Вы тут

Раім схадзіць


Дзень беларускага пісьменства, фестываль «Тбілісоба», экскурсія з World of Tanks і паказ нашумелага фільма «Хрусталь» – афіша «Звязды» з 27 жніўня па 2 верасня.


Дзень беларускага пісьменства

Дзе: г. Іванава

Калі: 1-2 верасня

Колькі каштуе: бясплатна

Галоўнай тэмай свята пісьменства ў Іванаве стане Год малой радзімы. Сваё адлюстраванне ў праграме знойдзе таксама вялікі «ўраджай» юбілеяў беларускіх паэтаў і пісьменнікаў: Адама Міцкевіча, Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча, Янкі Маўра, Платона Галавача, Максіма Гарэцкага, Эдзі Агняцвет, Алеся Бачылы, Яўгеніі Янішчыц, Анатоля Грачанікава і многіх іншых. Не застануцца без увагі і іншыя знакавыя для нашай культуры даты: 400-годдзе першага «Буквара», 95 гадоў з часу выдання «Новай зямлі» Якуба Коласа, 595-годдзе самога Іванава.

На міжнародным круглым стале беларускіх і замежных літаратараў абмяркуюць перспектывы культурнага супрацоўніцтва праз літаратуру каля 40 паэтаў і пісьменнікаў з не менш як 13 краін свету, прычым Кыргызстан і Эквадор будуць прадстаўленыя ўпершыню. 15 тысяч удзельнікаў сабраў сёлета конкурс юных чытальнікаў «Жывая класіка», фінал якога пройдзе 1 верасня. 12 самых таленавітых і пераканаўчых дзяцей і падлеткаў, якія перамаглі ў рэгіянальных этапах і паўфінале, паспаборнічаюць за прызы ад Міністэрства адукацыі — ганаровыя дыпломы і пуцёўкі ў знакаміты летнік «Зубраня».

І канешне, адной з цэнтральных падзей Дня пісьменства стане цырымонія ўручэння Нацыянальнай літаратурнай прэміі. Сёлета на яе прэтэндавалі 59 твораў, пераважная большасць з якіх — беларускамоўныя. Высокай абяцае быць канкурэнцыя сярод паэтаў і аўтараў дзіцячай літаратуры. 


Фестываль гастранамічнай культуры «Тбілісоба»

Фота: minsknews.by

Дзе: Верхні горад, пл. Свабоды, 23а

Калі: 1 верасня ў 12:00

Колькі каштуе: бясплатна

Тбілісоба арганізуецца кампаніяй «Баржомі», пасольствам Грузіі і Мінгарвыканкамам у чацвёрты раз. Свята пачнецца ў 12 гадзін дня і скончыцца ў 12 гадзін ночы.

На галоўнай сцэне фестывалю каля Ратушы выступяць «Грузінскія галасы» і ансамбль песні і танца «Эрысіёні». Хэдлайнерам фэсту будзе спявачка Ніно Катамадзэ.

На фестывалі можна будзе пабываць на першым «Турбазары», дзе мінчанам раскажуць, пакажуць і дадуць паспрабаваць, чым такім незвычайным можна заняцца падчас паездкі ў гэтую краіну. На лекцыйнай пляцоўцы падарожнікі і трэвэл-блогеры распавядуць, як скарыць Казбек, па якіх рэках лепш за ўсё справіць рафтынг, дзе робяць традыцыйнае грузінскае віно ці, да прыкладу, як зладзіць ўласнае вяселле ў самым прыгожым садзе Тбілісі. Жадаючыя змогуць аформіць пуцёўку ў незвычайны тур па Грузіі прама на фестывалі, прычым з дадатковымі бонусамі.

Пакаштаваць стравы ўсіх 12 рэгіёнаў Грузіі запрашаюць 1 верасня ў завулак па вуліцы Герцэна. Гастранамічны панадворак «Баржомі» з xачапуры па-аджарску, сырамі з Сванетыі або вядомымі гатункамі віна з Кахетыі стане часткай вялікага фудкорта фестывалю «Тбілісоба».


Экскурсія: Мінск афіцыйна ў World of Tanks

Фота: wargaming.net

Дзе: вул. Няміга

Калі: 28 жніўня ў 10:00

Колькі каштуе: бясплатна, але патрэбна рэгістрацыя

28 жніўня карта Мінска афіцыйна з'явіцца ў гульні World of Tanks. У гэты дзень вядомы экскурсавод, краязнаўца і даследчык гісторыі Мінска Іван Сацукевіч зладзіць 2 экскурсіі, прымеркаваныя да выхаду карты. Гэтыя экскурсіі пройдуць па месцах, прайграных на гэтай карце – прамавугольніку ў межах вуліц Янкі Купалы, Куйбышава, Кісялёва, Захарава і Першамайскай.

