Вы тут

Жывапіс белых дарог. Частка другая


Нататкі з пленэрнай гістарычна-патрыятычнай экспедыцыі “Свяшчэнныя палі Расіі ды Беларусі ў малюнках дзяцей” Растоўскага-на-Доне творчага аб’яднання “Нашчадкі. ХІІ – ХХІ стагоддзе” імя асветніка Кірылы Тураўскага

З першай часткі нататкаў (гл. “ГР”, № 26, 31 ліпеня) чытачы даведаліся пра рух па маршруце, пленэры ўдзельнікаў нашай экспедыцыі на Ігаравым полі (пры хутары Пагарэлаў у Белакалітвінскім раёне Растоўскай вобласці), на Куліковым полі (яно за 130 км ад Тулы), а таксама Барадзінскім полі (на захад ад Мажайска, Маскоўская вобласць). Далей наш аповед — пра вандроўкі, пленэры, сустрэчы ў Беларусі.


Здымак на памяць у Мінску ля Гістарычнага музея

Дзень пяты. 4 ліпеня. Гоцк, Хорастава

Ах, як добра спіцца пасля доўгай дарогі ў роднай маёй Беларусі, ды яшчэ ў вёсцы Гоцк, якая памятае маё басаногае пасляваеннае маленства! Падняліся мы, калі сонца ўжо высока было: ажно ў 11 гадзін. Звязаліся адразу ж па тэлефоне з Жыткавічамі, да якіх ехаць амаль 100 кіламетраў. Якраз у Жыткавіцкім раёне Гомельшчыны, на ўзбярэжжы рэчкі Прыпяці, як вядома, стаіць Тураў, адзін з найстаражытных гарадоў на тэрыторыі сучаснай Беларусі.

Там нас чакалі: была ж папярэдняя дамоўленасць. А паколькі мы аказаліся ў Партызанскім краі, то можна ж і яго, разважылі, таксама лічыць яшчэ адным свяшчэнным полем Айчыны. Таму я не прамінуў паказаць юным мастакам з Растована Доне помнікі беларускім Героям Айчыны, якія здзейснілі подзвігі ў родным краі. Так у шэрагу нашых экспедыцыйных малюнкаў аказаўся партызанскі генерал, Герой Савецкага Саюза Васіль Захаравіч Корж: арганізатар і камандзір партызанскага злучэння, якое было адным з найвялікіх і знакамітых на тэрыторыі Беларусі ў Вялікую Айчынную вайну. (Падрабязней пра герояземляка Уладзімір Банцэвіч расказваў у тэксце “Волат з Палесся”. — ГР, 10.05.2018. — Рэд.). Мы пабывалі ў музеі Васіля Каржа, у вёсцы Хорастава, непадалёку ад Гоцка, зрабілі малюнак яго помніка. Як і помніка братам Івану і Міхаілу Цубам, што ў лютым 1943-га паўтарылі ў Партызанскім краі подзвіг Івана Сусаніна. І адтуль прадоўжылі рух на Жыткавічы. (Дарэчы, калі жыць у рытмах сучаснасці, то варта згадаць: якраз у той вёсцы Хорастава — родавыя карані футбаліста са зборнай каманды Расіі Сяргея Ігнашэвіча, які на нядаўнім чэмпіянаце свету стаў адным з герояў матча 1/8 фіналу супраць іспанцаў. За зборную тытулаваны 38-гадовы абаронца правёў звыш 120 матчаў. Такія Абаронцы — гонар і для Беларусі, якую Сяргей любіць, да таго ж тут жывуць, расказваў журналістам, тры яго дзядзькі (родныя браты бацькі) са сваімі сем’ямі ды цётка, таксама родная, з сынам — хрэснікам Сяргея. — Рэд.)

