Вы тут

Генрых Траццяк сустракае гасцей


У сядзібе Флер’янова, што ў Ляхавіцкім раёне Брэстчыны, адраджаецца традыцыя творчых сустрэч людзей літаратуры, культуры, мастацтва, навукі, якую закладвалі больш за сто гадоў таму ранейшыя высокаадукаваныя гаспадары.


Генрых Траццяк – цяперашні гаспадар сядзібы

Флер’янова зноў сустракала гасцей, і то было прызнанне іх у любві сваёй малой радзіме. (Пра сядзібу, яе ранейшых гаспадароў і традыцыі мы пісалі ў папярэднім нумары газеты: “Новыя колеры Флер’янова” — ГР, № 26 (3578). — Рэд.) Сёння новыя гаспадары ў былога маёнтка Бохвіцаў: Генрых і Ларыса Траццякі. (На Ляхавіччыне ведаюць: Генрых Міхайлавіч — Герой Сацыялістычнай працы. Сядзіба Флер’янова выкарыстоўвалася як месца, дзе было праўленне калгаса імя Ламаносава, у якім Траццяк 28 гадоў працаваў старшынёй. У 1997‑м пайшоў на пенсію, а новы старшыня перавёў кантору ў іншы будынак. Сядзіба без догляду занепадала. І былы старшыня ў 2012‑м купіў сядзібу. Журналістам прызнаваўся: “Абышлася яна мне з афармленнем у 500 даляраў, на той момант прыкладна дзве пенсіі”. — Рэд.) Новыя гаспадары толькі “за”, калі гаворка ідзе пра захаванне спадчыны, пра выкарыстанне яе як асновы для развіцця ці хаця б дэманстрацыі здабыткаў, дасягненняў таленавітых людзей у мастацтве, народжаных на Ляхавіччыне — адным словам, землякоў. Таму другі раз ужо яны адгукнуліся на культурную прапанову бібліятэкараў раёна: правесці “Флер’яноўскія чытанні”.

Ідэя фэсту мае глыбокі сэнс, што пацвярджаецца вітальным словам Міністра інфармацыі Аляксандра Карлюкевіча ўдзельнікам чытанняў. Іх агучыў паэт, пісьменнік, дырэктар выдавецтва “Мастацкая літаратура” Алесь Бадак. Ён жа выказаў меркаванне: фэсту можна й трэба “расці”, магчыма, да міжнароднага. Бо гісторыя нашай малой радзімы сапраўды вялікая й велічная. Сабраць яе па крупінках, звяртаючы ўвагу й на маленькія эпізоды, з павагаю да розных асоб — гэта ж так цікава! У такім люстэрку — ці то кніга будзе, ці то інтэрнэтпраект… — можна разглядваць гісторыю нашай Бацькаўшчыны, лёса нашых дзядоў, прадзедаў — і нас саміх.

Повязь часоў. Карані ды крона. Даўняе і цяперашняе… Неўміручая, па-за модай у мясцовага люду прага творчасці — хочацца нечага большага, чым кавалак хлеба надзённага. І натхненне падштухоўвае: здзяйсняй тое, дзеля чаго ты прыйшоў у свет, не закопвай талент у мітусню паўсядзённасці… Другое ўжо стагоддзе шапоча ў Флер’янове лісцем дуб, пасаджаны ў маёнтку Бохвіцаў Элізай Ажэшкай. Яна тут, як вядома, была частым і жаданым госцем. “У гэтай прыгожай вёсцы я адчуваю сябе больш моцнай, чым калінебудзь. Вёска патанае ў зялёных раскошных дрэвах, квітнее слупкамі касачоў і дыванамі незабудак, спявае мільёнамі галасоў, якія звіняць, шэпчуць у крышталі духмянага паветра, — пісала знакамітая пісьменніца з Флер’янова. — …Я прагну яшчэ раз у жыцці правесці лета, карыстаючыся гасціннасцю панства Бохвіцаў, якія тут уладкавалі выгодны й ладны пансіянат для людзей такіх, як я, у вясковым значэнні бяздомных”.

Таццяна Зелянко і Алена Сідаровіч – гасцінныя бібліятэкаркі

І гэтых радкоў пані Элізы, рамантычнай жанчыны з вялікім талентам, дастаткова было б, каб флер’яноўскія мясціны назаўсёды надзяліць флёрам таямнічасці, загадкавасці. Перапіска ж Ажэшкі й Тадэвуша Бохвіца праз дзесяцігоддзі была выдадзена: 300 старонак! А не толькі Ажэшка бывала ў Флер’янове. Гасцявалі ж іншыя вядомыя пісьменнікі, паэты, артысты, мастакі… Тут ставіліся спектаклі, ладзіліся вечарыны, гучала музыка й народныя спевы. Так што не выпадкова набіраюць сілу “Флер’яноўскія чытанні”.

