Вы тут

Як у Пастаўскім раёне аздараўляюцца дзеці


У Віцебскай вобласці дзіцячы рэабілітацыйны цэнтр «Ветразь» удасканальваюць да міжнароднага ўзроўню

Сёння, калі ў аздараўленча-рэабілітацыйным цэнтры «Ветразь» адпачывае тры сотні дзяцей і падлеткаў, складана ўявіць, што ўсяго некалькі гадоў таму ён быў не надта запатрабаваны. Запоўненыя жылыя карпусы, добраўпарадкаваная ўтульная тэрыторыя, а галоўнае — эфектыўныя рэабілітацыйныя праграмы для дзяцей з хранічнымі хваробамі і асаблівасцямі развіцця... Як «Ветразь» атрымаў новае жыццё, чаму на летні адпачынак сюды штогод едуць расійскія дзеці з прыватных школ і які вынік прыносіць комплексная рэабілітацыя — адказы на гэтыя пытанні карэспандэнт «Звязды» атрымала, пабываўшы ў Пастаўскім раёне.


Рэабілітацыя для «Ветразя»...

Аздараўленчыя працэдуры на любы густ — ад навамоднай ароматэрапіі да пакуль рэдкай у нас кінезітэрапіі, харчаванне — шэсць разоў на дзень, сучасныя нумары, утульная тэрыторыя з мноствам кветнікаў, туй і іншымі элементамі ландшафтнага дэкору, а вакол — хваёвы лес. І гэта не замежны цэнтр, у такіх умовах у беларускай глыбінцы праходзяць бясплатную рэабілітацыю дзеці з асаблівасцямі развіцця.

— Паўтара года таму, калі я ўпершыню прыехаў у «Ветразь», стала зразумела, што давядзецца правесці вялікую работу, каб наладзіць эфектыўную рэабілітацыю і зрабіць цэнтр канкурэнтаздольным на рынку аздараўленчых паслуг, — расказвае галоўны ўрач Сяргей Петухоў.

Праца пачалася неадкладна, і з таго часу многае змянілася. Удалося не толькі запоўніць пустуючыя месцы. Дзякуючы фінансавай падтрымцы кіраўніцтва Віцебскай вобласці, а таксама за заробленыя пазабюджэтныя сродкі адрамантавалі частку жылых карпусоў, закупілі новую мэблю і пасцельную бялізну, абнавілі кухоннае абсталяванне, прывялі ў парадак тэрыторыю, арганізавалі нумары павышанай камфортнасці для тых, хто адпачывае па платных пуцёўках. Рэабілітацыйны цэнтр мяняўся з кожным днём. За гэты час толькі дрэў і кустоў было высаджана больш за тры сотні. На алеях і побач з карпусамі з'явіліся паказальнікі ручнога кавання, альтанкі і лаўкі.

Трэба заўважыць, што Сяргей Петухоў, які, дарэчы, сёлета ўзнагароджаны сацыяльнай прэміяй «Палаючае сэрца» на рэспубліканскім конкурсе «Чалавек сваёй справы — 2018», меў значны вопыт арганізатарскай працы. Дзесяць гадоў ён кіраваў Глыбоцкай цэнтральнай раённай бальніцай, і за гэты час медыцынская ўстанова стала адной з найлепшых у Віцебскай вобласці, за што ў 2010-м галоўны ўрач атрымаў ганаровае званне «Чалавек года Віцебшчыны». Пасля быў намеснікам генеральнага дырэктара і галоўным урачом аднаго з самых сучасных санаторных комплексаў краіны — «Пліса». У 2017-м прыняў новы выклік — перайшоў у «Ветразь», якому патрабавалася істотнае абнаўленне.

...і для дзяцей з асаблівасцямі

Заняткі на ўстаноўцы «Экзарта».

Але надаць знешні лоск — толькі палова справы. Галоўнае — трэба было асвоіць сучасныя праграмы рэабілітацыі і навучыць персанал найноўшым методыкам, а таксама абнавіць медыцынскае абсталяванне.

— Наша задача — зрабіць рэабілітацыю комплекснай, задзейнічаць не толькі медыцынскі аспект, але і псіхалагічны, і сацыяльна-педагагічны, — тлумачыць Сяргей Юр'евіч. — Важна максімальна сацыялізаваць дзіця з асаблівасцямі, развіць у яго камунікатыўныя навыкі, вырашыць пытанні бытавой адаптацыі, навучыць пры неабходнасці выкарыстоўваць прылады для руху, папросту кажучы, падрыхтаваць да самастойнага жыцця. Таму з дзецьмі ў нас працуюць медыкі рознага профілю: рэабілітолагі, неўролаг і ўрачы іншых спецыялізацый, інструктары лячэбнай фізкультуры, у тым ліку інструктары па кінезітэрапіі (лячэнне рухам) і эргатэрапіі (развіццё, аднаўленне і падтрыманне навыкаў, неабходных чалавеку ў паўсядзённым жыцці), масажысты, спецыялісты па апаратнай фізіятэрапіі, а таксама псіхолагі, лагапед-дэфектолаг, педагогі і выхавальнікі. Сёння дзейнічае адпрацаваная сістэма. Напрыклад, для дзіцяці з ДЦП мультыдысцыплінарная брыгада спецыялістаў вызначае комплексную праграму і ставіць задачы на трохтыднёвы цыкл нашай стацыянарнай рэабілітацыі. Яны вырашаюць, якія методыкі будуць прымяняцца, якую апаратную фізіятэрапію трэба прызначыць, з якімі зонамі папрацуюць масажысты, як будуць дзейнічаць псіхолаг і лагапед. Праз тры тыдні аналізуем вынік і даём рэкамендацыі бацькам для далейшай самастойнай работы.

