Вы тут

Каля 23 тысяч першакласнікаў сядуць за парты ў Мінску


У сталіцы больш як дзевяць тысяч сем'яў будучых першакласнікаў падалі заявы ва ўстановы адукацыі не па месцы жыхарства. Пра гэта паведаміла журналістам начальнік аддзела дашкольнай, агульнай сярэдняй і спецыяльнай адукацыі камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама Марына ІЛЮШЧЭНЯ. А ўсяго плануецца, што за парты 1 верасня ў Мінску сядзе каля 23 тысяч першакласнікаў, гэта на 1200 чалавек больш, чым у папярэднім годзе.


Нагадаем, што пасля адмены экзаменаў у пятыя класы гімназій і ўвядзення тэрытарыяльнага прынцыпу замацавання дзяцей за гэтымі ўстановамі дастаткова вялікая колькасць бацькоў засталася такім рашэннем незадаволеная. Канешне, найбольш актуальная гэта сітуацыя для Мінска, дзе функцыянуе 50 гімназій, прычым пяць з іх раней не мелі пачатковых класаў. Дзве з апошніх усё ж такі набяруць першакласнікаў (13-я і 27-я гімназіі), але ў трох (№ 25, 41 і 42) сёлета набору пакуль не было. Рашэнні аб замацаванні за той ці іншай установай адукацыі канкрэтных вуліц і дамоў прымаліся адміністрацыямі раёнаў сталіцы, і гэту інфармацыю можна знайсці на іх сайтах.

А вось прымаць рашэнне аб залічэнні ў першыя класы не па месцы жыхарства будуць спецыяльныя камісіі, створаныя ў кожнай установе адукацыі, бо ў першую чаргу школа або гімназія абавязана прыняць усіх тых дзяцей, што тэрытарыяльна замацаваны за ёй. І толькі калі застануцца свабодныя месцы, на іх могуць прэтэндаваць іншыя дзеці. Камісіі будуць засядаць 29 жніўня. У іх склад увойдуць намеснікі дырэктараў і педагогі.

— Рашэнне аб залічэнні на свабодныя месцы не будзе прымацца кіраўніком аднаасобна, — запэўніла Марына Ілюшчэня. — Перавагу будуць мець дзеці, чые браты і сёстры ўжо вучацца ў гэтай установе адукацыі, альбо дзеці штатных супрацоўнікаў згаданай школы або гімназіі. Таксама будзе ўлічвацца чарговасць падачы заяў. Аб прынятым рашэнні бацькі будуць праінфармаваныя вусна або ў пісьмовай форме, калі яны пажадалі атрымаць пісьмовы адказ. Бацькам, чые дзеці не пройдуць на свабодныя месцы ў школах і гімназіях, будзе прапанавана звярнуцца ва ўстановы адукацыі, за якімі яны тэрытарыяльна замацаваны.

Спецыяліст падкрэсліла, што ў нарматыўных дакументах дакладна прапісаны ўсе алгарытмы дзеянняў кіраўнікоў устаноў адукацыі, таму праблемных сітуацый узнікнуць не павінна.

Усяго ў 2018/2019 навучальным годзе ў сталічных школах і гімназіях будуць навучацца больш за 193 тысячы школьнікаў, што амаль на тры тысячы чалавек больш у параўнанні з папярэднім навучальным годам. Ва ўстановах адукацыі адкрыюцца 858 першых класаў і 397 дзясятых класаў, з іх 241 — профільны.

— Сёлета Міністэрства адукацыі прапанавала на выбар дзве даты правядзення ўрачыстых лінеек: 31 жніўня і 1 верасня, — паведаміла начальнік аддзела выхаваўчай і ідэалагічнай работы камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама Ганна РЫСЯВЕЦ. — Мінск пайшоў па шляху шырокага абмеркавання з удзелам педагогаў, прадстаўнікоў адміністрацый раёнаў і, вядома, бацькоў. У нас вялікая кагорта першакласнікаў, і вельмі важна, каб у гэты дзень бацькі маглі быць разам са сваімі дзецьмі. Па той інфармацыі, якая цяпер да нас паступае, урачыстыя мерапрыемствы плануецца правесці 1 верасня. Такое жаданне выказвае досыць вялікая колькасць бацькоў.

А 3 верасня ў школах і гімназіях сталіцы ў рамках Года малой радзімы пройдуць тэматычныя ўрокі па адзінай тэме «Мне выпала шчасце тут нарадзіцца». Педагогі плануюць правядзенне інтэрактыўных урокаў, урокаў-экскурсій на вуліцах, названых у гонар герояў

Першы званок прагучыць 1 верасня ў школе-новабудоўлі № 204 па вуліцы Яна Чачота, 18. Новая ўстанова адукацыі разлічана на 1020 месцаў, яна мае басейн, сучасныя спартыўныя пляцоўкі і тэнісныя корты.

Таксама завяршаецца будаўніцтва трох дзіцячых садкоў на 650 месцаў: у мікрараёнах Лошыца-6, Лебядзіны і на вуліцы акадэміка Карскага. З улікам дзіцячага садка, што быў уведзены ў Фрунзенскім раёне па вуліцы Шырмы ў красавіку, у 2018 годзе горад атрымае дадаткова 800 месцаў ва ўстановах дашкольнай адукацыі.

Надзея НІКАЛАЕВА

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.