасхем. А ўвечары на спартыўнай пляцоўцы трэніруе сваё цела. І заахвочвае да спорту іншых. Адзін з заснавальнікаў маладзёжнай федэрацыі варкаўта, хлопец пяць разоў на тыдзень праводзіць бясплатныя трэніроўкі для ўсіх ахвотных.


— Мне многія пішуць: «Я за бясплатна нічога б не рабіў». Але грошы сёння ёсць, а заўтра іх няма. Мне цікава перадаваць веды. Некаторыя прапаноўвалі заплаціць, але калі я вазьму грошы, то затапчу філасофію варкаўта. Трэніроўкі мусяць быць даступнымі для ўсіх, — лічыць Арцём.

Варкаўт насамрэч з'ява не новая. Ён існаваў яшчэ ў СССР, проста яго так не называлі — гэта была звычайная фізкультура. Цяпер тэрмін змянілі, каб прыцягнуць людзей.

— Мы хочам, каб чалавек на трэніроўках знаходзіў сяброў, падтрымку. У нас ужо тры закаханыя пары ўтварыліся, — дзеліцца хлопец.

Мы гутарым з ім у парку імя Марата Казея. Летам на заняткі на вулічную пляцоўку, што знаходзіцца тут, прыходзіць да 30 чалавек. Запрашаюць нават тых, хто не ўмее адціскацца і падцягвацца. Праграму Арцём прыдумвае сам: стварае мікс з розных спартыўных кірункаў, уключае нават практыкаванні, якія ўваходзяць у курс падрыхтоўкі амерыканскіх «марскіх коцікаў» і рэйнджараў. Змест трэніровак заўсёды розны, бо, калі рабіць адно і тое ж, мышцы прывыкаюць і выніку няма.

— Калі хтосьці кажа, што не прыходзіць, бо стамляецца на рабоце, гэта ўсё адгаворкі, — упэўнены хлопец. — Я неяк вырашыў сябе праверыць. Уладкаваўся грузчыкам, працаваў па восем гадзін, а потым ішоў на трэніроўкі. Паказваў, што магчыма займацца спортам нават пасля фізічнай працы.

Трэніроўкі па варкаўце праходзяць у мінскім парку імя Марата Казея па аўторках, чацвяргах, пятніцах (з 18.00) і па суботах — нядзелях (з 16.00). Заняткі доўжацца дзве гадзіны. Раім не спазняцца — інакш давядзецца рабіць штрафныя 20 адцісканняў.

Складана паверыць, але да 11 класа ўключна Арцёма спорт увогуле не цікавіў. Нават ад урокаў фізкультуры ён быў вызвалены. А яшчэ вельмі саромеўся выступаць перад публікай. Дагэтуль памятае, як калацілася ў яго сэрца, калі трэба было выйсці да дошкі. Неяк на прасторах YouTube ён шукаў матывацыйнае відэа і наткнуўся на ролік пра Дзяніса Мініна, пачынальніка руху варкаўт ва Украіне. Тады Арцём зразумеў, што трэба прыўносіць у жыццё спорт. А варкаўт выбраў за тое, што ён робіць цела гнуткім і функцыянальным.

Хлопец вывучаў спецыялізаваную літаратуру, перапісваўся з замежнымі трэнерамі, каб пераняць вопыт. Праводзіць трэніроўкі для гараджан на адкрытым паветры вырашыў чатыры гады таму. Праўда, першыя заняткі праходзілі, мякка кажучы, без ажыятажу: збіралася па некалькі чалавек. Здавалася, ідэя правалілася. Але Арцём не адступіў.

Цяпер трэніроўкі на вуліцы праходзяць і ў снег, і ў дождж. Хлопец заклікае моладзь не толькі займацца спортам, але і адмаўляцца ад шкодных звычак — ужывання алкаголю, курэння, брыдкаслоўя.