Варта заўважыць, што прыклады вялікіх поспехаў сваіх маленькіх пацыентаў можа прывесці кожны спецыяліст лячэбнага аддзялення цэнтра. Хлопчыка з ДЦП з Пастаў, які разам з татам штогод прыязджае на рэабілітацыю, ведаюць тут, здаецца, усе. Ён пакуль не можа хадзіць і дрэнна размаўляе, але з кожным годам адбываецца прыкметны прагрэс. «Хлопчык складаны, але дзякуючы бацькам, якія з ім пастаянна займаюцца і дома, і з нашай дапамогай, мы бачым, што яго стан паступова мяняецца да лепшага», — кажуць у цэнтры. Для персаналу, як і для бацькоў, кожны новы рух, новая ўсмешка — вялікая радасць і стымул працаваць далей.

І хоць медыкі цэнтра сцвярджаюць, што цудаў не бывае і за 21 дзень кардынальныя змены немагчымыя, гісторыі некаторых пацыентаў інакш як цудам не назавеш. Дзяўчына-падлетак з Віцебска з дыягназам ДЦП (падчас хадзьбы ў яе дрэнна рухаліся рука і нага) таксама штогод праходзіла рэабілітацыю ў цэнтры. У адзін з заездаў ёй прызначылі танцавальную тэрапію ў групе са здаровымі падлеткамі. І вынік перасягнуў усе чаканні: менавіта ў танцы яе недахоп амаль цалкам знік.

— Дасягненні нашай медыцыны дазваляюць сёння выходжваць неданошаных дзетак ад 500 грамаў. На жаль, часам яны маюць некаторыя неўралагічныя адхіленні ў развіцці. Таму колькасць нашых патэнцыйных наведвальнікаў не змяншаецца, — канстатуе Сяргей Петухоў. — У эканамічна развітых краінах, як, зрэшты, і ў нас, колькасць дзяцей, якія маюць складаныя хранічныя хваробы, асаблівасці развіцця і інваліднасць, прыкладна 7-8 %. Таму мы мэтанакіравана займаемся захворваннямі пульманалагічнага, кардыялагічнага, апорна-рухальнага профіляў і акцэнтавана развіваем тэхналогіі рэабілітацыі з неўралагічнымі паталогіямі, бо да нас трапляе значны працэнт дзетак з ДЦП.

І ўжо сёння спецыялісты цэнтра, якія прайшлі стажыроўку і навучанне ў Беларусі і за мяжой, дакладна ведаюць, як ім дапамагчы. Інструктар па кінезітэрапіі разам з дзіцем асвойвае новы рух, здымае спазм і ўдасканальвае работу мышцаў, якія адстаюць у развіцці. Частка практыкаванняў выконваецца на ўстаноўцы «Экзарта», якая складаецца з сістэмы падвесаў (петлі, тросы, жгуты) і дапамагае ліквідаваць спазмы і болевы сіндром, аднавіць аб'ём рухаў у пазваночніку і суставах, актывізаваць глыбокія мышцы. Такія заняткі праходзяць у падвешаным стане, калі нервова-мышачная сістэма губляе раўнавагу, такім чынам адбываецца яе своеасаблівая перазагрузка. Развіць поспех дапамагаюць масаж, фізіятэрапія і заняткі па развіцці дробнай маторыкі кісці.

— Рэабілітацыя дзяцей з ДЦП — гэта індывідуальная праца, бо ў кожнага з іх — свая праблема. І такі працэс вымагае больш глыбокага навучання персаналу, чым мы і займаемся пастаянна. Дзякуй галоўнаму ўпраўленню па ахове здароўя Віцебскага аблвыканкама, якое падтрымлівае нашы ініцыятывы і спрыяе іх рэалізацыі, —
кажа Сяргей Петухоў.

А суседзі галасуюць рублём

Але зарабляе цэнтр і самастойна. Два апошнія гады ў «Ветразь» на аздараўленне прыязджаюць расійскія дзеці. Летась у цэнтры адпачывала 200 дзяцей з прыватнай матэматычнай школы Санкт-Пецярбурга разам з выкладчыкамі, сёлета іх прыехала ўжо 300. Наяўнасць уласнай школы на тэрыторыі, а таксама вялікай спартыўнай залы і спартыўных пляцовак, цэнтра вольнага часу і шырокага пераліку аздараўленчых працэдур — усё гэта працуе на карысць «Ветразя». У жніўні тут адпачываюць і трэніруюцца выхаванкі адной з маскоўскіх школ мастацкай гімнастыкі. Галоўны ўрач прызнаецца, што канкурэнцыя на рынку санаторна-аздараўленчых і рэабілітацыйных паслуг сёння вялікая, але пры выбары места для аздараўлення расіяне спыніліся на «Ветразі»:

— Гэтым летам мы не змаглі прыняць усіх ахвотных, нягледзячы на тое, што ў дадатак да 250 ранейшых месцаў арганізавалі яшчэ 50. Дзякуючы гэтаму, дарэчы, наш Пастаўскі раён, а таксама суседнія Глыбоцкі і Шаркаўшчынскі рэалізавалі праграму па аздараўленні дзяцей-сірот. Паказальна, што, пабываўшы ў нас па бюджэтнай пуцёўцы, бацькі часта браніруюць яшчэ адну праз паўгода — за ўласны кошт. Значыць, нашы рэабілітацыйныя праграмы даюць вынік, такім чынам, мы на правільным шляху.

Алена КРАВЕЦ

Загаловак у газеце: На хвалях здароўя

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.