На выбар будзе прапанавана 2 маршрута для стварэння эксклюзіўных матэрыялаў.

10.00-11.30 – экскурсія «Ад штаба і да штаба». Пачатак – скрыжаванне Чырвонай і Камуністычнай. Завяршэнне – скрыжаванне Фрунзэ і Першамайскай. Падчас экскурсіі вы даведаецеся: чым першапачаткова з'яўлялся сучасны будынак Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь, для чаго неабходная вежа «дома пад шпілем», чаму базы праціўнікаў World of Tanks знаходзяцца менавіта ў гэтых месцах, як вялася распрацоўка аб'ектаў.

12.00 - 13.30 – экскурсія «Уздоўж Свіслачы і вуліцы Янкі Купалы». Пачатак – набярэжная Свіслачы каля Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь. Завяршэнне – Беларускі дзяржаўны цырк. Тут цікава будзе даведацца: як невялікая рака Свіслач сіламі архітэктараў ператварылася ў прыгожую паўнаводную раку ў межах цэнтра Мінска; чаму набярэжную ля парка Янкі Купалы раней называлі Плябанскімі Млынамі і чаму амаль усе мінчане 100 гадоў таму марылі разбурыць іх; пра гісторыю Юр'евай гары, ля падножжа якой размясцілася сучасная вуліца Янкі Купалы.


Хрусталь (16+)

Дзе: кінатэатры Мінска

Калі: з 30 жніўня

Колькі каштуе: удакладняць у касах

Драматычная камедыя «Хрусталь», якая ўжо стала хітом міжнародных кінафестываляў і атрымала станоўчыя водгукі замежнай прэсы, выходзіць у шырокі мінскі пракат. Дзеянне фільма адбываецца ў 90-я гады ў Беларусі. З-за памылкі друку ў падробленай анкеце на амерыканскую візу маладая дзяўчына-дыджэй аказваецца ў завадскім мястэчку Хрустальны. Там яна збіраецца любымі сродкамі дамагчыся выканання сваёй «амерыканскай мары».

Сусветная прэм'ера фільма адбылася ў чэрвені гэтага года на прэстыжным Міжнародным кінафестывалі ў Карлавых Варах, дзе карціна адкрыла конкурсную секцыю «Да Усходу ад Захаду». У ліпені «Хрусталь» атрымаў Гран-пры на міжнародным кінафестывалі ў Адэсе. Акрамя таго, фільм запрошаны на больш чым 20 кінафестываляў па ўсім свеце. Станоўчыя водгукі аб карціне напісалі выдання Hollywood Reporter, Screen International, Variety, «Коммерсантъ» і многія іншыя.

Фільм можна будзе паглядзець у кінатэатрах «Аўрора», «Піянер», «Беларусь», «Мір», «Ракета», «Кіеў», Falcon Club Буцік Кіно, Silver Screen і «АртКінатэатр».


Прамудрасць збудавала сабе дом... 

Дзе: Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь, вул. Леніна, 20

Калі: па 16 верасня

Колькі каштуе: 8 рублёў

Рэтраспектыўная выстава твораў Ізраіля Басава «Прамудрасць збудавала сабе дом ...», прымеркаваная да 100-годдзя з дня нараджэння майстра, які стаў класікам беларускага мастацтва ХХ стагоддзя.

Галоўным вобразам, які аб’ядноўвае ў сабе практычна ўсю выставу, з’яўляецца дом – устойлівы сімвал духоўнага ладу. Звычайны блочны дом становіцца ў Басава носьбітам мноства асацыяцый. Гэта храм, палац, цэнтр свету і космас. Дамы ў мастака розныя: вялікія і яркія, якія займаюць цэнтральнае становішча і якія ідуць углыб кампазіцыі, тапаграфічна пазнавальныя і абстрагаваныя. Але ўсе яны напоўнены значным сэнсам, у іх перамяшаліся сакральнае і прафаннае, штодзённае і велічнае. Для мастака дом – гэта не толькі функцыя. Гэта сакральная прастора і філасофія жыцця.

На выставе дэманструецца больш за 60 жывапісных і графічных работ са збораў Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь, Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка, фонду Беларускага саюза мастакоў, Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва, калекцыі сям'і мастака. Многія творы дэманструюцца ўпершыню.

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.