Вы тут

Ігар Бузоўскі: Беларускія кніжнікі годна выглядаюць у Пекіне...


Дэлегацыя Рэспублікі Беларусь прымае ўдзел у 25-й Маскоўскай кніжнай выстаўцы-кірмашы ў Пекіне. Пра тое, як выглядаюць беларускія кнігавыдаўцы на фоне сусветных здабыткаў у выдавецкай справе, паліграфіі, наш карэспандэнт задаў некалькі пытанняў кіраўніку дэлегацыі — намесніку міністра інфармацыі Рэспублікі Беларусь Ігару БУЗОЎСКАМУ.


— Ігар Іванавіч, наколькі прадстаўнічай з'яўляецца экспазіцыя нашай краіны на аўтарытэтным кніжным форуме ў Кітаі?

— Беларусь прадстаўляюць вядучыя дзяржаўныя выдавецтвы краіны — «Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі», «Мастацкая літаратура», «Народная асвета», «Пачатковая школа». У складзе дэлегацыі — кіраўнікі «Белкнігі», паліграфкамбіната імя Якуба Коласа, сістэмы «Саюздрук», рэдакцыі самага тыражнага дзіцячага часопіса краіны «Вясёлка». І ўсе прыехалі ў Кітай са сваімі ініцыятывамі, прапановамі, праектамі да перамоў з тымі ці іншымі кітайскімі выдавецтвамі, кнігагандлёвымі арганізацыямі. Безумоўна, мы прывезлі найлепшыя кнігі ўсіх выдавецтваў краіны. Найперш — тыя выданні, што перамаглі ў айчынным конкурсе «Мастацтва кнігі», у конкурсе сярод краін Садружнасці Незалежных Дзяржаў «Мастацтва кнігі».

— Дарэчы, некалькі слоў пра тое, што ўжо зроблена ў Беларусі ў межах беларуска-кітайскіх кнігавыдавецкіх ініцыятыў...

— Мне прыемна было выступаць і на адкрыцці стэнда, і з інтэрв'ю для розных мас-медыя Кітая і іншых краін. У Беларусі літаральна за апошнія пяць-сем гадоў выдадзена больш за паўсотню кніг на кітайскую тэматыку — як на беларускай і рускай мовах, так і на кітайскай і беларускай адначасова. Шырокі спектр мастацкай літаратуры Кітая выдадзены «Адукацыяй і выхаваннем» (гэта і кнігі новых перакладаў на рускую мову кітайскіх класікаў — Лі Бо, Ду Фу. Пераклады здзейснены, між іншым, у Беларусі, Мінску), Выдавецкім домам «Звязда» (адлік серыі кніг «Светлыя знакі. Паэты Кітая» ўжо ідзе на другі дзясятак выданняў. І гэта не ўсе кітайскія кніжныя ініцыятывы «Звязды»), «Мастацкай літаратурай» (гэта і беларускамоўны энцыклапедычны даведнік па Кітаі — праект, рэалізаваны сумесна з кітайскім бокам, з прыцягненнем сродкаў з КНР), «Беларускай навукай» (кнігі па этнаграфіі, фальклоры — на дзвюх мовах)... Вельмі шмат кніг выдалі аспіранты, навукоўцы з Кітая, якія абараняюць свае дысертацыі ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры і мастацтваў, Беларускім дзяржаўным універсітэце (гэта — манаграфіі, прысвечаныя тэатру, выяўленчаму мастацтву, харэаграфіі, музыцы, журналістыцы, розным пытанням культуралогіі). Асобная бібліятэчка кніг — работы, прысвечаныя дыпламатычным адносінам, кнігі публіцыстыкі пра сучасны Кітай, сучасны стан беларуска-кітайскіх адносін. У гэтым плане шмат зроблена Рэспубліканскім інстытутам кітаязнаўства імя Канфуцыя Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Тэматыка літаратуры пашыраецца. Гэтаму спрыяе і выданне беларускага грамадска-публіцыстычнага часопіса «Беларусь» на кітайскай мове.

— Наколькі дастаткова дагавораў, пагадненняў у галіне кнігавыдавецкай дзейнасці паміж Беларуссю і Кітаем?

— У час выстаўкі мы нагадалі кітайскаму боку пра існуючы паміж нашымі краінамі «Мемарандум аб супрацоўніцтве паміж нашым Міністэрствам інфармацыі і Галоўным дзяржаўным упраўленнем па справах прэсы, выдавецтваў, радыёвяшчання, кінематаграфіі і тэлебачання КНР». У межах гэтага мемарандума, які быў падпісаны ў Мінску ў лютым 2015 года, існуе і «Праект перакладу і публікацыі класічных літаратурных твораў на 2015—2020 гады». Зараз, між іншым, выдавецтва «Мастацкая літаратура» распачало рэалізацыю шырокага праекта па прадстаўленні ў Беларусі кніг пра культуру Кітая. Мяркуецца, што будуць выдадзены чатыры грунтоўныя зборнікі. Праект рэалізоўваецца з удзелам кітайскіх інвестыцый. Дырэктар выдавецтва «Мастацкая літаратура» Алесь Бадак падчас выстаўкі ўдакладняе фармат працы над гэтай серыяй, выбудоўвае ўжо тактычныя рашэнні. Стратэгія ж вызначана падчас ранейшых перамоў.

