Вы тут

Дзе начуе жаўранак?


«Калі я ўспомню / Аб перажытым, / Жыцця гартаю / Спісаны сшытак...» — панчанкаўскімі радкамі, быццам бы ўласнымі, вырашыла пачаць свае ўспаміны аб маёй кароткай, але важнай перапісцы і сустрэчы з народным паэтам Беларусі Піменам Емяльянавічам Панчанкам. Адным з самых любімых паэтаў праз усё маё жыццё, пачынаючы са школы, з яго смелага і мужнага «Героя», які


Злосна сказаў: «Уставай, пяхота!

Мы не на пляжы, а на вайне».

І лёг на змяіныя скруткі дроту.

І дзвесце салдацкіх запыленых ботаў

Прайшлі па яго спіне.

Не ў школе, а значна пазней, ад самога ж Пімена Емяльянавіча я даведалася праўду пра «Героя» — Аляксандра Фяцісава. Салдату насамрэч прыйшлося легчы на дрот, па якім праходзіў ток, — тым самым даць магчымасць прайсці наперад пяхоце, каб тая «сцяг перамогі ўзнімала ранкам на заваёваным рубяжы».

А ў школе і пазней мне не давала спакою іншая праўда: ганарлівае паведамленне маёй настаўніцы Ады Іосіфаўны Пякарскай, што яна быццам бы сядзела за адной партай з Піменам, Пімкам, як землякі майго дарагога Мсціжа, што за 22 кіламетры ад Бягомля, называлі будучага народнага паэта Беларусі. У школьным падручніку па літаратуры не згадвалася гэтая цікавая дэталь. І потым, калі я вучылася ў Мінскім педагагічным інстытуце імя А.М. Горкага, наведваючы бібліятэку нашай альмаматар, у кабінеце на літаратурнай кафедры, у бібліятэцы імя У.І. Леніна — нідзе не знаходзіла жаданай для мяне версіі, што Пімен Панчанка жыў у нас, хадзіў па мсціжскіх лугах, збіраў ягады ў Загорскім лесе... І кожны раз перыяд яго жыцця на Бягомльшчыне завяршаецца вось такімі ўспамінамі:

«У Бягомлі я закончыў сямігодку, прачытаў ледзь не ўсе кнігі ў школьнай і раённай бібліятэках. Бягомльскі раён быў адным з самых бедных у рэспубліцы. Зямля радзіла мала — яна была густа пасыпана каменнямі. Збяруць іх вясной, засеюць палі, а на другі год камення вылазіць яшчэ болей. Раён наш быў пагранічным, і мы з піянерскіх гадоў былі прывучаны глядзець: ці не з’явіўся ў нашых лясах чужынец, шпіён. Пры ўсёй нашай павышанай класавай свядомасці мы ўсё ж пабойваліся лесуноў, заломаў, любілі святкаваць купалле, каляды, вялікдзень. Калі мне споўнілася трынаццаць гадоў, я ўпершыню трапіў у Мінск — дэлегатам Усебеларускага злёту піянераў».

І вось яна праўда — Злёт піянераў у Мінску! Але не з Бягомля, а са Мсціжа Пімен Панчанка, як потым ён мне прызнаўся, быў накіраваны ў сталіцу Беларусі... Дык праўду казала мая настаўніца Ада Іосіфаўна! Свайго суседа па парце яна прыгадвала як выдатніка, лепшага хлопчыка ў класе, паэта... «Бывала, — распавядала яна з дабрадушнай усмешкай, — у час перапынку сядзім на бярвенні, што прывезена да школы, і просім, каб Пімка склаў верш пра каго-небудзь з нас. І ён на хаду праз якую хвіліну чытаў новыя і новыя чатырохрадкоўі і... зрываў апладысменты».

Я ўсё яшчэ сумнявалася ў праўдзівасці слоў сваёй шчырай і добрай настаўніцы, таму ўсё ж наважылася аднойчы сумненні развеяць. Не хапіла смеласці зрабіць гэта падчас сустрэч з Піменам Панчанкам у інстытуце — ад хвалявання падкошваліся ногі і язык рабіўся драўляным.

