Вы тут

100 тысяч тон збожжа сабралі шклоўскія хлебаробы


Яны пакуль адзіныя ў вобласці, хто змог сабраць такі важкі ўраджай. Перадавікоў жніва ўшаноўвалі на полі фермерскай гаспадаркі «Новы быт» у вёсцы Новыя Комсінічы Шклоўскага раёна. Пра яе гаспадара Аляксандра Канавалава, які працягнуў справу свайго бацькі і паспяхова займаецца сельскай гаспадаркай, «Звязда» ўжо аднойчы пісала. Гэта добры прыклад таго, як можна плённа працаваць на карысць сваёй малой радзімы. І што асабліва каштоўна — не адзіны на Шклоўшчыне.


— Мне вельмі прыемна прысутнічаць на такой знакавай падзеі, — адзначыў падчас ушанавання шклоўскіх хлебаробаў старшыня Магілёўскага аблвыканкама Уладзімір Даманеўскі. — Уборачная збожжавых у вобласці падыходзіць да завяршэння: засталося ўбраць каля 6 % пасяўных плошчаў. Прыемна тое, што ў вельмі няпростых умовах надвор'я, якія характарызуюцца недаборам ураджаю збожжавых і зернебабовых культур, кадры Шклоўскага раёна ў чарговы раз пацвердзілі свой прафесіяналізм — мужнасць і імкненне паказаць, як трэба працаваць на зямлі.

Разам са словамі падзякі за такі значны аб'ём намалоту — 100 тысяч тон — губернатар уручыў старшыні Шклоўскага райвыканкама Васілю Віцюнову падзяку аблвыканкама. Граматы і сімвалічныя караваі атрымалі таксама найлепшыя кіраўнікі сельгасарганізацый, механізатары, кіроўцы, фермеры.

На раніцу 22 жніўня на Магілёўшчыне было ўбрана ўжо 95 % плошчаў збожжавых і зернебабовых, валавы намалот склаў 735,5 тысячы тон збожжа пры сярэдняй ураджайнасці 26,3 цэнтнера з гектара. Па ўраджайнасці лідзіруе Шклоўскі раён — 43 цэнтнеры з гектара, другое і трэцяе месцы ў горацкіх (34 ц/га) і магілёўскіх (31,1 ц/га) хлебаробаў адпаведна.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.