У Алеся Бадака сувязь з малой радзімай — трывалая, непарыўная. У Турках жыве ягоная мама. Тут усё дарагое й блізкае, знаёмае й любімае з дзяцінства. І адсюль, безумоўна, вытокі ягонай паэзіі, увогуле склад тонкай, узвышанарамантычнай душы земляка. Я неаднойчы думала: як жа нарадзілася самае шчымлівае з прызнанняў у любві да Ляхавіцкай зямлі? А якраз такім я лічу бадакоўскія радкі з кнігі “Памяць. Ляхавіцкі раён”. Паэт згадваў сёлета ў Флер’янове даўнюю гісторыю іх з’яўлення, і яны гучалі зноў, але ўжывую, нібы ўпершыню, напоўненыя абсалютнай любоўю, пранікнёныя, шчымлівыя радкі. Яны нібыта сталі камертонам, задалі строй, настрой усёй фестывальнай дзеі.

На чытаннях неаднойчы называліся імёны: Віктар Гардзей, Леанід Пранчак, Іван Ждановіч, Уладзімір Дамашэвіч… Наш ці не самы славуты з землякоўсучаснікаў — кінарэжысёр Міхаіл Пташук. Застаўся ў архівах напісаны ім сцэнар фільма, прысвечаны яго малой радзіме — Ляхавіччыне. Гучалі пад небам Флер’янова ўрыўкі з іх твораў, песні на іх вершы. Да мікрафона запрашаліся таксама добра вядомыя, любімыя землякамі паэтэсы Галіна Жывіца з Бераставіцы, Клаўдзія Трысцень з Баранавіч.

А між тым на фэсце ёсць розныя прапановы, шмат чаго можна пабачыць. У бібліятэцы пад адкрытым небам, напрыклад, была фотазона: кожны ахвочы мог сфатаграфавацца ва ўбранні пачатку мінулага стагоддзя. Зацікавіла многіх экспазіцыя Прэзідэнцкай бібліятэкі пад назвай “Кнігі з аўтографамі беларускіх пісьменнікаў”. А Дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны правёў акцыю “Я помню. Я ганаруся”. Побач экспанавалася выстава сацыяльных партнёраў — пра тое мне расказала кіраўніца студэнцкай майстэрні інавацый кафедры педагогікі Баранавіцкага дзяржуніверсітэта Валянціна Козел: дарэчы, наша зямлячка, з Тальмінавічаў. А сацыяльныя партнёры — гэта сам універсітэт, а таксама клуб ветэранаў Баранавіцкага гарадскога Палаца культуры “Неспакойныя сэрцы”: у ім таксама працуе наш зямляк, кампазітарпесеннік Іван Асос. Дапамагаў зладзіць свята й Баранавіцкі прафтэхкаледж сферы абслугоўвання. (У дырэктара Палаца культуры горада Баранавічы Васіля Анатолевіча Ждановіча (на пасадзе з 2017 года) — таксама родавыя карані з Ляхавіцкага раёна, з вёскі Яцкаўшчыны. Ягоная сястра Вольга піша вершы, бацька, Анатоль Васілевіч Ждановіч, — адзін з вядучых спецыялістаў ААТ “Жарабковічы”. — Рэд.)

Ларыса Глеб – з Падлесся

Валянціна Козел пра флер’яноўскі фэст гаварыла з натхненнем: “Захаванне культурнай спадчыны — гэта вельмі важна. Дзякуючы культурным набыткам умацоўваецца повязь пакаленняў, моцны род і ўвогуле народ. Мы рады не проста быць у Флер’янове, а быць актыўнымі ўдзельнікамі гэтага дзейства”.

На фэсце можна было набыць кнігі, якія выйшлі ў выдавецтве “Мастацкая літаратура”. Ну як жа без кніг! Яны і ў тую, бохвіцаўскаажэшкаўскую пару, тут былі ў цэнтры ўвагі, у глыбокай пашане. Прыемную магчымасць прадаставілі ўдзельнікам фэсту гаспадары аграсядзібы “Залатая падкова” з Баранавіцкага раёна: каталі на конях па маладым парку. Там прыгожа цягнуцца да сонца дубкі, калісьці “прыдуманыя” “Ляхавіцкім веснікам” і пасаджаныя з нашым удзелам. А насупраць на тое хараство пазірае амаль 110‑гадовы волатдуб, “хроснай мамай” якога можам лічыць Элізу Ажэшку: кажуць, якраз яна яго садзіла з сябрамігаспадарамі.

