Вы тут

Дзе мясцовыя ўлады папаўняюць бюджэт, а дзе страчваюць


Продаж і арэнда пустых будынкаў за паўгода прыбавілі ў бюджэт Гродзенскай вобласці больш за 2 мільёны рублёў. За гэты час уцягнута ў абарот 74 аб'екты, што ў два разы больш, чым у папярэднія гады. Паспрыяе выніку як нарматыўна-прававая база, так і намаганні мясцовых улад. Разам з тым амаль сотня аб'ектаў працягвае гадамі вандраваць з аднаго графіка ў другі. А на іх утрыманне з таго ж бюджэту выдзяляюцца значныя сродкі.


«З малатка» — з выгадай

У Гродзенскай вобласці штогод прадаюцца і ўцягваюцца ў абарот дзясяткі аб'ектаў. Толькі за першае паўгоддзе абласным камітэтам дзяржаўнай маёмасці праведзена
84 аўкцыёны. У мясцовыя бюджэты ад продажу паступіла амаль 900 тысяч рублёў. Яшчэ амаль паўтара мільёна перайшло ў даход ад арэнды.

Некаторыя аб'екты ўдалося прадаць даволі выгадна. Напрыклад, вучэбна-вытворчыя майстэрні ў Смаргоні выстаўляліся за тры базавыя велічыні, а прададзены за 35 тысяч рублёў. У 500 разоў вышэй за стартавы кошт. Будынак кінатэатра ў Слоніме быў куплены за 120 тысяч, хоць спачатку выстаўляўся за 53 тысячы рублёў. Пустуючы будынак у Ашмянах прададзены за 134 тысячы замест 69. І такіх прыкладаў нямала, зазначае старшыня абласнога камітэта дзяржмаёмасці Аляксандр Віскуб.

Як правіла, гэтымі плошчамі зацікаўлены прадпрымальнікі, якія размяшчаюць на іх сваю вытворчасць. Многія аб'екты выкарыстоўваюцца эфектыўна. У былым ваенным гарадку Гродзенскага раёна вядзецца перапрацоўка насення рапсу, занята 90 чалавек. Былую базу кансервавага завода ў Іўі набыў лідскі завод, зараз там наладжана вытворчасць сельгасмашын. У Мастоўскім раёне прадпрымальнік прыстасаваў пусты будынак пад вытворчасць поліэтыленавых вырабаў.

Попыт залежыць ад рынку працы

Вядома, кожны гаспадар імкнецца прадаць сваю маёмасць як мага выгадней. Мясцовыя ўлады таксама імкнуцца папоўніць бюджэт. Разам з тым ёсць рызыка, што аб'ект можа прастойваць не толькі гады, але і дзесяцігоддзі. На месцах разумеюць, што значна большую выгаду прынясе аб'ект, які «працуе». Таму апошнім часам многія актыўна выкарыстоўваюць магчымасць продажу аб'ектаў за мінімальны кошт — адну базавую велічыню. Такім чынам за дзесяць гадоў прададзена больш чым паўтысячы пустых будынкаў.

Але менавіта з гэтымі аб'ектамі ўзнікае больш за ўсё негатыўных наступстваў. З-за безгаспадарчасці ўладальнікаў было скасавана 43 дагаворы, а памяшканні вернуты дзяржаве. Не заўсёды яны становяцца запатрабаваныя надалей. Пры гэтым у спіс штогод дабаўляюцца новыя аб'екты, якія цяжка прадаць, але шкада зносіць. Аляксандр Віскуб лічыць, што мясцовыя ўлады павінны ўзяць пад кантроль не толькі самі аб'екты, але і сітуацыю на рынку працы. Ён прывёў прыклад Свіслацкага раёна, дзе некалькі гадоў немагчыма прадаць былыя ўстановы адукацыі — дзіцячы сад, школу і комплекс школы-інтэрната. Усе аб'екты выстаўляліся за адну базавую некалькі разоў. І што характэрна — інвестары праяўляюць інтарэс да будынкаў і нават гатовы іх набыць, але наракаюць на недахоп рабочых рук, маўляў, хто там будзе працаваць?

Бізнесу трэба дапамагаць, упэўнены Аляксандр Віскуб. Бо бывае, што ўмовы дагавора выкананы, а рашэнні па іх у раёнах не прыняты.

— Трэба даць інвестарам новы імпульс, максімальна дапамагаць ім у наладжванні справы, а таксама па іншых пытаннях, каб новы інвестар працаваў і развіваўся, — лічыць старшыня камітэта дзяржмаёмасці.

Чаму пустуюць кватэры?

Парадокс, але ў рэгіёне павялічваецца колькасць незаселенага дзяржаўнага жылля. Яго стан прааналізавалі ў Камітэце дзяржкантролю Гродзенскай вобласці. Аказалася, што за два гады незаселеныя плошчы выраслі ў два разы, аварыйны жылы фонд — амаль у тры разы, а колькасць жылля пад знос зменшылася толькі на 3,8 %.

Між тым утрыманне старога фонду абыходзіцца нятанна. Толькі ў Гродне, дзе самы вялікі незаселены жылы фонд, на гэта ідзе 30 тысяч рублёў штогод. Большасць будынкаў знаходзіцца ў гістарычнай частцы горада, дзе ўчасткі маюць высокі кадастравы кошт, але меры не прымаюцца па 5—10 гадоў. У выніку — жыллё прыходзіць у заняпад.

