Вы тут

Іванава чакае гасцей


Старажытнае Янава, якое cёлета адзначае 595 гадоў, абноўленым і прыгожым рыхтуецца сустрэць гасцей. Цэнтральныя мерапрыемствы пройдуць у гарадскім парку. І тут работы па добраўпарадкаванні набліжаюцца да завяршэння. З'явіліся новыя дарожкі, якія выклалі там, дзе раней былі пратаптаныя сцежкі. Усталявана новае асвятленне. Узведзены адмысловыя спартыўныя пляцоўкі.


Парк плошчай у 25 гектараў ужо 1 верасня ператворыцца ў адзін вялікі амфітэатр, дзе амаль цэлы дзень будзе доўжыцца выступленне духавых аркестраў. Яны, дарэчы, прыедуць у Іванава з усёй вобласці, каб правесці заключны канцэрт-агляд па выніках абласнога конкурсу. На наступны дзень парк стане месцам Фестывалю кнігі і друку.

А ўсяго, паводле слоў начальніка аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі Іванаўскага райвыканкама Галіны КЛІМОВІЧ, у праграме святкавання запланавана правядзенне больш чым 80 мерапрыемстваў. Пад імпрэзы будзе задзейнічана каля двух дзясяткаў пляцовак. Першы дзень амаль поўнасцю літаратурны. Міжнародны круглы стол беларускіх і замежных пісьменнікаў «Мастацкая літаратура як шлях адзін да аднаго» з удзелам літаратараў 15 краін пройдзе ў Варацэвічах, у музейным комплексе імя Напалеона Орды.

Варацэвічы выбраны адной з пляцовак Дня пісьменства не выпадкова. Гэта малая радзіма аднаго з самых вядомых выхадцаў з гэтых мясцін. Напалеон Орда — не проста мастак, кампазітар, літаратар ХІХ стагоддзя, гэта ўжо своеасаблівы брэнд Іванаўшчыны. Помнік яму стаіць у самым цэнтры горада. Больш за дзесяцігоддзе бронзавы Напалеон сустракае ўсіх гасцей невялікага палескага гарадка. А ў Варацэвічах працуюць музей і галерэя, дзе сабраны копіі яго акварэляў і графічных работ. Дзякуючы гэтаму нястомнаму рупліўцу пэндзля і алоўка мы можам бачыць, якімі былі палацы, сядзібы, фальваркі ў Беларусі і суседніх краінах. Многія з гэтых пабудоў, на жаль, засталіся толькі ў малюнках Напалеона Орды. Ён пакінуў таксама музычныя творы, публіцыстычныя і біяграфічныя артыкулы. Для ахвотных удзельнікаў свята запланаваныя экскурсіі ў Варацэвічы. Дарэчы, тое, што паказваюць турыстам: — і музей, і галерэю, — можна назваць першай чаргой музейнага комплексу. На яго далейшае развіццё патрабуюцца сродкі. Грошы на добрую справу зараз збіраюць прафсаюзы вобласці. На адным з мерапрыемстваў падчас святкавання прафсаюзныя актывісты абяцалі падвесці прамежкавыя вынікі зробленага.

Навукова-практычная канферэнцыя «Іванаўскія чытанні» пройдзе ў раённай бібліятэцы імя Панфёрава. Падчас традыцыйнага фестывалю кнігі і друку выдаўцы і аўтары правядуць прэзентацыі найлепшых выданняў мастацкай, навуковай і дзіцячай літаратуры. Грамадска-культурная акцыя «Чытаем Купалу разам» збярэ аматараў лірыкі класіка. Яшчэ арганізатары адзначылі, што мясцовыя паэты прачытаюць свае вершы... з балконаў. А што, можа, такім чынам яны знойдуць новых прыхільнікаў сваёй творчасці. І чытачы дружна рушаць у новую кнігарню, каб набыць зборнікі вершаў. Менавіта ў кніжную краму, бо яна будзе ўрачыста адкрытая 1 верасня. Мабыць, і назву загадзя прымеркавалі да адкрыцця, магазін называецца «Верасень».

Зараз у Іванаве падыходзіць да завяршэння пленэр разьбяроў па дрэве. Там працуюць дзевяць майстроў, якія ўвасабляюць у дрэве вобразы знакамітых людзей, што пакінулі адметны след у літаратуры і мастацтве Іванаўшчыны. Іх скульптуры з'явяцца каля цэнтральнай аркі гарадскога парку. А ўрачыстае падвядзенне вынікаў пленэру і стане адным з мерапрыемстваў Дня пісьменства.

Афіцыйная цырымонія адкрыцця адбудзецца а 12-й гадзіне 2 верасня на галоўнай сцэнічнай пляцоўцы ў парку. Тэатралізаваная дзея «Малой радзіме пакланюся» раскажа пра гісторыю Янава. Адразу за гэтым пройдзе ўручэнне нацыянальнай літаратурнай прэміі. А потым эстафету свята ўрачыста перададуць Слоніму, дзе будзе наступны Дзень пісьменства.

У праграме таксама — гашэнне памятных маркі і паштовага канверта, майстар-класы па традыцыйных рамёствах, выстаўка-продаж сувенірнай прадукцыі. Часткай святкаванняў традыцыйна становіцца рэспубліканская навукова-асветніцкая акцыя «Дарога да святыняў» з Дабратворным агнём ад Гроба Гасподняга, у якой прымаюць удзел прадстаўнікі творчай і навуковай інтэлігенцыі, духавенства. Гэтым разам удзельнікі экспедыцыі правядуць духоўна-асветніцкія сустрэчы з жыхарамі вёсак Адрыжын і Махро, супрацоўнікамі і адпачывальнікамі санаторыя «Алеся», пасадзяць на тэрыторыі беларускамоўнай школы № 4 у Іванаве Сад малітвы.

З даўніх часоў у мясцовых жыхароў у пашане такі жарт: «Якое Іванава? Тое, што каля Масквы? Не, тое што каля Моталя». Сапраўды, было б дзіўна, каб святкаванні абышлі знакавае мястэчка. Сам Моталь з яго багатым досведам «Мотальскіх прысмакаў» каго хочаш можа навучыць, як праводзіць розныя фэсты. Дык вось, у Мотальскім музеі народнай творчасці пройдуць краязнаўчыя чытанні па рукапісе Марыі Саковіч 1877 года «Сяльчане мястэчка Моталь і іх песні». Будзе згаданы і Ян Пратасовіч, паэт, асветнік, дзяржаўны дзеяч ХVІ стагоддзя, які нарадзіўся ў вёсцы Магільна, — тое месца даўно ўвайшло ў межы горада Іванава.

Як расказаў намеснік старшыні Іванаўскага райвыканкама Рыгор СЫСА, скончаны мантаж памятнага знака, прысвечанага Дню беларускага пісьменства, 25-му па ліку. Знак называецца «Янава слова», ён уяўляе сабой сонечны гадзіннік, у аснове якога вялікі камень. У цэнтры — бронзавае пяро, цень ад якога падае на лічбы, нанесеныя на камень. Урачыстае адкрыццё гэтага знака і стане першым мерапрыемствам афіцыйнага пачатку свята.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.