У 1988 годзе я настаўнічала на Лепельшчыне. Спраў, вядома, у сельскіх настаўнікаў нямала. Рэдка калі выпадала тэлевізар паглядзець. Але перадачу «Літаратура ў школе», якую вёў таленавіты педагог, артыст, мой настаўнік А. А. Каляда, не прапускала. Пачуўшы з блакітнага экрана гаворку Пімена Емяльянавіча, прыгадала сваіх землякоў, бабку Сцепаніду, бо настолькі яго маўленне супадала з нашым дыялектам, што канчаткова пераканалася: быў у нас, жыў і вучыўся ў Мсціжы народны паэт. І, адсунуўшы ўбок сшыткі, планы, рашылася напісаць пра ганарлівае паведамленне настаўніцы, пра мае сумненні... І яшчэ даслала некалькі сваіх вершаў, паэтычных «забавак» — хацелася пачуць меркаванне майстра.

Ліст адправіла, можна сказаць, на «деревню дедушке» — у Саюз пісьменнікаў Беларусі. І 8 сакавіка — не з Саюза пісьменнікаў, а з вуліцы Пуліхава, 29, кв. 122 — прыйшла віншавальная паштоўка, у якой Пімен Емяльянавіч кораценька распавёў аб сваім нараджэнні ў Рэвелі (цяпер Талін) і пацвердзіў, што ў 1930—1931 гадах жыў у Мсціжы, яго бацька быў накіраваны лесніком у наша лясніцтва. Менавіта ад Мсціжа трынаццацігадоваму вучню пашчасціла трапіць упершыню ў Мінск — дэлегатам Усебеларускага злёту піянераў. Праўда, школа на той час знаходзілася ў Загор’і — якраз на горцы, як ехаць з Бягомля, справа ад Мсціжа. У 1988 годзе Пімен Емяльянавіч напісаў, што яго настаўнікі Кецко яшчэ жывыя, жывуць у Гомелі, падкрэсліўшы, што ўсё гэта было «ў старажытную эпоху». А наконт маіх вершаў народны паэт Беларусі таксама развеяў сумненні: «у Вас, безумоўна, ёсць паэтычныя здольнасці, асабліва верш “Жаданне”».

Нават уявіць сабе не магла, што мне сам Пімен Панчанка мог даслаць ліст. Радасная і шчаслівая, я цалавала кожную літарку на паштоўцы. Мала таго, праз пару дзён паштальёнка прынесла ў настаўніцкую бандэроль, распакаваўшы якую на вачах цікаўных калег, трымала ў руках кнігу з зычлівым аўтографам «Зямлячцы па Мсціжу і паэзіі». А на наступны год, якраз 8 сакавіка, — чарговая паштоўка і яшчэ адна кніга — «Горкі жолуд» з памятным надпісам: «Дарагой мсціжанцы Веры Буланда ад усяго сэрца — Пімен Панчанка» 6.ІІІ.89г. г. Мінск. Нарэшце ў гэтым маленькім зборніку ўпершыню ў творчасці Пімена Панчанкі прыгадваюцца мястэчкі, блізкія да Бягомля, а таксама Мсціж:

Залессе, Плёсы, Крэва,

Ваўчу і Ваўкавыск

Змяніць, закрэсліць трэба! —

Здаўна я чую віск.

І трубяць зноўку боўдзілы,

Што Мсціж і Арахі,

І Бортнікі, і Бондары

Здаваць пара ў архіў...

Не таму распавядаю я падрабязнасці перапіскі з Піменам Емяльянавічам, каб надаць сабе нейкай важнасці. Не! І вучням, калі праводзіла ўрокі па творчасці народнага паэта і хвалілася паштоўкамі і яго аўтографамі, заўсёды падкрэслівала яго ўвагу і павагу да людзей, хто б там ні быў, яго чалавечнасць, бо насамрэч — «без чалавечнасці не будзе вечнасці». У гэтым пераканаліся мае вучні не толькі пасля знаёмства з творчасцю любімага мастака слова, але і пасля знаёмства з самім паэтам.