Мы рухаліся на Тураўшчыну — я б называў яе Баянавай Зямлёй. (У рэальнасці, як вядома, зямля Баянава была ў Кіеве: пра тое сведчыць унікальны надпіс, знойдзены архітэктарамірэстаўратарамі ў 1960-я гады ў Полацкай Сафіі: пра тое можна пачытаць тут https://hіstory. wіkіreadіng.ru/249862 — Рэд.) Не выключаю, што і ў Тураўскім княстве князь Ігар папаўняў дружыну сваю для паходу на полаўцаў. У Тураве ж, як вядома, жыў, здзяйсняў подзвіг служэння Усявышняму святы Кірыла Тураўскі, якога ўшаноўваюць хрысціяне многіх краін — падрабязней тут http://www.jіvebelarus.net/ hіstory/faces/Cyrіl-of-Turaw.html Ёсць меркаванні, што ён быў у нейкай роднасці з летапісным Баянам — так што й Тураўшчыну называць можна вобразна: зямля Баянава. Некаторыя сучасныя даследчыкі небеспадстаўна схіляюцца да думкі: якраз Кірыла Тураўскі, аўтар вядомых словаўказанняў, можа быць і аўтарам “Слова аб палку Ігаравым”. Так што й Тураўшчына ёсць свяшчэннае поле Бацькаўшчыны — у шырокім сэнсе слова.

У райвыканкаме Жыткавіч сустракаў нас начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры й па справах моладзі Сяргей Агіевіч. Дапамог размясціцца пад вечар у інтэрнаце гімназіі. Мы абмеркавалі з ім як наш пленэр у Тураве, так і ўдзел у Міжнароднай навуковапрактычнай канферэнцыі, прысвечанай Году малой Радзімы: яе ў тыя дні якраз ладзілі ФНКА “Беларусы Расіі” ды Маскоўскі дзяржуніверсітэт імя Ламаносава. Зусім выпадкова трапілі мы ў сілавое поле канферэнцыі, а паўдзельнічаць у ёй палічылі за гонар — таму й падкарэктавалі свае планы. Да таго ж хацелася бліжэй пазнаёміцца з гэтым чароўным куточкам Беларусі, яго гісторыяй, людзьмі.

Дзень шосты. 5 ліпеня. Тураў

Першай справай у гэты дзень было наведванне Тураўскага краязнаўчага музея. Нас там прыветна сустрэў яго дырэктар Дзмітры Апановіч. Спачатку правёў па экспазіцыі, затым прапанаваў агледзець раскоп старажытнага Тураўскага храма, што на Замкавай гары. Там і зрабілі мы свае пятыя пленэрныя малюнкі са знакамітай скульптурай Кірылы Тураўскага.

Дзень сёмы. 6 ліпеня. Перасоўная выстава.

Канферэнцыя Яшчэ напярэдадні з вечара пачалі мы рыхтавацца да сваёй першай перасоўнай выставы: бо мы ж і самі ў экспедыцыі мастакіперасоўнікі. Везлі з сабою шмат малюнкаў, вітражоў, мазаік і драўляных разных пано, якія побач з пленэрнымі малюнкамі планавалі выставіць у Мінску. То гэтую выставу й рашылі спачатку паказаць на канферэнцыі ў Тураве. Да дзвюх гадзін ночы працавалі, каб яна мела добры выгляд. І 6 ліпеня, у першы дзень працы канферэнцыі, разгарнулі выставу ў будынку Тураўскага гарвыканкама: там праходзіла міжнародная імпрэза. Мы ганарыліся, што ўсім вельмі спадабалася выстава як па якасці экспанатаў, так і па актуальнасці зместу. Вось нас і папрасілі, каб яна пераехала і ў Дом культуры вёскі Пагост, дзе канферэнцыя працавала на другі дзень.

Мы таксама двойчы выступалі на канферэнцыі з дакладам пра нашу экспедыцыю, змест якой дзіўным чынам згарманізаваўся з тэматыкай міжнароднай канферэнцыі на Тураўскай зямлі. Так мы ўпэўніліся, што выбралі актуальную тэму ды правільны курс для руху. І яшчэ запомніцца нам той рамантычны вечар над рэчкаю Прыпяццю, бо мы там паўдзельнічалі ў вельмі маляўніча аформленым беларускім Купаллі.

