Вы тут

Людміла Лабкова: Я люблю выклік!


Яна зрабіла калекцыі адзення для зімовых Алімпійскіх гульняў 2018 года ў Пхёнчхане. Яе імя ўжо стала брэндам жаночай адзежы, які шырока вядомы не толькі ў Беларусі, але і за мяжой

Людміла Лабкова — вядомы модны дызайнер прэт-а-партэ. Гэты французскі выраз азначае адзенне, якое выпускаецца масава. У 2004 годзе яна адкрыла імянную студыю дызайну касцюма. З 2010 года вырабляе ўласную лінію адзення пад брэндам LUDMІLА LАBKОVА. Да таго ж Людміла Лабкова з'яўляецца вядучым дызайнерам Міністэрства лёгкай прамысловасці, кансультантам па стылі буйных нацыянальных прадпрыемстваў, пастаянным партнёрам тэлеканалаў і модных часопісаў. Гутарка з мастачкай адбылася ў Гомелі, дзе яна адкрывала свой шоу-рум «Аўтарская мода».


— Мы робім практычныя вырабы пад лозунгам «і ў пір, і ў мір», але ж усё роўна імкнёмся, каб было зразумела, што гэта — дызайнерскае адзенне. Бо няма сэнсу рабіць нешта, падобнае на мас-маркет.

— Што вас натхніла на стварэнне апошняй калекцыі пад назвай «Райская птушка»?

— У апошняй калекцыі прысутнічаюць яркія колеры — гэта фотапрынты: рыбкі, птушкі, кветкі. Яны былі сфатаграфаваны на востраве Тэнэрыфэ. Мяне гэта натхніла, і я зрабіла калекцыю пра райскіх птушак. Між тым планую зрабіць калекцыю з лёну. Я з'яўляюся дызайн-кансультантам канцэрна «Беллегпрам» Міністэрства лёгкай прамысловасці і курырую праект «Беларускі лён». Гэта нацыянальны праект. Мы спрабуем яго прасунуць у Італіі. Цяпер я натхнёная гэтай тэматыкай і стасункамі з маім партнёрам, знакамітым дызайнерам абутку з Італіі Джоржыа Фабіяні. З ім мы не так даўно зрабілі сумесны паказ і плануем новы ў верасні — кастрычніку. Спадзяюся, што Джоржыа натхніцца беларускім ільном, як я натхняюся стасункамі з ім, яго абуткам. Дарэчы, гэты вялікі мастак не мае мастацкай адукацыі, але сёння яго фабрыкі вырабляюць абутак для сусветна вядомых брэндаў. Спадзяюся, у нас атрымаецца зрабіць ільняную калекцыю. Увогуле, здаецца важным прыцягваць увагу грамадскасці да таго, што папулярызуе наша, адметнае, беларускае. Таму што наша праблема — нелюбоў да свайго. Ведаеце, італьянцы ў гэтым іншыя, і нам гэтаму трэба ў іх вучыцца.

— Дзе і як вы пазнаёміліся з Джоржыа Фабіяні?

— Гэта лёс. У Дзюсельдорфе на выстаўцы ў нас былі побач стэнды. І мы зразумелі, як адно аднаму падыходзім. Мы якраз шукалі партнёра па абутку і глядзелі розныя крэатыўныя брэнды. Маркетолагі Фабіяні нам сказалі, што яны закрываюць крамы ў Мінску, а мы вырашылі пакінуць гэты брэнд сабе. Ён нам родны. Фабіяні — цудоўны мастак і майстар. У нас з ім вялікія планы.

— Вы працуеце з многімі вядомымі беларускімі артыстамі, вядучымі. Напрыклад, вы апранаеце вядомы мужчынскі вакальны калектыў «Чысты голас». Ці цяжка знайсці мяжу паміж пажаданнямі заказчыка і асабістымі ўяўленнямі?

— Гэта залежыць ад таго, наколькі ёсць блізкасць у гусце і асабістае ўзаемаразуменне з чалавекам. Так, бывае спачатку складана, але потым мы настройваемся адно на аднаго, і становіцца ўсё лёгка. Тэлебачанне і шоу-бізнес — сферы спецыфічныя. Мы заўсёды ўлічваем работу камер, колер студыі... Для мяне складанасці заўсёды ствараюць больш цікавасці — як для мастака, дызайнера і творцы. Я люблю выклік. А калі ты спрацаваў удала, ты можаш сябе за гэта паважаць.

— Вам выпаў гонар апранаць беларускую зборную для зімовых Алімпійскіх гульняў 2018 года ў Пхёнчхане...

