25 Верасень, аўторак

Вы тут

У Лоеўскім раёне шмат не прыдатных для пражывання кватэр


У Камітэце дзяржаўнага кантролю Гомельскай вобласці на пастаянным кантролі знаходзяцца пытанні рэгулявання жыллёвых адносін, у тым ліку выдзяленне і эксплуатацыя жылых памяшканняў камерцыйнага выкарыстання.


Дарэчы, фонд жылых памяшканняў камерцыйнага выкарыстання пачаў фарміравацца з пачатку 2012 года і ствараўся са свабодных (ці тых, якія вызваліліся) жылых памяшканняў дзяржаўнага жыллёвага фонду. Сёння існуе дастаткова праблем, якія звязаны з камерцыйным жыллём. Гэта і немагчымасць забяспечыць такім жыллём усіх, хто жадае, — бо яго не хапае. З другога боку, асобныя памяшканні ўвогуле непрыдатныя для пражывання.

Для будаўніцтва новага камерцыйнага жылля, рамонту наяўнага патрабуюцца значныя сродкі, і іх штогод прыносіць камерцыйны жылфонд — у выглядзе платы за яго выкарыстанне. Аднак не заўсёды атрыманая плата ў поўным аб'ёме ідзе на патрэбныя мэты.

Так, адпаведнымі прававымі актамі прадугледжана абавязковае залічэнне на спецыяльныя рахункі аблвыканкама, іншых дзяржаўных органаў і арганізацый платы за карыстанне такімі памяшканнямі. Добрасумленныя мясцовыя выканаўчыя органы накіроўваюць гэтыя сродкі на набыццё, будаўніцтва жылых дамоў ці кватэр пад жылыя памяшканні камерцыйнага выкарыстання, а таксама на правядзенне бягучага рамонту незаселеных памяшканняў камерцыйнага жылфонду. Гэта, у сваю чаргу, дае магчымасць без дадатковага адцягнення бюджэтных сродкаў будаваць новае і паляпшаць наяўнае камерцыйнае жыллё.

Разам з тым маніторынг паказаў, што на Гомельшчыне далёка не ўсе балансатрымальнікі добрасумленна ставяцца да абавязку па пераліку на спецыяльныя рахункі платы, якая паступае за карыстанне камерцыйным жыллём. Напрыклад, з 2016 года ў Буда-Кашалёўскім раёне не пералічана больш за 80 % сродкаў, якія паступілі ад грамадзян, у Ельскім і Петрыкаўскім — больш за 70 %, у Брагінскім — больш за 58 % такіх сродкаў. Усяго з 21 раёна Гомельскай вобласці ў 14 дапускаліся падобныя факты. З гэтай прычыны вобласць недаатрымала на спецыяльныя рахункі больш за 650 тысяч рублёў.

Як правіла, гэтыя сродкі расходуюцца на бягучыя патрэбы балансатрымальнікаў жылых памяшканняў. Часова адцягваюцца на выдаткі, не звязаныя з эксплуатацыяй камерцыйнага жылля. Пасля выдаткаваныя грошы праблематычна адшукаць і залічыць на спецыяльны рахунак.

Варта адзначыць, што ў складзе камерцыйнага жылфонду ёсць нямала памяшканняў, якія не заселены з-за іх непрыдатнасці для пражывання. Пры правільным выкарыстанні сродкаў такія незаселеныя памяшканні можна паступова прыводзіць у належны стан. У будучыні гэта магло б дазволіць пэўнай колькасці грамадзян вырашыць сваё жыллёвае пытанне, а дзяржаве павялічыць эфектыўнасць камерцыйнага жылфонду.

Між тым пасля праверак кантралёраў і прыпынення выпадкаў непералічэння балансатрымальнікамі памяшканняў камерцыйнага выкарыстання на спецыяльныя рахункі дзяржаўных органаў грашовых сродкаў грамадзян за іх карыстанне ў бюджэт паступіла больш за 560 тысяч рублёў.