Дзень восьмы. 7 ліпеня. Пагост. Вячэра над Прыпяццю

Дзень прайшоў па плане канферэнцыі — у вёсцы Пагост, што за тры кіламетры ад Турава. Там была разгорнута цікавая мясцовая этнавыстава, уразіў нас і канцэрт этнаграфічных гуртоў Жыткавіцкага раёна. У канцы дня нас гасцінна запрасілі павячэраць на беразе Прыпяці. Помніцца: фонам — вельмі жывапісны заход сонца. Неверагодна прыгожа ён адбіваецца ў прасторным люстэрку крыштальна чыстай вады гэтай вялікай беларускай рэчкі. Мне нават захацелася ўявіць сабе нейкі таямнічы шлях добрых надзей ад Ціхага Дону да крынічнай Баянавай Прыпяці. Але ж калі з гэтай палескай рэчкі вады напіцца можна дзе хочаш, то з Дону — толькі ачышчанай. З такою, трохі сумнаю думаю, пакідаў я бераг роднай Прыпяці ў той вечар. А роднай — бо нарадзіўся я ў далёкім 1948-м у вёсцы Камень, на рэчца Бобрык, што ўпадае ў Прыпяць. Потым дзяцінства маё прайшло на рэчцы Лань: яна таксама дачка Прыпяці. Беларускай Венецыяй называюць ТураваПінскія мясціны, але ж на гэта хочацца гукнуць: навошта нам заморскія эпітэты, калі ёсць самы цудоўны наш — Зямля Баянава.

Дзень дзявяты. 8 ліпеня. Родны бераг — вёска Камень

Бывай, гасцінны Тураў, бывайце, дзівосныя надпрыпяцкія ваколіцы! Мы рушылі ў бок Брэста, маючы ў планах і тую самую вёску Камень, сустрэчу з маёй раднёй па сямейнай справе. Знайшлі начлег у Мікалая Саланевіча, майго дваюраднага дзядзькі. Юныя мае мастакі доўга, дапытліва, у тым ліку й на смак вывучалі садовую батаніку. А яна ж такая багатая! Прыкладваліся то да куста чорнай смародзіны ці парэчак, потым да вішні з малінай, яшчэ быў сакавіты белы наліў, грушы розных гатункаў. Тут жа ў дзеда і пасека свая, і нават ставок з карасямі... Пра лапушысты агарод, дзе, скажам, і морква, і часнок з дзедаў кулак, ужо й гаворкі няма. Каб абмыць смакату, юныя творцы вучыліся карыстацца палескім калодзежам з жураўлём. Зрэшты, у глыбінцы пад Пінскам сёння не ўсё так архаічна: побач з возам, плугам ды сахой дрэмле да пары, нібы той бульдог, невялікі грузавы “мэрс”, а за ім яшчэ невялічкі трактарок выглядвае. Ну якія экскурсаводы, скажыце, вам такую экзотыку дзе пакажуць?

Вечарам у дзедавай хаце для нас былі яшчэ пачастункі: беларускія бліны са свойскім мёдам. Месца для начлегу ўсім хапала ў тых чатырох пакоях, дзе ў кожным па ложку й канапе.

 Добра ўсе выспаліся. На сняданак смакавалі запечаную рачную рыбу з бульбай, а ў дарогу далі нам дранікі. Запомніліся белыя вусы, добрая усмешка ды вясёлыя жарты дзеда Мікалая. Ён, казаў, яшчэ малады, бо яму праз тыдзень “яшчэ толькі восемдзясят гадкоў будзе”. То віншуем з юбілеем!

Дзень дзясяты. 9 ліпеня. Камянец

 

Цёпла развіталіся з гасцінным гаспадаром у Камені ды ўжо рухаемся на Камянец. Пасля абеду, гадзін у 16, прыбываем у горад. Намеснік старшыні райвыканкама па сацыяльных пытаннях сустракае гасцей, а ягоны калега дапамагае размясціцца ў спартыўным цэнтры: там будзе начлег. Мы яшчэ паспелі да 19 гадзін зрабіць плэнэр паблізу знакамітага Камянецкага слупа (не жарты: ХІІІ стагоддзе!) ці, як яго часцей называюць, Белай вежы. Там і пазнаёміліся з супрацоўніцай музея: Валянціна Васілеўна якраз жыве непадалёку ад спартцэнтра. Дык вечарам яна баршча дамашняга ды чаю з пампушкамі нам прынесла. Вось якія ў Камянцы людзі сардэчныя!