Неяк падчас урока ўголас выказала сваю мару сустрэцца з земляком па Мсціжу. Адна з вучаніц, Оля Колбік, выгукнула: «Дык у чым справа? Давайце з’ездзім у госці!» У госці да народнага паэта? Не, гэта вельмі смела і неяк няёмка, няправільна. Але дзесяцікласніца сказала, што ён зразумее нас, бо вельмі добры чалавек, у мінулым сам настаўнік, які сцвярджае:

Той дзень прапаў і страчаны навекі,

Калі ты не зрабіў таго, што мог;

Калі не паспрыяў ты чалавеку,

Няшчыры быў, зманіў, не дапамог.

У адзін з выхадных дзён — эх, што будзе, тое не зменіш, — едзем у Мінск, на вуліцу Пуліхава, 29, кв. 122. Была восень, з сабой прыхапілі восеньскія нарыхтоўкі: грыбы, варэнні, саленні — не з пустымі ж рукамі ў госці! Вучаніцы Оля Колбік і Наташа Пастушэнка супакойвалі маё хваляванне на працягу ўсёй дарогі. Дзверы нам адчыніла жонка Пімена Емяльянавіча Зоя Кірылаўна. Яна была ўжо апранута ў палітончык, каб ісці на пошту зрабіць аплаты за камунальныя паслугі. Пачуўшы, што мы з Барысаўшчыны (быў трэці год — 4 лістапада 1993 — маёй працы ў гэтым раёне, в. Навасёлкі, Глівінскі сельсасет), гукнула мужу. Хуценька распранулася, пачуўшы згоду сустрэць нас. Пімену Емяльянавічу на калясцы нязручна было самастойна выкочвацца са свайго кабінета. Прыязная ўсмешка, гумар, таварыскасць, нібы мы даўнымдаўно знаёмыя, — з першай хвіліны сцерлі хваляванне і збянтэжанасць. Я і вучні па-новаму ўспрынялі яго біяграфію, жыццёвы шлях прайшоў перад намі больш яскрава і запомніўся на ўсё жыццё:

«Задоўга да імперыялістычнай вайны мае бацькі — беларускія сяляне — паехалі ў Прыбалтыку ў пошуках заробку і пачалі працаваць на суднабудаўнічым заводзе ў Рэвелі (цяпер Талін), там я і нарадзіўся 23 жніўня 1917 года.

Пасля грамадзянскай вайны бацька працаваў дзясятнікам, аб’ездчыкам, прарабам, ляснічым. Я часта ездзіў з ім то на пасадку лесу, то на новыя распрацоўкі і кожны раз бачыў многа новага і цікавага ў жыцці леснікоў, лесарубаў, возчыкаў, падсочніц, сплаўшчыкаў. Мяне заўсёды здзіўляла, якія ў нас разнастайныя, непаўторныя лясы: магутныя пушчы, заўсёды ўсхваляваныя асіннікі, звонкія высокія бары, прасторныя дубровы, вясёлыя бярозавыя гаі, застыўшыя ў непрыступных калонах ельнікі, калінавыя і чаромхавыя зараснікі... Для беларускіх хлапчукоў лес — першая школа, зялёная энцыклапедыя. Ён шуміць, пяе, шалясціць, кукуе, перагукваецца, вые, гудзе, грозна маўчыць. Духмяная звонкая зямля, родны дом, напоўнены казкамі, паданнямі, легендамі. З малых гадоў усе мы вучыліся пасвіць у лесе кароў, збіраць ягады і грыбы, вязаць венікі, выразаць з балотнай бярозы чачоткавыя кіі, а з лазы — дудкі і свісткі, знаходзіць птушыныя гнёзды, запасаць на зіму арэхі і рабіну. Мы ніколі не баяліся свайго лесу. Пазней, у гады Айчыннай вайны, беларускі лес для многіх стаў надзейным абаронцам...»

Часта свой аповед Пімен Емяльянавіч перарываў пытаннямі, напрыклад, як працуецца настаўнікам у вёсцы, і прыгадваў свае настаўніцкія гады:

«З восені 1934 года я быў настаўнікам у Кіраўскім раёне Магілёўскай вобласці, спачатку ў пачатковай школе, а пасля ў сярэдняй, і вучыўся ў Мінскім настаўніцкім інстытуце.