Спецыялісты Камітэта дзяржкантролю Гомельскай вобласці таксама зацікавіліся: як выкарыстоўваецца фонд камерцыйнага жылля, які сфарміраваны з дзяржаўнага жыллёвага фонду. Былі выяўлены факты безгаспадарлівасці ў стаўленні да дзяржаўнай маёмасці.

Напрыклад, на момант маніторынгу ў Лоеўскім раёне пры наяўнасці 89 пустуючых жылых дамоў дзяржаўнага жыллёвага фонду фактычна толькі тры знаходзіліся ў здавальняючым стане. 25 дамоў мелі патрэбу ў правядзенні капітальнага рамонту, астатнія аднаўляць ужо ўвогуле не мае сэнсу, бо ў іх сур'ёзна пашкоджаны канструкцыйныя элементы і інжынерныя сістэмы.

Адсутнасць належнага кантролю з боку мясцовых улад і балансатрымальнікаў жыллёвага фонду за яго захаванасцю прывялі да таго, што на момант агляду сёлета ў лютым дзевяць дамоў было разабрана да падмурка. Часткова дэмантаваны дахі і апорныя сцены яшчэ чатырох жылых дамоў.

Акрамя таго, у Лоеўскім раёне было выяўлена 53 кватэры дзяржаўнага жыллёвага фонду, якія не адпавядалі неабходным для пражывання санітарным і тэхнічным патрабаванням. 34 з іх знаходзіліся на балансе КЖУП «Лоеўскі райжылкамгас» і размешчаны ў шматкватэрных жылых дамах. Гэтыя памяшканні былі абсталяваны ўсімі інжынернымі камунікацыямі і маглі цалкам вырашыць жыллёвае пытанне сем'яў.

Разам з тым у 29 кватэрах дэмантаваны ўваходныя дзверы, вокны, зрэзаны ацяпляльныя прыборы, разабраны падлогі, а ў некаторых цяпер толькі звалкі і начлежкі. Пры гэтым у кватэрах па суседстве жывуць звычайныя сем'і. Напрыклад, у 18-кватэрным жылым доме № 2 па вуліцы Маладзёжнай у вёсцы Уборак 11 кватэр цалкам непрыдатныя для пражывання.

Безгаспадарлівасць прывяла да таго, што аднавіць гэта жыллё без значных выдаткаў ужо немагчыма. Хоць спачатку трэба было толькі абмежаваць доступ у гэтыя памяшканні і падтрымліваць іх у належным стане. Пры гэтым на пачатак года ў Лоеўскім раёне на ўліку стаяла 512 чалавек, якім патрэбна жыллё.

Матэрыялы ўсіх кантрольна-аналітычных мерапрыемстваў накіраваны ў Гомельскі аблвыканкам, мясцовыя выканаўчыя камітэты, а таксама балансатрымальнікам для прыняцця мер рэагавання, ліквідацыі выяўленых парушэнняў і навядзення парадку. Цяпер вядзецца планамерная работа па выпраўленні сітуацыі.


1500 рабочых месцаў створаны ў Гомельскай вобласці за 10 гадоў на аб'ектах дзяржаўнай маёмасці, якія не выкарыстоўваліся

Сёння на Гомельшчыне не задзейнічана 1,01 % агульных плошчаў збудаванняў камунальнай уласнасці. На пачатку гэтай работы такіх плошчаў было 3,5 %. Як расказала дырэктар Гомельскага абласнога тэрытарыяльнага камітэта дзяржаўнай маёмасці Наталля Сацута, за гэты перыяд у эканамічны абарот вернута амаль восем тысяч аб'ектаў камунальнай уласнасці, з іх прададзена каля трох тысяч:

— Гомельская вобласць заўсёды займае першыя месцы ў краіне па колькасці і ўдзельнай вазе аб'ектаў, якія ўцягнуты ў гаспадарчую дзейнасць. Аб'екты, прададзеныя з аўкцыёнаў, знаходзяцца пад пільнай увагай камітэта «Гомельаблмаёмасць». Для гэтага распрацаваны і зацверджаны аблвыканкамам план мерапрыемстваў па кантролі за выкананнем дагавораў куплі-продажу, бязвыплатнага карыстання, бязвыплатнай перадачы для рэалізацыі інвестыцыйнага праекта, умоў дагавораў куплі-продажу.