Дзень адзінаццаты. 10 ліпеня. Брэсцкая крэпасць-герой

Камянецкі слуп. Малюнак Лідзіі Мяжэры

З самага ранку пабывалі ў вёсцы Камянюкі, што на ўскрайку Белавежскай пушчы, можна сказаць — у яе моцным энергетычным полі. Паглядзелі музей Прыроды. Затым вярнуліся ў Камянец, дзе Валянціна Васілеўна для нас арганізавала экскурсію ў музей “Белая вежа”.

Затым рухаемся ў Брэст: у нас у планах пленэр у Брэсцкай крэпасцігероі. Сцішанасць, хваляванне я прыкмеціў на тварах, у вачах сваіх вучняў. Яны тут упершыню. А ваенная музыка з вядомым заклікам “Вставай, страна огромная...”, калі праходзілі праз сімвалічны праёмуваход Звязды, адгуквалася ў нашых целах дзесьці між лапатак, пранізвала як токам да саміх пяткаў нашы істоты. Руіны Цытадэлі, велічны Помнік салдату, высокі стальны штык, што пранізвае неба з серабрыстаружовымі прадвячэрнімі аблокамі... Усё тут адбіваецца ў сэрцы заклінаннем: помні! Малявалі вялізны помнік, чырвонаармейца з каскай, які паўзе да вады (помнік “Смага”), Холмскія вароты са шматлікімі слядамі ад снарадаў і куль. Мне ж было прыемна ўсведамляць: сплочваецца даніна памяці юных растаўчан героям Брэсцкай крэпасці, здзяйсняецца тое, што мы задумалі, ладзячы экспедыцыю. Адладжваецца духоўная повязь слаўных нашых продкаў з “Нашчадкамі”...

У ліпені яшчэ доўгія на Бацькаўшчыне вечары. І адразу пасля пленэру мы рушылі ў дарогу, а глыбокім вечарам прыехалі ў мястэчка Мір: гэта Карэліцкі раён Гродзенскай вобласці. Добра, што яшчэ працавала прадуктовая крама, дзе амаль перад закрыццём у 22 гадзіны паспелі мы прыкупіць штосьці да вячэры. Заначавалі ў невялічкім гатэльчыку “Мір”, дзе знайшліся месцы: нам у гэты дзень яўна шанцавала. Можа, і Белая вежа, і Крэпасцьгерой дапамагалі нам у тым нейкімі сваімі таемнымі белымі сіламі.

Дзень дванадцаты. 11 ліпеня. Мір. Платаўскае поле

Платаўскае поле пад Мірам. Малюнак Мікіты Паяркова

Падхапіліся раненька: трэба ж правесці рэкагнасцыроўку, заняць выгадныя мастацкія пазіцыі для далейшых дзеянняў. Я сваім юным калегам ужо тлумачыў, што маю тры педагагічныя адукацыі. З іх апошнім быў педуніверсітэт, перад ім — жывапіснапедагагічная, а самая першая ў мяне была ваеннапедагагічная: школа сяржантаў. І ўвесь той досвед ад мяне, казаў, вам будзе вельмі карысны, асабліва ў такой няпростай экспедыцыі, як наша. Бо трэба ж паспець па дарожнай карце ўсюды! Увогуле для мастака не толькі пэндзлі, палатно ды фарбы маюць сэнс, але ж і самаарганізацыя.

У першую чаргу, абавязкова, трэба была Платаўскае поле намаляваць, паколькі мы з Растована-Доне. А поле — пад Мірам — тое, дзе данскія казакі атамана Платава далі самы першы ў вайне 1812 года бой Напалеонаўскім вайскам. Прычым паспяховы, бо панеслі страты, чытаў я ў некаторых крыніцах, карпусы уланаў, якія ваявалі ў складзе французкай арміі. Гэты малюнак рабіў Мікіта Паяркаў.