— Мы тую калекцыю рабілі спантанна, вельмі хутка. Ніхто не паспеў умяшацца, і мы зрабілі так, як палічылі неабходным. Усё было зацверджана без змяненняў. У парадна-афіцыйнай форме наша нацыянальная зборная прысутнічала на ўсіх афіцыйных мерапрыемствах. Адзін з маіх самых любімых партнёраў — гомельскае прадпрыемства «Камінтэрн». Я працавала з імі менавіта па праекце адзення для нашых спартсменаў на апошняй Алімпіядзе ў Пхёнчхане. І цяпер мы разам з імі працуем для «Еўрагульняў», якія пройдуць у Беларусі. Я выкарыстоўваю беларускі лён у новым праекце, а прадпрыемства вельмі добра працуе з гэтым матэрыялам. Я вельмі хачу, каб нас, беларусаў, палюбілі ўсе. Калі нас любяць, мы самі пачынаем сябе любіць і сабой ганарыцца. І тады мы становімся запатрабаваныя. Усё найлепшае, што ў нас ёсць, трэба дэманстраваць: прамысловасць, творчасць, рамёствы...

— Шкада вось толькі, што дагэтуль распаўсюджанае меркаванне, быццам усе беларускія сімвалы — гэта лапці ды вышыванкі...

— Зразумела ж, іх куды больш. Калі сёння касцюмы ад таго ж «Камінтэрна» павесіць побач з аналагічнымі вырабамі вядомых брэндаў у Мілане — паверце, мы ім не прайграем. Калі працуюць спецыяліст-маркетолаг разам з піяршчыкам — яны могуць прапанаваць усё, што заўгодна так, што спажывец толькі здзівіцца. А ў нас дастаткова патэнцыялу і крэатыву.

— Здаецца, што вы дызайнерам нарадзіліся?

— Сапраўды, так і ёсць. Я не памятаю сябе іншай. Я заўсёды нешта стварала: майстравала, малявала, рэзала тканіну на кавалкі... Для сяброўскіх лялек у дзіцячым садку адзенне малявала пад заказ. Прычым стварала капсульныя тэматычныя калекцыі, прызначаныя, напрыклад для тэатра ці штодзённага нашэння. Таму я лічу, што нарадзілася прамысловым дызайнерам. Добра памятаю сваю першую калекцыю, зробленую з незвычайных матэрыялаў. Гэта былі шнуры, з якіх я ўручную саткала тканіну. Гэта быў мой дастаткова ўдалы дэбют. Тая калекцыя была вывезена за мяжу і паказана на вялікім подыуме ў Берліне.

Ка­лек­цыя «Рай­ская птуш­ка».

— Людміла Лабкова стварае адзенне для сябе?

— Канешне, у асноўным я нашу сваё. На сабе апрабоўваю і толькі потым запускаю ў вытворчасць. Адначасова я люблю і вырабы сваіх калег. Я з імі сябрую, мне падабаецца тое, што яны ствараюць. Таму часам люблю прыкупіць рэч з подыумнай калекцыі сваіх сябровак. Бывае і так, што зраблю нейкую эксклюзіўную спадніцу, а потым заскочу ў любы мас-маркет, каб прыкупіць да яе звычайную майку.

— Аксесуары вы таксама ствараеце самастойна?

— Я ва ўсім спадзяюся на калег, якія спецыялізуюцца ў той ці іншай галіне. Я давяраю ім, яны — мне, і ў нас усё хутка і лёгка атрымліваецца.

— Як вы лічыце, сёння дызайнер адзення абавязкова павінен ведаць тэхналогіі шыцця?

— Я ведаю працэнтаў 90 дызайнераў, якія не ўмеюць шыць. Цяпер гэта не модна. Пры гэтым я са старой школы дызайнераў. Каб стварыць калекцыю, патрэбна іскра, ідэя, натхненне і... жаданне працаваць. Аднаго творчага парыву недастаткова. Няўменне шыць можа стаць
нават плюсам. Магчыма, вы знойдзеце зусім іншую тэхналогію стварэння адзення, якой увогуле не было дагэтуль. Сёння шыццё адзення — адна з самых састарэлых формаў стварэння адзення. Цяпер адзенне можна клеіць, паяць, зварваць... Тэхналогіі развіваюцца, і гэта цікава. Аднойчы я бачыла калекцыю аксесуараў, створаную 12-гадовай дзяўчынкай з дапамогай 3D-ручкі. На мой погляд, гэта была вельмі тэхналагічная, перспектыўная і цікавая работа. Менавіта таму важна шукаць нешта сваё.

— Чаго не хапае нашай беларускай модзе?

— У нас не сфарміравана індустрыя моды. Яна фарміруецца з маркетынгу, сістэмы продажаў і супрацоўніцтва з прэсай. Апошняе — гэта тры чвэрці поспеху. Бо толькі прэса даносіць да публікі, што будзе модна налета. Гэта такі масток ад творчасці дызайнера, індустрыі вытворчасці да канчатковага спажыўца. На жаль, у нас няма журналістаў, якія спецыялізуюцца на тэме моды. Журналістыка моды — гэта асобны кірунак. Гэтак жа, як і менеджмент моды. Цяпер я раблю ў гэтым кірунку тое, што магу: запрашаю да сябе студэнтаў на стажыроўку, каб працаваць над нацыянальнымі праектамі. Каб маладых уцягваць у гэтую справу і паказваць, як гэта можа быць.

Ірына АСТАШКЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».