У праграме фэсту знайшлося месца й адкрытаму мікрафону. Беручы яго, кожны ахвочы мог прачытаць вершы, і не абавязкова вядомых паэтаў — свае таксама. Удзельнікі мастацкай самадзейнасці ад вакальных гуртоў “Берагіня” Дараўскага і “Забава” Падлескага СДК радавалі нас канцэртнай праграмай у флер’яноўскіх каардынатах. Варта яшчэ адзначыць і шыкоўны стол з пачастункамі, які, ведаю, гатавалі з усё душой бібліятэчныя работнікі: як гавораць, не кнігай адзінай…

Удосталь было шчырасці й прыветнасці гаспадароў сядзібы, арганізатараў свята, натхнення й жадання паўдзельнічаць у ім шматлікіх гасцей і, дарэчы, разважанняў наконт будучыні “Флер’яноўскіх чытанняў”. Усе сыходзіліся ў меркаванні: ім — быць, прырастацьрасці, імкнуцца, як любой творчай задуме, да высокай дасканаласці, бо, як вядома, сапраўднай творчасці без гэтага памкнення не бывае.

Удзячная публіка на “Флер’яноўскіх чытаннях”

І яшчэ пра маё асабістае ўспрыманне. Думаю, лагатып фестывалю варта было б актыўней ужо сёння выкарыстоўваць і прасоўваць, анансаваць “Флер’яноўскія чытанні” загадзя і ўсімі магчымымі сродкамі — тады й гасцей у Флер’янове будзе значна больш. Здаецца, было б прыгожа, каб незалежна ад фармату фэсту гасцей сустракалі разам з Генрыхам і Ларысай Траццякамі таксама й былыя гаспадары маёнтка: гэта ж могуць артысты ў вобразах паноў Бохвіцаў ды іх любімай госці Элізы Ажэшкі. А яшчэ ў мелодыю “Чытанняў” так і просіцца голас скрыпкі, так і чуецца, напрыклад, гучанне знакамітага “Паланэза” Агінскага. Класіка, я ўпэўнена, стане выдатнаю акаймоўкаю для флер’яноўскага дзейства, як і экскурсія па апартаментах сядзібы.

…Субота, 16 чэрвеня, выдалася такой лагоднаю: хапала сонца, хапала лета, хапала настрою на лірычную хвалю й на роздум пра повязі часоў. Шапаценне лістоты на дрэвах, незабыўныя пахі свежаскошанай травы, цвіценне руж ля мураваных сцен старога палаца — такі звычайны і такі незабыўны то быў дзень. Дзякуй за фэст і яго арганізатарам — бібліятэчным не проста супрацоўнікам, а ў добрым сэнсе фанатам кнігі, і нераўнадушным гаспадарам каардынат творчасці ды шанавання культурнагістарычнай спадчыны — шаноўным спадарамгаспадарам Траццякам. Дзякуй усім гасцям, якія адгукнуліся на запрашэнне, на покліч малой радзімы.

Вольга Барадзіна, галоўны рэдактар газеты “Ляхавіцкі веснік”

Фота Маргарыты КУХТА

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Культура

«Свята каваля» прайшло пад Мінскам

«Свята каваля» прайшло пад Мінскам

Кожны ахвотны мог зрабіць што-небудзь з жалеза.

Спорт

Усё пра конны спорт: хараство і небяспека «жыцця» на канюшні

Усё пра конны спорт: хараство і небяспека «жыцця» на канюшні

Ганна Карасёва — самая тытулаваная айчынная спартсменка ў конным спорце, з Задыякам і Арлекінам яна выступае ў самай прыгожай, але адначасова складанай, дысцыпліне — выездцы.

Культура

«Лістапад» назваў пераможцаў — усё вяртаецца ў звычайнае кола

«Лістапад» назваў пераможцаў — усё вяртаецца ў звычайнае кола

Поруч з салодкім зачараваннем кіно на «Лістападзе» заўсёды ідзе інтрыга — што і каго міжнародныя склады журы назавуць найлепшымі і з якімі фармулёўкамі.

Спорт

Як беларуска Вера Хвашчынская стала найлепшай на кантыненце ў рускіх шашках

Як беларуска Вера Хвашчынская стала найлепшай на кантыненце ў рускіх шашках

Вера Хвашчынская пачала выступаць у дарослых турнірах па шашках у 15-гадовым узросце.