Стабільна высокай з'яўляецца ўдзельная вага набыцця аб'ектаў прадстаўнікамі малога і сярэдняга бізнесу для арганізацыі вытворчасці (30 % ад усіх прададзеных аб'ектаў). Вялікую ўдзельную вагу (19 %) займаюць аб'екты, якія набылі фізічныя асобы для рэканструкцыі пад жыллё ці вядзенне асабістай гаспадаркі. Станоўчых прыкладаў на Гомельшчыне дастаткова. Напрыклад, на плошчах вытворчай базы ў Рэчыцы прыватная кампанія арганізавала вытворчасць метызаў. Цяпер там працуе 20 чалавек.

Усяго ў Гомельскай вобласці на базе аб'ектаў камунальнай уласнасці, якія не выкарыстоўваліся, створана 1477 рабочых месцаў, у гэтыя аб'екты новымі ўладальнікамі ўкладзена амаль 10 мільёнаў рублёў і 2,65 мільёна долараў інвестыцый. На сёння больш за 30 % аб'ектаў ужо ўведзена ў эксплуатацыю і ўласнікамі ажыццяўляецца прадпрымальніцкая дзейнасць. Яшчэ 35 % аб'ектаў знаходзяцца ў стадыі выканання дагаворных абавязацельстваў. У тым ліку новымі ўласнікамі ажыццяўляюцца рамонтныя работы.

Аднак у сувязі з невыкананнем некаторымі новымі ўласнікамі ўзятых абавязацельстваў 379 аб'ектаў былі вернуты дзяржаве. З імі працягваецца работа. Частка з іх паўторна выстаўляецца на аўкцыёны, а ў выпадку разбурэння — зносіцца.

Таксама спецыялісты камітэта «Гомельаблмаёмасць» у канцы 2016 года правялі абследаванні ўсіх населеных пунктаў Гомельшчыны. У выніку было выяўлена больш за пяць тысяч аб'ектаў усіх формаў уласнасці, якія не выкарыстоўваюцца. Па кожным усталяваны пэўны тэрмін уцягнення ў гаспадарчы абарот. На сёння задзейнічана 88 % ад агульнай колькасці выяўленых аб'ектаў. Дарэчы, да нядбайных уласнікаў ужываюцца розныя метады прымусу для эфектыўнага выкарыстання сваёй уласнасці, у тым ліку павышаныя стаўкі падаткаабкладання на нерухомасць і зямлю, што не выкарыстоўваюцца.

Ірына АСТАШКЕВІЧ

Загаловак у газеце: Нежылое жыллё

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Спорт

Цырымонія развітання з Анатолем Капскім прайшла ў «Барысаў-Арэне»

Цырымонія развітання з Анатолем Капскім прайшла ў «Барысаў-Арэне»

Грамадзянская паніхіда працягвалася больш за дзве гадзіны ў "Барысаў-Арэне".

Грамадства

75 год таму пачалося вызваленне Беларусі

75 год таму пачалося вызваленне Беларусі

23 верасня 1943 года, савецкімі войскамі быў вызвалены ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў першы населены пункт Беларусі — раённы цэнтр Камарын.

Грамадства

Каму і чым дапаможа ТЦСАН

Каму і чым дапаможа ТЦСАН

Ад дапамогі дома пажылым і да стварэння крызісных пакояў для ахвяр хатняга гвалту.

Грамадства

Маштабныя вучэнні прайшлі ў краіне

Маштабныя вучэнні прайшлі ў краіне

Актыўная фаза камандна-штабнога вучэння Узброеных Сіл прайшла ў Беларусі ў верасні.