Ну а дзяўчынкам я даручыў Мірскі замак маляваць, бо яны яшчэ з вечара, як мы пад’ехалі да яго, наперабой прасілі пра тое: велічны будынак ім вельмі спадабаўся. Размясціўшы мастакоў “па мастацкіх пазіцыях”, я ўзяў партрэт атамана Данскога казацкага войска, генерала ад кавалерыі Мацвея Іванавіча Платава і пайшоў да кіраўніцтва Замкавага комплексу. Мяне сустрэла загадчыца аддзела ўліку і захавання музейных фондаў Алена Дзяніс. Я расказаў пра нашу экспедыцыю, што мы прывезлі, каб падарыць у замкавы музей, мазаічны партрэт атамана Платава. Наш падарунак усім супрацоўнікам прышоўся даспадобы. Далей мы падпісалі належныя дарчыя дакументы. А нас у знак удзячнасці потым, пасля пленэру, ласкава запрасілі на вялікую экскурсію па замку. Было вельмі цікава.

Так завяршылася ў Міры пленэрная частка нашай экспедыцыі. У гэты ж дзень мы рушылі ў Мінск, дзе ў Нацыянальным музеі гісторыі Беларусі планавалі зрабіць выставу. Выгрузілі нашы экспанаты, дамовіліся з кіраўніцтвам, як правядзем заўтра яе адкрыццё, прэзентацыю.

З Мінска паехалі ў дачны пасёлак Хадакова: гэта кіламетраў 13 ад Мінскай кальцавой аўтадарогі па Брэсцкай трасе, дзе нам сябры паабяцалі сустрэчу з цікавым чалавекам і прытулак на дзве апошнія ночы ў Беларусі. Нам, сапраўды, пашанцавала, бо патрапілі на лецішча мастакадызайнера, вітражыста, журналіста, гасціннага Уладзіміра Цвіркі. Як потым аказалася, жывучы ў вёсцы Возерскае, ён вучыўся ў васьмігодцы за два з гакам кіламетры ў вёсцы Сімакова Карэліцкага раёна: якраз там і малявалі мы Платаўскае поле. Вось які цесны свет! Але ж найяркія ўспаміны пра гаспадара даў нам самабытны, унікальны свет яго домамузея, які пабудаваў, любоўна зладзіўсабраў гэты мастак і філосаф. Уразіў, скажам, ягоны дзеючы ветрачок, наймаленькі ў Беларусі. Усяго ж у музеі тым, казаў, каля 13 тысяч экспанатаў: даўнія прадметы гаспадарчай дзейснасці, кнігі, гадзіннікі, музінструменты... Ёсць і ўнікальныя вітражы, якія нас захапілі ды зачаравалі. Нізкі паклон Уладзіміру Андрэевічу за тыя незабыўныя два дні, якія мы пражылі ў ягонай творчай майстэрнімузеі.

Дзень трынаццаты. 12 ліпеня. Выстава ў Гістарычным музеі

Дзень быў для нас важны. Святочны. Бо адкрывалася наша выстава “Свяшчэнныя палі Расіі ды Беларусі ў малюнках дзяцей”. У Нацыянальным гістарычным музеі Беларусі мы выставілі творы юных мастакоў з Растоўскагана-Доне творчага аб’яднання “Нашчадкі. ХІІ — ХІ стагоддзе” імя беларускага асветніка Кірылы Тураўскага.

Мастак Андрэй Адамчык частуе гасцей. Фота Івана Ждановіча.