Ён, дарэчы, вегетарыянец. «Калі еў мяса, адчуваў цяжкасць падчас заняткаў. Вырашыў правесці эксперымент: перайсці на раслінную ежу. У мяне быў такі прыліў энергіі на трэніроўках! Рабіў заўсёды 50 адцісканняў, а тут змог 100. Але прымушаць чалавека адмаўляцца ад мяса не трэба. Кожны сам выбірае, што яму падыходзіць. Недзе чытаў, што наш арганізм разлічаны на тое, каб пражыць 110 гадоў. Я на столькі і нацэлены: кажуць, што вегетарыянства прадаўжае жыццё», — ці то жартам, ці то ўсур'ёз заўважае Арцём.

Пратэінавых дабавак хлопец не ўжывае. Тлумачыць, што, калі ў вас мэта — выступаць на спаборніцтвах па бодзібілдынгу, без іх не абысціся. Але калі займаешся спортам для аздараўлення, «хімія» не патрэбная. І прыводзіць наступны аргумент: «Калі мы прымаем стэроіды, то цела будзе прыгожым і рэльефным, толькі пакуль мы займаемся. Перастанем — хутка пачне «абвісаць». Лепш не напіхваць арганізм дабаўкамі, тады і год, і два пасля спынення трэніровак форма застанецца ранейшай. А карысныя натуральныя кактэйлі можна рабіць самому. Я, напрыклад, перамолваю ў блэндары з малаком семя льну і чыа, ражанку, перапяліныя яйкі, банан, ягады годжы.

На спаборніцтвах варкаўтары паказваюць эфектныя трукі. Але Арцём папярэджвае: не чакайце, што прыступіце да вывучэння складаных гімнастычных элементаў ужо на першых трэніроўках. Навічок год займаецца толькі базавай падрыхтоўкай. Бо ў чалавека яшчэ слабыя рукі, спіна — калі даць яму выканаць «сцяжок» ці стойку, ён сябе не ўтрымае.

Галоўная парада навічкам — верыць у свае сілы. Інструктар раіць не заганяць сябе ў рамкі. «Вы думаеце, што можаце зрабіць максімум 10 адцісканняў, але цела здольнае на куды большую нагрузку».

Займацца на пляцоўку прыходзяць людзі розных прафесій. Быў нават святар. У яго балела спіна, было цяжка стаяць падчас службы. Трэніроўкі на турніках далі эфект — болі ўціхлі. Цяпер гэты святар служыць у ЗША, але кожны кастрычнік, калі прыязджае сюды, ідзе займацца на пляцоўку. Да спорту ў яго асаблівы падыход: паколькі цела — гэта храм душы, важна яго не запускаць і займацца фізічным развіццём.

Летась Арцём разам з аднадумцам Аляксандрам Сергіенкам зарэгістраваў маладзёжнае спартыўнае грамадскае аб'яднанне «Федэрацыя варкаўт», каб людзі, захопленыя гэтым кірункам, маглі сябе развіваць — удзельнічаць у спаборніцтвах, ездзіць у іншыя краіны і знаёміцца з замежнымі атлетамі. Нядаўна хлопцы правялі тур па 30 гарадах Беларусі з паказальнымі выступленнямі. Імкнуцца ахапіць вулічнымі трэніроўкамі не толькі ўсе раёны Мінска, але і іншыя гарады. Ёсць карпусы інструктараў у Брэсце, Гомелі, Віцебску, Салігорску, Стоўбцах. Застаецца знайсці спонсара, бо пакуль федэрацыя існуе на асабістыя грошы яе заснавальнікаў. Арцём адразу прызнаецца: вытворцаў салодкіх газіраваных напояў, фастфуду і іншых прадуктаў, якія ніяк не звязаны са здаровым ладам жыцця, у якасці спонсараў яны не разглядаюць.

— З часам я хацеў бы пакінуць асноўную работу і цалкам пераключыцца на спорт, — дзеліцца планамі хлопец. — Хачу праз варкаўт дапамагаць іншым людзям мяняцца да лепшага.

Наталля ЛУБНЕЎСКАЯ

Загаловак у газеце: Сіла волі, сіла духу

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.