Сельскі настаўнік заўсёды перагружаны. Падрыхтоўка да ўрокаў, гурткі і даклады, антырэлігійная прапаганда і многае-многае іншае.

Тады было страшэннае бездарожжа. Праўленне калгаса выдзеліла для мяне каня: я і цяпер успамінаю вясновую бездараж і разбухлыя ад гразі палявыя дарогі, па якіх я паціху ехаў на куставую настаўніцкую нараду і вяртаўся цёмнай ноччу ў сваю вёску. Канікулы праводзіў у Мінску. Былі прачытаны абавязковыя і неабавязковыя інстытуцкія класікі, але класіка мяне ў той час мала цікавіла. Усё часцей і часцей я заглядваў у трохпавярховы зялёны Дом пісьменніка, каб паслухаць ці проста паглядзець на нашых жывых пісьменнікаў — Купалу, Коласа, Бядулю. З Мінска заўсёды прывозіў чамадан кніг. Для мяне адкрываўся новы паэтычны сусвет...»

Нам не давялося бачыць ні Коласа, ні Купалу, затое мы вось так непасрэдна сядзелі насупраць Пімена Панчанкі і ад яго таксама павезлі дадому кнігі з аўтографамі кожнаму. Кнігі нам па «загадзе» мужа адшукала Зоя Кірылаўна, таксама настаўніца, як выявілася ў час размовы. Толькі настаўнічала яна мала — набірала вершы свайму Пімену, была «ўласным сакратаром», які, нягледзячы на хваробу, жартаваў на працягу ўсёй нашай сустрэчы. Каляску сваю называў ратавальным канём, а кушэтку побач — каб жонку вартаваць, а заадно і санітарка побач, «была сакратаркай, цяпер — санітаркай...»

Мяне ўсцешвала вельмі, што Пімен Емяльянавіч памятаў і Мсціж, і Валокі, і Мрай, і камяністую глебу... Здзівіўся, што і мы школьнікамі кожны год збіралі каменне. А яшчэ гутарылі пра жыццё і жыта, пра жаўранкаў у паднябессі. Усе задумаліся над пытаннем: «А сапраўды, дзе начуе жаўранак?»

Дзе начуе жаўранак,

Скажыце,

Ці на лёгкім воблаку,

Ці ў жыце?

Запытаўся ў некага

Я ўранні...

Гэта пачалося ўжо

Вяртанне.

.........................

Запытаўся,

Ды ніхто не чуе...

Пэўна, ў сэрцы

Жаўранак начуе.

Пімен Емяльянавіч прызнаваўся: «Самым “маім”, самым неабходным на ўсё жыццё зрабіўся для мяне Уладзімір Маякоўскі». А для мяне самы «мой» — гэта ён, Панчанка! І не таму, што зямляк, а таму, што яшчэ задоўга да знаёмства з ім мне зразумелыя і самыя «мае» яго радкі: «Пачуць хачу я Дыханне жыта»; «Сябры, давайце будзем хвалявацца / За ўсіх і ўсё: за зерне, і дзіця...»; «Мала сказаць: ненавіджу, / Мала сказаць: прызнаю, / Біцца за праўду — і выжыць, / Нібы салдат у баю»; «Ці плачу я, ці пяю? / Восень. На вуліцы цёмна... / Пакіньце мне мову маю, /Пакіньце жыццё мне!»

Пайшоў з жыцця Пімен Панчанка 2 красавіка 1995 года. Не стала сапраўднага сябра, добрага чалавека, шчырага патрыёта, які адзін з першых узняў голас у абарону беларускай мовы. Не стала вялікага паэта, які з нянавісцю ставіўся да ўсяго таго, што перашкаджала сумленна жыць, працаваць. Для якога самае важнае ў паэзіі — праўда жыцця, праўда пачуццяў яго сучаснікаў, чалавечнасць. Ён і мяне ў адным сваім аўтографе папрасіў: «Жыві праўдзіва, пішы праўдзіва — будзеш шчаслівай!»

Дзякую, Пімен Емяльянавіч, што былі ў маім жыцці і застаюцца ў памяці вашы добрыя словы, цудоўныя вершы і... жаўранак, які яшчэ і ў маім сэрцы начуе.

Вера БУЛАНДА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».