Вы тут

Свята беларускага пісьменства павялічвае колькасць кніжных крам у краіне


Сёлета на Іванаўшчыне ўрачыста адкрыецца першая кніжная крама ў раёне пад назвай «Верасень». Пра гэта паведамілі на прэс-канферэнцыі на тэму «Аб ходзе падрыхтоўкі і правядзення юбілейнага XXV Дня беларускага пісьменства».


— Дзень беларускага пісьменства адзначаецца з 1994 года, і за час правядзення стаў агульнанацыянальным святам і знакавай падзеяй культурнага жыцця нашай краіны, — адзначыла начальнік упраўлення выдавецкай і паліграфічнай дзейнасці Міністэрства інфармацыі Беларусі Алена Паўлава. — Сёлета свята будзе праходзіць у Іванаве. Наступны Дзень беларускага пісьменства адбудзецца ў Слоніме.

— Правядзенне мерапрыемства рэспубліканскага маштабу азначае і маштабную падрыхтоўку, — заўважыў намеснік старшыні Іванаўскага раённага выканаўчага камітэта Рыгор Сыса. — Таму літаральна з верасня мінулага года, калі ў Полацку перадалі эстафету гораду Іванава, пачалося планаванне наступнага свята: вызначылі аб’екты, аб’ёмы работ і сродкі для іх ажыццяўлення. На сённяшні дзень горад практычна гатовы для прыёму гасцей. Самая вялікая колькасць фінансавых сродкаў пайшла на рэканструкцыю гарадскога парку, агульная плошча якога каля 25 га. Менавіта там будзе ўсталявана цэнтральная пляцоўка.

Галоўнай славутасцю горада стала вуліца 17 верасня, якая ператварылася ў пешаходную. У памяць аб правядзенні Дня беларускага пісьменства на ёй будзе ўстаноўлена скульптура пад назвай «Янава слова».

Праграма двухдзённага святкавання ўключае ў сябе ўрачыстую цырымонію ўзнагароджання пераможцаў Нацыянальнай літаратурнай прэміі, рэспубліканскую навукова-асветніцкую экспедыцыю «Дарога да святыняў» з Дабрадзейным агнём ад Труны Гасподняй, якая пройдзе па гарадах і вёсках некалькіх рэгіёнаў і завершыць свой шлях у Іванаве, фінал Рэспубліканскага конкурсу юных чытальнікаў «Жывая класіка», навукова-практычную канферэнцыю «Іванаўскія чытанні». Сярод асноўных мерапрыемстваў — Фестываль кнігі і прэсы, на якім будуць працаваць кніжныя выставачныя павільёны, тэматычныя пляцоўкі, экспазіцыі рэспубліканскіх і рэгіянальных друкаваных СМІ, гандлёвыя павільёны і палаткі. Міжнародны круглы стол збярэ беларускіх і замежных літаратараў «Мастацкая літаратура як шлях адно да аднаго», тэматыка якога — «Мая малая радзіма».

— Адбудуцца 32 вялікія і сярэднія мерапрыемствы, — падлічыла начальнік аддзела культуры Іванаўскага раённага выканаўчага камітэта Валянціна Барадзінчык. — Сярод іх — музычна-паэтычны праект «Янаўскія замалёўкі». Гэта чытанні на балконах. Мы зможам прадставіць пляцоўку для мясцовых паэтаў і пісьменнікаў для таго, каб яны маглі прадэманстраваць свае творы. Таксама будзе рэалізаваны праект «Вулічныя музыкі», бо мы хочам агучыць абсалютна кожную пляцоўку, дзе адбудуцца асноўныя мерапрыемствы.

 Яўгенія ШЫЦЬКА

Загаловак у газеце: Іванаўскі дзень

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.