— Незаселенае жыллё — гэта неабгрунтаваныя расходы бюджэту, і да яго будзем ставіцца як да дзяржаўнай маёмасці з усімі адпаведнымі наступствамі, — падкрэсліў старшыня Камітэта дзяржкантролю Гродзенскай вобласці Анатоль Дарожка. — І калі жылы фонд не захоўваецца належным чынам, трэба падлічыць нанесеныя страты і прыцягнуць да адказнасці тых, хто гэта дапусціў.

Гарадскія ўлады згодны з тым, што работа па скарачэнні незаселенага і аварыйнага жылога фонду ідзе марудна. Як растлумачыў намеснік старшыні Гродзенскага гарвыканкама Андрэй Болтрык, ёсць спадзяванні на продаж аварыйных аб'ектаў. Але, каб выставіць іх на аўкцыён, трэба перавесці жылыя памяшканні ў нежылыя, а гэта марудны працэс, бо ён закранае інтарэсы людзей, якія там зарэгістраваны. Таксама немагчыма перавесці жылыя памяшканні ў нежылыя, калі няма аўтаномнага выхаду. Гэту праблему можна ўрэгуляваць толькі на ўзроўні заканадаўства. Дзе такіх перашкод не было, усе памяшканні рэалізаваны, запэўніў Андрэй Болтрык.

Вядзецца работа па зносе старых будынкаў. Тры з шасці запланаваных ужо знесена. Разам з тым тут імкнуцца максімальна захаваць гістарычны цэнтр і яго драўляны квартал Новы свет, таму адмовіліся ад зносу некалькіх дамоў, а прапануюць іх інвестару.

Дзяржаўныя кантралёры выявілі і такі факт: даныя аб наяўнасці пустуючага жылога фонду гарвыканкама і статыстыкі не супадаюць. Прычым такая сітуацыя склалася ва ўсіх раёнах. Гэта сведчыць аб тым, што на месцах не забяспечваюцца інвентарызацыя дзяржаўнай маёмасці і яе ўлік. Гэта, у сваю чаргу, не дазваляе мясцовым органам самакіравання прымаць эфектыўныя кіраўніцкія рашэнні па выдзяленні сродкаў на добраўпарадкаванне жылога фонду. Таму многія і не засяляюцца ў такія дамы, асабліва ў сельскай мясцовасці.

Закон у дапамогу

Сітуацыя з пустуючымі аб'ектамі ў вобласці не самая горшая. Не уцягнуты ў абарот 1,8 % усяе камунальнай уласнасці. У цэлым па краіне гэты паказчык на 1 красавіка складае 2,5 %. Планы па скарачэнні колькасці пустых будынкаў у вобласці з кожным годам растуць.

Сёлета неабходна ўцягнуць у абарот 103 аб'екты камунальнай уласнасці. Яшчэ амаль 70 перайшлі з папярэдніх гадоў і будуць выстаўляцца альбо за адну базавую велічыню, альбо з паніжэннем да 80 %. У камітэце дзяржмаёмасці раяць смялей падыходзіць да работы па ўвядзенні пустуючых аб'ектаў у гаспадарчы абарот.

— У нас няма абавязацельстваў, якія б дэпутаты не змаглі «разруліць» згодна з нарматыўна-прававой базай. Бадай што па кожным аб'екце ёсць шляхі вырашэння. Асобную ўвагу варта звярнуць на аб'екты, якія не прададзены за апошнія тры гады, — адзначае Аляксандр Віскуб.

Радыкальныя меры патрэбны ў тых раёнах, дзе многа пустуючых будынкаў. У Гродзенскай вобласці гэта горад Гродна, Шчучынскі і Свіслацкі раёны. Камісіям на месцах важна вызначыць далейшы кірунак работы па ўцягванні ў абарот пустых будынкаў, бо іх колькасць павялічваецца і з імі трэба нешта рабіць. Ідзе аптымізацыя дзіцячых садоў, школ, клубаў у сельскай мясцовасці. На баланс райвыканкамаў перадаюцца аб'екты рэспубліканскай уласнасці. Трэба быць гатовымі, каб вырашыць іх далейшы лёс. Тым больш што прававая база ў гэтым кірунку ўдасканальваецца. Так, летась з'явіўся ўказ, які дазваляе спісваць страты за кошт дадатковага капіталу пры перадачы аб'ектаў спажыўкааперацыі. А яны складаюць значную долю пустуючых будынкаў, напрыклад у Карэліцкім раёне іх больш за 20. Многія даўно закінуты і зараслі бур'яном.

Спрасціўся і працэс бязвыплатнай перадачы маёмасці ад аднаго дзяржаўнага ўласніка да другога. Цяпер пры перадачы на баланс не трэба рабіць рыначную ацэнку. Ёсць «паслабленні» для непрывабных для інвестараў аб'ектаў. У прыватнасці, былых ваенных баз некаторых раёнаў вобласці. Пасля адабрэння Мінабароны, МНС і іншымі ведамствамі, абласны Савет дэпутатаў зацвердзіў пералік аб'ектаў, якія можна не ўключаць у гаспадарчы абарот. Але яны павінны мець агароджу і не ўяўляць небяспекі для наваколля.

Маргарыта УШКЕВІЧ

Фота аўтара

Загаловак у газеце: Маёмасць: як пазбегнуць эфекту трубы?

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.