Прэзэнтацыя выставы пачалася ў 15 гадзін. Удзельнікаў віншавалі, узнагароджвалі прадстаўнікі музея, а таксама Рэспубліканскага цэнтра нацыянальных культур — яго дырэктарка Вольга Антоненка і кіраўнік метадычнага аддзела Алег Лозка. Добрыя словы казаў нам Андрэй Адамчык — калега, дырэктар мінскай Дзіцячай мастацкай школы №1 імя Віталя Цвіркі. Які, дарэчы, потым і запрасіў нас папіць чаю: будынак школы непадалёк ад музея. На прэзэнтацыі мы падарылі музею мазаічны вобраз Кірылы Тураўскага. Ды яшчэ Мінскаму гарвыканкаму для падмацавання пабрацімскіх сувязяў Растована-Доне з Мінскам перадалі 5 вітражоў з відамі абодвух гарадоў. А дырэктар музея Павел Сапоцька, якому мы вельмі ўдзячны за падтрымку нашага праекта, падарыў нам унікальную кніжную калекцыю.

На выставе ў Гістарычным музеі

Падводзім вынікі экспедыцыі

Апошнім днём на тэрыторыі Беларусі ў нас было 13 ліпеня. Мы ўшанавалі памяць ахвяраў фашызму Мінутай маўчання ля Вечнага агню на Мемарыяле ў Хатыні. Адтуль экспедыцыя і ўзяла курс дадому. Ехалі хутка, і ўсе паспяхова вярнуліся ў Растоўна-Доне 14 ліпеня.

Цяпер мы парадкуем, сістэматызуем сабраныя матэрыялы, малюнкі, раздаем інтэрв’ ю. У прыватнасці, пра нашу экспедыцыю напісала растоўская рэгіянальная газета “Молот”, праяўляюць інтарэс да яе іншыя выданні. Я рыхтую каталог экспедыцыі, у які ўвойдуць усе матэрыялы: ад увекавечання памяці пра Кірылу Тураўскага на Растоўшчыне, уключаючы й публікацыі ў газеце “Голас Радзімы”. А 8 верасня, у дзень Кулікоўскай бітвы, мяркуем адкрыць выставу “Свяшчэнныя палі Расіі ды Беларусі ў малюнках дзяцей” у сваім школьным музеі.

Калі казаць коратка, то асноўныя вынікі экспедыцыі такія: мы сабралі для музея, што месціцца ў 112-й растоўскай школе, зямлю з розных свяшчэнных палёў Расіі ды Беларусі, багаты фотаматэрыял, які будзем выкарыстўваць і ў працы гуртка “Абразок”. Прывезлі даследчыя матэрыялы, кнігі, розныя рэчы для музея. Вельмі важна, што на гэты раз мы завялі новыя знаёмствы ды ўмацавалі ранейшыя з кіраўнікамі, супрацоўнікамі розных музеяў і ўстаноў па маршруце экспедыцыі. Вядома ж, напрацаваны ўнікальны мастацкі матэрыял для першага каталога “Свяшчэнныя палі Расіі ды Беларусі ў малюнках дзяцей”. Мы марым і надалей асвойваць, глыбей вывучаць адкрыты намі новы экскурсійны маршрут, што праходзіць па тэрыторыі дзвюх братніх краін — Расіі ды Беларусі.

Уладзімір Банцэвіч, кіраўнік экспедыцыі, старшыня Саюза беларусаў Дона

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Чым здзіўлялі арганізатары Фестывалю навукі?

Чым здзіўлялі арганізатары Фестывалю навукі?

Толькі Ньютан і толькі хардкор! 

Культура

Новы музей і вулічны гадзіннік цяпер ёсць у Дуброўне

Новы музей і вулічны гадзіннік цяпер ёсць у Дуброўне

Іх стварылі ў гонар прадпрыемстваў, якія паспяхова функцыянавалі ў дарэвалюцыйны час.

Грамадства

Барацьба з баршчэўнікам Сасноўскага ідзе нежартоўная

Барацьба з баршчэўнікам Сасноўскага ідзе нежартоўная

Не выяўлены гіганцкі баршчэўнік пакуль толькі ў Брагінскім, Нараўлянскім і Лельчыцкім раёнах Гомельшчыны.

Грамадства

Якім чынам можа праяўляцца адзінота?

Якім чынам можа праяўляцца адзінота?

Адзінота і асабліва адзінота ў сям'і — рэальная прыкмета нашага часу.