У сёлетнім верасні ў адной з мінскіх кнігарняў будуць адкрыты кітайскія паліцы. Гэтай справай апякуецца «Белкніга». Так што з'явіцца ў Мінску і месца, дзе можна будзе не толькі азнаёміцца з апошнімі кітайскімі кніжнымі навінкамі, але і набыць іх. І гэтая справа забяспечана кітайскай інвестыцыйнай падтрымкай.

— Як шмат наведвальнікаў падыходзіць да стэнда Рэспублікі Беларусь?

— Досыць многія цікавяцца і кнігамі, і, адпаведна, нашай краінай. Відавочна, што кітайцы добра ведаюць Беларусь, часта згадваюць візіты Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі ў Кітай. Прыходзіць шмат кітайцаў, якія ў розны час пабывалі ў Беларусі. На нашым стэндзе прадстаўлена шмат грамадска-палітычнай літаратуры, выданняў, якія расказваюць пра Беларусь, адлюстроўваюць нашу дзяржаўную сімволіку, паказваюць турыстычныя адметнасці розных куточкаў краіны.

У час перамоў з арганізатарамі выстаўкі і кіраўніцтвам Галоўнага дзяржаўнага ўпраўлення па справах прэсы, выдавецтваў, радыёвяшчання, кінематаграфіі і тэлебачання КНР дасягнута папярэдняя дамоўленасць аб тым, што Рэспубліка Беларусь будзе Ганаровым госцем наступнай, 26-й, Пекінскай кніжнай выстаўкі-кірмашу. Наша краіна стане галоўным экспанентам на такім аўтарытэтным форуме кніжнікаў свету ў сталіцы Паднябеснай. Гэта вялікая адказнасць для ўсіх нас. Але — і цудоўная магчымасць паказаць Беларусь кніжную, стварыць новую пляцоўку для пашырэння ведання пра Рэспубліку Беларусь, пра наш агульнадзяржаўны патэнцыял у розных галінах. Адным словам, будзем рыхтавацца да гэтай падзеі. А на выстаўцы ў гэтыя дні прадоўжым весці стасункі, прадоўжым розныя перамовы. Дарэчы, шмат якія з ініцыятыў маюць падмурак зносін ранейшых. Вось у Другім Пекінскім універсітэце замежных моў працуе Цэнтр культуры Беларусі. Шмат рупіцца над яго ўплывамі на студэнтаў, выкладчыкаў доктар філалагічных навук спадарыня Чжан Хуэйцінь, якая нядаўна была адзначана падзякай міністра інфармацыі Рэспублікі Беларусь. Спадзяёмся, што дзякуючы супрацоўніцтву і з універсітэтам, і з цэнтрам на наступны год шырэйшай стане праграма нашага выставачнага візіту.

— Выставачная пляцоўка — заўсёдная магчымасць для стасункаў з рознымі краінамі...

— Так. І мы за гэтыя дні паспелі правесці цікавыя перамовы з аўтарытэтным арганізатарам выдавецкай справы ў Расійскай Федэрацыі Алегам Зімарыным, з Анджэем Касперскім з Польшчы, іншымі кнігавыдаўцамі і кнігараспаўсюджвальнікамі. Вярнуўшыся дадому, прааналізуем розныя найболей важкія прапановы. І спадзяюся, што шмат што з іх вынесем карыснага. Заўважная такая акалічнасць: нягледзячы на сённяшнія магчымасці інтэрнэт-зносін, зносін у сацыяльных сетках, мала распаўсюджваецца інфармацыі, рэкламы пра зробленае, пра магчымасці. Вось шмат хто з кітайскага боку быў уражаны ўзроўнем беларускай кніжнай графікі, існуючага афармлення беларускай кнігі. Дамовіліся, што наладзім у гэтым плане стасункі. Сёння варта развіваць інтэграцыйныя праекты, сумесна, супольна кнігі варта выпускаць. Тэхналагічныя магчымасці для гэтага ёсць. Над гэтым перш-наперш і будзем працаваць.

Гутарыў Сяргей ШЫЧКО

Пекін — Мінск

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Чым здзівіў Беларускі тыдзень моды

Чым здзівіў Беларускі тыдзень моды

Пазнаёміцца з навінкамі ад беларускіх дызайнераў можна было на тыдні моды, які праходзіў у Мінску з 7 да 11 лістапада.

Грамадства

Як сацыяльная рэклама змяняе стаўленне да бяздомных жывёл

Як сацыяльная рэклама змяняе стаўленне да бяздомных жывёл

«Не кідай мяне на лецішчы», «Я таксама хачу сустрэць Новы год дома» — такія кранальныя словы бачылі жыхары Масквы на білбордах з сацыяльнай рэкламай пра бяздомных жывёл.

Культура

«Свята каваля» прайшло пад Мінскам

«Свята каваля» прайшло пад Мінскам

Кожны ахвотны мог зрабіць што-небудзь з жалеза.

Спорт

Усё пра конны спорт: хараство і небяспека «жыцця» на канюшні

Усё пра конны спорт: хараство і небяспека «жыцця» на канюшні

Ганна Карасёва — самая тытулаваная айчынная спартсменка ў конным спорце, з Задыякам і Арлекінам яна выступае ў самай прыгожай, але адначасова складанай, дысцыпліне — выездцы.