Вы тут

Надзейны чалавек з Брэста


Доўгі час Барыс Брук, які сустрэў сваё 85‑годдзе, служыў у сістэме Галоўнага разведвальнага ўпраўлення (ГРУ) Міністэрства абароны СССР. Цяпер жа ён узначальвае савет Брэсцкага абласнога клуба нацыянальных культур “Садружнасць”.


Барыс Брук хоць і нарадзіўся 85 гадоў таму ў Маскве, аднак мае родавыя карані ў мястэчку Любавічы, на беларускай этнічнай тэрыторыі Аршаншчыны. (У Любавічах — цяпер гэта Руднянскі раён Смаленскай вобласці — паўстала новая рэлігійная плынь у іудаізме пад назвай хабад (хабад-любавіч, любавіцкі хасідызм. — Рэд.). Там нарадзіўся яго бацька, Мендэль Майсеевіч. Пэўна, тое абумовіла паважлівае стаўленне бацькі й сына да яўрэйскай рэлігіі. Юбіляр згадвае, як пасля смерці дзеда яны з бацькам ездзілі ў Любавічы. Хоць бацька й служыў палітработнікам, аднак на стале ў яго заўсёды ляжаў малітоўнік на іўрыце: “І пакуль мог, ён ездзіў у Маскву, у сінагогу. У дзяцінстве вадзіў мяне… Часам мільгае карціна: уваход у сінагогу, запаленыя лямпы ў выглядзе свечак, бацька падводзіць мяне да рабіна…”

І Барыс Мендэлевіч не цураўся свайго яўрэйства ні ў школе, ні ў ваенным вучылішчы, ні ў ваеннай ВНУ, ні ў месцах шматгадовай ваеннай службы, якая пачалася ў 1952 годзе. Асноўны ж час ягонай службы прыпаў на сістэму Галоўнага разведвальнага ўпраўлення (ГРУ) Мінабароны СССР. Ён, дарэчы, заспеў пару, якая доўжылася амаль чвэрць стагоддзя, калі ГРУ ўзначальваў ураджэнец Брэста генерал арміі Пётр Іванавіч Івашуцін. Барыс Мендэлевіч пасля сыходу ў адстаўку ў званні палкоўніка стала жыве ў горадзе над Бугам.

Ветэран Узброеных Сіл СССР некалькі гадоў быў у Брэсце дырэктарам фізкультурна-аздараўленчага комплексу. (У нэце знаходзім: пасля выхаду ў адстаўку ён кіраваў і працай Паста № 1 у Мемарыяльным комплексе “Брэсцкая крэпасць-герой. — Рэд.) Пасля ж актыўна ўключыўся ў грамадскую дзейнасць. Яму, дарэчы, многае ўдалося на пасадзе старшыні праўлення Брэсцкай яўрэйскай абшчыны “Брыск”. У прыватнасці, у Брэсце дзякуючы яго намаганням 13 гадоў таму была ўстаноўлена мемарыяльная дошка на былым будынку яўрэйскай гімназіі, у якой вучыўся будучы лаўрэат Нобелеўскай прэміі Менахем Бегін, адкрыты музей “Яўрэі Брэста”, выяўлены раней невядомыя месцы расстрэлу яўрэяў гітлераўцамі… Актывісты суполкі дапамагаюць састарэлым, праводзяць шэраг цікавых культурных мерапрыемстваў.

Цяпер у юбіляра ёсць і новая пасада: ён узначальвае савет Брэсцкага абласнога клуба нацыянальных культур “Садружнасць”. Барыс Брук расказаў мне, што ўжо ўсталяваны выдатныя працоўныя стасункі з актывістамі шэрагу суполак: гэта Украінскі педагагічны саюз “Берагіня”, “Польска мацеж школьна” (грамадскае аб’яднанне “Polska Macierz Szkolna” было адроджана ў Беларусі 3 снежня 1995 года. Згодна са статутам суполкі, асноўная мэта яе актывістаў — гэта “… распаўсюд у Беларусі адукацыі на польскай мове ў нацыянальным, хрысціянскім і грамадзянскім духу…”. Аб’яданнне ўжо мае свае гарадскія аддзелы ў Брэсце, Мінску, Пінску, Слоніме, Вілейцы, раённыя аддзелы ў Валожыне й Браславе. — Рэд.), Брэсцкае гарадское грамадска-этнаграфічнае аб’яднанне “Каралінка”, абласное аддзяленне Міжнароднага кангрэсу азербайджанскіх абшчын, абласное аддзяленне суполкі “Русское общество”, Брэсцкая іудзейская рэлігійная абшчына. Па лініі Брэсцкага абласнога клуба нацыянальных культур “Садружнасць” штогод праводзіцца шэраг розных мерапрыемстваў, а Барыс Мендэлевіч, маючы багаты жыццёвы досвед, актыўна дапамагае іх арганізатарам.

Гэты чалавек з цікавай біяграфіяй знаходзіць час і для працы з моладдзю: яго часта запрашаюць на такія мерапрыемствы, сустрэчы. Да таго ж Барыс Брык пастаянна бярэ ўдзел у працы Беларускага саюза афіцэраў. А яшчэ юбіляр многім брастаўчанам паказвае прыклад таго, як важна весці здаровы лад жыцця. Звычайна ж яго раніца пачынаецца з зарадкі, плавання. І аздараўленчыя магчымасці лазні юбіляр таксама выдатна выкарыстоўвае. Помніцца, яшчэ некалькі гадоў таму ён рэгулярна гуляў у валейбол.

І, нарэшце, Барыс Мендэлевіч — любімы бацька і дзядуля. Сям’я, прызнаецца, для яго заўсёды была трывалым тылам — і цяпер такою застаецца.

Міхаіл Стралец, доктар гістарычных навук, прафесар. г. Брэст

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».