Вы тут

Рамонт абмяркуем?


ЖКГ плануе ўлічваць меркаванні жыльцоў пры планаванні капітальнага рамонту дома.

Пра гэта расказаў падчас прэс-канферэнцыі начальнік упраўлення жыллёвай гаспадаркі Міністэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркі Андрэй Рамашка.


У 2015 годзе было прынята рашэнне аб вызначэнні пераліку складнікаў работ капітальнага рамонту, акрэслены паслугі, якія замацуюцца ў праектна-каштарыснай дакументацыі. За тры гады пералік істотна не змяняўся, але сёння, як лічыць начальнік упраўлення Мінжылкамгаса, патрэбна трансфармацыя ў самім падыходзе. Так, спажыўцы змогуць прыўнесці ў план дадатковыя віды работ. Адпаведнае рашэнне адлюстравана ў праекце пастанаўлення Савета Міністраў аб арганізацыі планавання, фінансавання капітальнага рамонту. Маецца на ўвазе правядзенне сходаў са спажыўцамі яшчэ на стадыі падрыхтоўкі задання капрамонту на праектаванне.

— Рамонт — гэта тая паслуга ЖКГ, вакол якой штогод узнікае шмат пытанняў, нараканняў з боку карыстальнікаў жыллёвага фонду. Часткова яны маюць рацыю, аднак нельга не заўважыць станоўчыя зрухі. Так, за апошнія пяць гадоў аб'ёмы капітальнага рамонту, які выконваецца ў краіне, павялічыліся ў два разы, — адзначыў Андрэй Рамашка.

Па яго словах, да 2010 года капітальны рамонт у Беларусі выконваўся аб'ёмамі менш за мільён квадратных метраў. Гэта сітуацыя склала «зону недарамонту», якую ЖКГ цяпер стараецца скараціць. На сёння больш за 13 мільёнаў квадратных метраў жылля патрабуюць таго ці іншага віду рамонту. Гэта каля 10 працэнтаў усяго жыллёвага фонду краіны, і паступова колькасць адрамантаваных плошчаў расце. У дзяржаўнай праграме «Камфортнае жыллё і спрыяльнае асяроддзе» ўстаноўлены штогадовы паказчык росту, які сёлета павінен скласці 2900 тысяч квадратных метраў, а ў 2020 годзе дасягнуць 3600 тысяч. Як і ў мінулыя гады, асноўнымі крыніцамі фінансавання для правядзення работ з'яўляюцца штомесячныя выплаты з боку насельніцтва і бюджэтнае фінансаванне. За кошт дзяржаўных сродкаў выконваецца 2/3 работ.

Сярод прычын, якія прыводзяць да невыканання тэрмінаў рамонту, Андрэй Рамашка адзначыў розныя фактары, у тым ліку неналежную арганізацыю самога працэсу. Асобныя жыльцы не дапускаюць рабочых у жылыя памяшканні, выклікаюць нараканні дзеянні некаторых падрадчыкаў, але ў агульным кожны выпадак патрабуе дэталёвага падыходу для вырашэння. Адказнасць за жыллёвы фонд ляжыць на мясцовых выканаўча-распарадчых органах, і яны павінны кантраляваць яго эксплуатацыю.

Замена індывідуальных лічыльнікаў — яшчэ адна «гарачая» тэма, якая хвалюе жыльцоў. Сёння даныя па выкарыстанні рэсурсаў можна перадаць праз тэлефон, але ў хуткім часе гэты працэс можа быць мадэрнізаваны.

— У першую чаргу замена прыбораў індывідуальнага ўліку датычыцца кантролю за расходам вады. Замена лічыльнікаў адбудзецца за кошт сродкаў на капітальны рамонт. Сёння праект пастанаўлення знаходзіцца ў Савеце Міністраў, думаю, найбліжэйшым часам ён будзе прыняты, і работы распачнуцца ўжо з наступнага года. Сёння нішто не перашкаджае заказчыкам, арганізацыям ЖКГ уносіць дадатковыя змены ва ўжо распрацаваныя праекты, — дадаў Андрэй Рамашка.

Рагнеда ЮРГЕЛЬ

Фота Івана Купарваса

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.