Вы тут

Будучыня — гэта мы!


Так сцвярджаюць залескія дзяўчаты, якія не баяцца браць на сябе адказнасць за ўласны лёс і будучыню сваёй малой радзімы.


Жнівень — месяц незвычайны, ён пераломны. У перакладзе з латыні аugustus — вялікасны, боскі. У шэрагу значных з'яў гадавога цыклу і жыцця чалавека менавіта на яго выпадаюць падзеі, што вызначаюць у далейшым наступствы прынятых рашэнняў. Для аграрыяў у апошні летні месяц відавочны вынікі земляробчай працы. Для маладых спецыялістаў гэта пачатак працоўнай дзейнасці па размеркаванні, а вось для актыву аграгарадка Залессе, што на Смаргоншчыне, — пачатак цікавай работы па новым праекце.

Няўрымслівая ініцыятарка грамадскіх пачынанняў, улюбёная ў сваю родную вёску з багатай гісторыка-культурнай спадчынай Ала Шыцікава сабрала самых актыўных маладых зямлячак, каб талакой зрабіць крокі па замацаванні моладзі ў гэтых слынных мясцінах. Дапамагчы ў карыснай справе павінен праект «Будучыня — гэта мы», што атрымаў фінансавую падтрымку як пераможца конкурсу міні-грантаў Асацыяцыі агенцтваў мясцовай дэмакратыі (АLDА) пры Савеце Еўропы.

У межах праекта будуць праведзены работы па добраўпарадкаванні гістарычных мясцін, што звязаны з памяццю пра Першую сусветную вайну, распрацаваны веламаршруты па гэтых аб'ектах, выдадзена брашура пра гісторыю Залесся, створаны зона адпачынку і валейбольная пляцоўка. А яшчэ моладзь пачала вывучаць вопыт работы мясцовых органаў кіравання і самакіравання дзеля таго, каб бачыць перспектывы і магчымасці свайго асабістага ўдзелу ў больш эфектыўнай дзейнасці мясцовых органаў улады.

У Залескім сельскім выканкаме з так званымі стажорамі сустракаліся і расказвалі пра структуру дзяржаўных органаў улады, фарміраванне іх сістэмы і арганізацыю работы старшыня раённага Савета дэпутатаў Іван Рамановіч і старшыня Залескага сельвыканкама Зянон Грышкевіч. Некаторыя ўдзельнікі праекта знаёміліся з пытаннямі, што датычацца кампетэнцыі сельвыканкама, а старшакласніцы мясцовай школы Ангеліна Кянько, Паліна Марыніна і супрацоўніца музея-сядзібы М. К. Агінскага Святлана Александровіч накіраваліся з Іванам Рамановічам у райцэнтр, а затым на сустрэчу з выбаршчыкамі ў Асінаўшчыну.

Надалей лідары моладзі будуць сустракацца са старастамі вёсак, браць удзел у рабоце дэпутацкага корпусу, прысутнічаць на пасяджэннях камісій, на сесіях і нават вынесуць на разгляд дэпутатаў сваю праграму замацавання моладзі ў сельскай мясцовасці.

Ала Шыцікава ўпэўнена, што ніхто, акрамя мясцовых жыхароў, не здолее спыніць працэс вымірання вёсак, адтоку з перыферыі маладых спецыялістаў. Таму бачыць сваю задачу ў абуджэнні мясцовай ініцыятывы на карысць малой радзімы.

Ала СТРАШЫНСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.