Вы тут

Як спраўляюцца з чалавечай безадказнасцю ратавальнікі жывёл


У жніўні віцебскаму прытулку для бяздомных сабак і катоў споўнілася сем гадоў. На сёння ён стаў часовым домам для больш як 300 жывёл. Аб падатках, невідавочных выдатках і людскіх адносінах мы пагаварылі з начальнікам участка «Прытулак для бяздомных жывёл» дзяржаўнага прадпрыемства «Спецаўтабаза г. Віцебска» Наталляй ЗУБАВАЙ.


Гэты прытулак — амаль адзіны шанц для сабак і катоў горада не трапіць пад кулю ці ін'екцыю і паспрабаваць знайсці сабе новы дом. У Віцебску існуе толькі служба адлову, якая, дарэчы, і прывозіць жывёл у прытулак, а ў раёне нават і такога няма — толькі адстрэл сабак. «Дапамагаюць» запаўняць вальеры і грамадзяне, якія рэгулярна падкідваюць кацянят і шчанюкоў пад дзверы прытулку.

Як гаворыць Наталля, спачатку на ўсіх жывёл хапала чатырох каструль кашы з каўбасой для двухразовага харчавання. Зараз за адзін раз з'ядаюць 12 каструль па 25 літраў. Больш па магутнасці кухня не выцягвае. Плюс яшчэ рахункі за электраэнергію і ваду, каб усё гэта прыгатаваць. У месяц камунальныя паслугі ўлятаюць «у капеечку»: плацяць каля 2000 рублёў. Столькі ж ідзе на ветэрынарную частку, а яшчэ штодзённыя выдаткі.

Хоць прытулак і лічыцца дзяржаўным, грошы на хвастоў ахвяроўваюць усім мірам. Частку сапраўды выдзяляе дзяржава, але, напрыклад, ні харчаванне, ні стэрылізацыя ў гэты бюджэт не закладваюцца. Пэўную частку дае аўтабаза, але шмат залежыць ад людзей. На жаль, тут на адзін станоўчы прыклад знаходзіцца з дзясятак адмоўных, калі грамадзяне самі нясуць сваіх гадаванцаў у прытулак, не клапоцячыся пра іх лёс. Стэрылізаваць кошку шкада, а вось выкінуць ці закапаць кацянят — не. Як у такім выпадку абыходзяцца з пакінутымі жывёламі на нашых вуліцах, — вядома. Пакуль такія адносіны не зменяцца, на жаль, сітуацыя лепшай не стане.

Прытулак у Віцебску з'явіўся, калі губернатарам вобласці быў Аляксандр Косінец. Ён са спагадай паставіўся да праблемы і знайшоў спонсарскія сродкі для будаўніцтва. Калі паўстала пытанне юрыдычнай прыналежнасці прытулку, яго зрабілі часткай дзяржпрадпрыемства. Але тое, што прытулак дзяржаўны, не азначае, што ў яго ёсць нейкія падатковыя прэферэнцыі. У гэтым кірунку наша заканадаўства не такое гібкае, як у некаторых іншых сферах. Умоўна кажучы, калі я прынясу пачак корму сабакам, яго павінны паставіць на баланс. Па заканадаўстве гэта атрыманая прадпрыемствам бязвыплатная спонсарская дапамога, яна абкладваецца падаткам у 18 %. Што не зусім зразумела, бо навошта браць плату яшчэ і за дабрачыннасць? З пункту гледжання Падатковага кодэкса, паколькі прытулак — юрыдычна частка прадпрыемства, падыход да яго як да юрыдычнай асобы. Выключэнняў тут няма: кожнае ахвяраванне замацоўваецца паперай. Плюс праверкі таксама не абыходзяць яго бокам. А на куплю тых жа самаратавальнікаў, якія патрабуе МНС, грошы неабходна дзесьці ўзяць.

Добра было б, калі б нягледзячы на ўсе гэтыя абставіны прытулак рэальна быў часткай праграмы, якая вырашала б праблему. Але для гэтага неабходны больш глыбокія змены ў сферы аховы жывёл. «Без дзяржаўнай праграмы па стэрылізацыі ўсё, што мы робім, — гэта мышыная мітусня, — лічыць Наталля. — Я выратую тысячу жывёл, але не вырашу праблему. Тыя, якія ў рукі трапілі, будуць жыць. Але гэта не вырашыць праблему абыякавасці грамадства і пакінутых жывёл. Пакуль у нас хаця б не адкрыюцца пункты па бясплатнай і льготнай стэрылізацыі жывёл для маламаёмных. Хаця б так».

Дарэчы

На старонцы «УКантакце» размяшчаюцца ўсе аб'явы прытулку. Там можна знайсці сабе сябра. Калі хочаце дапамагчы рублём, ёсць такі варыянт:

рахунак BY50BLBB31320300082155001001;

дырэкцыя ААТ «Белінвестбанк» па Віцебскай вобласці;

БІК BLBBBY2Х, УНП 300082155.

Атрымальнік плацяжу: ДП «Спецаўтабаза г. Віцебска».

Назначэнне плацяжу: «На выратаванне жывёл».

На сёння ў прытулку ёсць вольныя стаўкі. Там рады і новым супрацоўнікам, і валанцёрам. Але знайсці практыкуючага ветэрынарнага фельчара, гатовага працаваць за 300 рублёў, амаль немагчыма. Маладых спецыялістаў таксама такія перспектывы не прывабліваюць, нават калі яны самі без вопыту работы.

З усім гэтым прыходзіцца неяк працаваць і штодзённа дапамагаць новым хвастам. Вядома, усе мы хацелі б аказацца дома. І ў гэтым можа дапамагчы кожны, калі будзе больш адказна ставіцца да сваіх жывёл, не выкідаць іх на вуліцу, а тым, хто ўжо трапіў туды, паспрабуе знайсці новых гаспадароў. Спытайце, можа, вашым знаёмым таксама патрэбны пушысты сябра.

Надзея АНІСОВІЧ


Шукаю гаспадара

Эрн — па выглядзе амаль паляўнічы сабака. Не выключана, што быў згублены, захапіўся, ловячы якога-небудзь зайчыка, і не змог вярнуцца дадому. Таму мы не губляем шанц знайсці старога гаспадара. Сабака кантактны, жвавы, чалавека слухаецца і імкнецца выконваць яго каманды. Хто марыў аб такім мілым сябры? Прыходзьце, забірайце! Сабака большы за сярэдні памер, здаровы, апрацаваны ад паразітаў, прышчэплены.

Тэлефануйце нам: +375 29 590 00 22, +375 33 336 78 77.

Загаловак у газеце: Было чатыры каструлі — стала дванаццаць

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.