Вы тут

Ганненскі фэст стаў сапраўдным брэндам Зэльвы


Старажытны Ганненскі фэст праводзіцца вось ужо сем гадоў запар, хоць яго адраджэнне пачалося задоўга да гэтага. Сёлета кірмаш пройдзе разам са святкаваннем 760-годдзя заснавання пасёлка. Што чакаць ад брэндавага фэсту ў новым фармаце, мы пацікавіліся ў старшыні Зэльвенскага райвыканкама Дзяніса Альшэўскага.


— З гісторыі мы ведаем, што заснавальнікамі кірмашу сталі былыя ўладальнікі Зэльвы з роду Сапегаў, якія атрымалі дазвол на правядзенне свята ў ХVІІІ стагоддзі. Тады кірмаш працягваўся цэлы месяц і быў адным з самых вядомых у Еўропе. Асабліва ён славіўся гандлем коньмі. Што захавалася з тых часоў і перайшло ў сённяшні дзень?

— Арганізатары свята пастараліся захаваць гэтую асаблівасць. Таму і сёлета госці свята змогуць не толькі ўбачыць коней, але і пакатацца на іх вярхом альбо ў брычках і павозках на працягу ўсяго дня па вуліцах Зэльвы. Створана адмысловая пляцоўка. Тут нават пройдзе конкурс на самую лепшую павозку і ўпрыгажэнне коней. Рыцары таксама сядуць на коней, каб паспаборнічаць у турніры.

Дарэчы, розных пляцовак будзе працаваць з дзясятак. На іх можна будзе паглядзець выстаўкі, паўдзельнічаць у майстар-класах рамеснікаў, нешта купіць, паглядзець тэатральныя пастаноўкі, рыцарскія баі і многае іншае. Лічу, не менш цікавымі будуць фестываль ежы і прэзентацыя нацыянальных падворкаў. У гэты дзень мы таксама ўшануем і нашых перадавікоў жніва: у праграму свята ўключылі раённыя «Дажынкі».

— Дзяніс Аляксандравіч, я заўважыла, што свята пачнецца не ў суботу, а на некалькі дзён раней. З чым гэта звязана і што ў гэтыя дні плануецца цікавага?

— Сапраўды, праграма не абмяжоўваецца выхаднымі, бо мы сумясцілі дзве важныя падзеі — Ганненскі кірмаш, які адбудзецца ў суботу, 25 жніўня, і 760-годдзе заснавання Зэльвы. Да гэтай даты ў чацвер у раённай бібліятэцы пройдзе навуковая канферэнцыя, прысвечаная гістарычнай спадчыне райцэнтра. Вялікая праграма рыхтуецца і ў пятніцу. Мы задзейнічалі ў ёй нават наша вадасховішча — там пройдуць раённае і абласное спаборніцтвы па рыбнай лоўлі. А на стадыёне — міжнародная футбольная сустрэча з камандай з Польшчы.

У цэнтральным скверы і на плошчы можна будзе ўбачыць фотагалерэю знакамітых ураджэнцаў Зэльвеншчыны, таленавітых майстроў-аматараў, прыняць удзел у паэтычных сустрэчах, конкурсах вершаў і песень. У гонар юбілейнай даты адбудзецца цырымонія ўзнагароджвання найлепшых работнікаў раёна.

— Думаю, многія, хто збіраецца наведаць свята, хацелі б даведацца аб відовішчах, якія падрыхтавалі арганізатары, каго з «зорак» запрасілі выступіць падчас юбілею пасёлка і Ганненскага фэсту?

— Відовішчаў будзе дастаткова. Упершыню ў свяце прымуць удзел вулічныя тэатры. Акрабаты, жанглёры, жывыя статуі — 60 вулічных артыстаў з усёй Беларусі ператвораць вуліцы Зэльвы ў яркую п'есу. Можна будзе перанесціся ў Балівуд, на планету скарбаў запросіць тэатр «Галактыка». Адбудуцца майстар-класы па народных гульнях і танцах.

Меламаны змогуць паслухаць як аматарскія творчыя калектывы, так і вядомых эстрадных выканаўцаў. У Зэльве выступяць ансамбль «Бацька Атаман», арт-гурт «Беларусы», артысты з Польшчы і Латвіі. Уражальным абяцае быць шоу тэатра танца з Брэста «Фантазія» і тэатра агню. Напрыканцы будуць відовішчны салют і лазерна-танцавальнае шоу. Думаю, усе, хто захоча правесці свой уік-энд у Зэльве, не пашкадуюць аб гэтым. І нават змогуць адправіць адсюль паштоўку ў фірменным канверце з лагатыпам брэндавага свята Зэльвеншчыны, у цэнтры якога быў і застаецца прыгажун-конь.

Маргарыта УШКЕВІЧ

Загаловак у газеце: У брычцы на Ганненскі фэст

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.