Вы тут

Што пабачыць на Дні беларускага пісьменства?


Насельніцтва брэсцкага райцэнтра Іванава на сёння складае 16 тысяч чалавек. Але ў першыя выхадныя верасня яно дакладна прырасце яшчэ на некалькі тысяч — дзякуючы шматлікім гасцям з Мінска і абласцей, а таксама замежных дэлегацый з Расіі, Латвіі, Малдовы, Таджыкістана, Венгрыі, Палесціны, Японіі ды іншых краін свету, якія прымуць удзел у святкаванні юбілейнага 25-га Дня беларускага пісьменства.


Як адзначае начальнік упраўлення выдавецкай і паліграфічнай дзейнасці Міністэрства інфармацыі Беларусі Алена ПАЎЛАВА, айчынным кнігавыдаўцам ёсць што паказаць на Дні пісьменства. Толькі за шэсць месяцаў гэтага года ў нашай краіне было выдадзена 4679 найменняў кніг (у тым ліку 643 найменні — на беларускай мове) агульным тыражом звыш 11,7 мільёна асобнікаў.

У праграме Фестывалю кнігі і мастацтва, які па традыцыі ладзіць міністэрства ў межах Дня пісьменства, сёлета ўпершыню будзе асобна прадстаўлена праваслаўная кніга, а ў некаторых мерапрыемствах, як чакаецца, возьме ўдзел Мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Павел, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі.

На міжнародным круглым стале беларускіх і замежных літаратараў абмяркуюць перспектывы культурнага супрацоўніцтва праз літаратуру каля 40 паэтаў і пісьменнікаў з не менш як 13 краін свету, прычым Кыргызстан і Эквадор будуць прадстаўленыя ўпершыню.

15 тысяч удзельнікаў — менавіта столькі ахвотных сабраў сёлета конкурс юных чытальнікаў «Жывая класіка», фінал якога пройдзе 1 верасня ў Іванаве. 12 самых таленавітых і пераканаўчых дзяцей і падлеткаў, якія перамаглі ў рэгіянальных этапах і паўфінале, паспаборнічаюць за прызы ад Міністэрства адукацыі — ганаровыя дыпломы і пуцёўкі ў знакаміты летнік «Зубраня».

І канешне, адной з цэнтральных падзей Дня пісьменства стане цырымонія ўручэння Нацыянальнай літаратурнай прэміі. Паводле слоў члена журы конкурсу, першага намесніка старшыні Беларускага саюза пісьменнікаў Алены СТЭЛЬМАХ, сёлета на яе прэтэндавалі 59 твораў, пераважная большасць з якіх — беларускамоўныя, але на суд журы экспертная камісія прэміі вылучыла 51 кнігу. Высокай абяцае быць канкурэнцыя сярод паэтаў і аўтараў дзіцячай літаратуры, у той час як намінацыі «Драматургія» і «Літаратуразнаўства» сабралі менш за ўсё прэтэндэнтаў. Аднак у любым выпадку ўзнагароды атрымаюць толькі найлепшыя — прычым, што асабліва прыемна для літаратараў, з гэтага года грашовы памер прэміі значна павялічыўся і складае 100 базавых велічынь (у намінацыі «Дэбют» — 50 базавых велічынь).

Словам, праграма юбілейнага Дня пісьменства — як заўжды, насычаная, і гэта менавіта той выпадак, калі лепш адзін раз пабываць на свяце, чым пералічваць усе яго пункты і моманты. Тым больш гасцей у Іванаве ўжо даўно чакаюць і ўсіх гатовы прыняць з адкрытым сэрцам.

Вікторыя ЦЕЛЯШУК

Загаловак у газеце: У прадчуванні свята

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».