Само жыццё


Рускую пісьменніцу Любоў Турбіну, якая доўгі час жыла, вучылася і працавала ў Беларусі, Мінску, чытач найперш ведае па кнігах паэзіі. Кандыдат біялагічных навук, аўтар 14 паэтычных кніг, яна з 2001 года жыве ў Маскве. Працуе ў Інстытуце сусветнай літаратуры Расійскай акадэміі навук.


Новая кніга Л. Турбіной «Люди на болоте. Экология как доминанта белорусской литературы второй половины XX века» (Москва: ИПО «У Никитских ворот») — зборнік літаратурна-крытычных артыкулаў. Пісьменніца разглядае лепшыя творы беларускай літаратуры, найбольш цікавых на яе погляд аўтараў: «Іван Мележ — раман “Людзі на балоце” — экалагічны падыход»; «Андрэй Федарэнка — “Пеля” — балаціна каля хаты»; «Анатоль Сыс — “Пан Лес” — рэканструкцыя славянскага міфа»; «Янка Брыль — “Птушкі і гнёзды” — метафара дыялогу»; «Міхась Стральцоў — Вёска ў горадзе»; «Алесь Кажадуб — тост за Беларусь». У анатацыі да зборніка чытаем: «...Тлумачэнне самога тэрміна “балота” дапускае як прамы, так і пераносны, іншасказальны сэнс. Балотам называюць любыя праяўленні псіхалагічнай палавінчатасці, нерашучасці, раздвоенасці ва ўчынках...».

Любоў Турбіна зазірае ў сутнасныя памкненні Івана Мележа, Андрэя Федарэнкі, Міхася Стральцова, Янкі Брыля, Анатоля Сыса, Алеся Кажадуба як мастакоў слова, здольных разгледзець праяўленні нацыянальнага характару. Крытык піша пра аўтара кніг паэзіі «Ядлоўцавы куст», «Цень ад вясла», «Мой свеце ясны», аўтара кнігі крытыкі «Пячатка майстра», апавядання «Смаленне вепрука» — пра Міхася Стральцова: «Ёсць сродкі выкладання нацыянальнага духу без дэкларацый, праз тонкія і складаныя праяўленні нацыянальнага характару. Гэта напоўніцу ўдалося зрабіць М. Стральцову ў сукупнасці ўсяго ім напісанага — і ў вершах, і ў прозе, і ў эсэістыцы прыстунічаюць і высокі ўзровень мышлення аўтара, і прыроджанае эстэтычнае пачуццё».

Зазіраючы ў самыя цікавыя творы згаданых пісьменнікаў, Любоў Турбіна лаканічна разглядае галоўнае, што вылучае не толькі гэтых творцаў, але і ўсіх, хто пасапраўднаму зазірае ў прастору быцця сваіх герояў. Сёння, калі катастрафічна не хапае літаратурнай крытыкі ўвогуле, публікацыі пра беларускую літаратуру за межамі краіны, у Маскве, значаць асабліва многа. Мо ўвага маскоўскай даследчыцы нагадае вартасці нашай нацыянальнай паэзіі і прозы, сцвердзіць патрэбу ў тым, што і да студэнтаў-філолагаў, і да настаўнікаў беларускай літаратуры ў агульнаадукацыйнай школе павінны прыйсці манаграфіі, нарысы жыцця і творчасці Міхася Стральцова, Андрэя Федарэнкі, Анатоля Сыса. Напэўна ж, не ўсё сказана і пра народных пісьменнікаў Беларусі Івана Мележа, Янку Брыля. Хаця, зразумела, ім пашчасціла больш: пра Янку Брыля напісаны кнігі Ларысы Гусевай, Уладзіміра Калесніка, Юліі Канэ, Сцяпана Майхровіча. Пра Івана Мележа — манаграфіі, нарысы Дзмітрыя Бугаёва, Уладзіміра Гніламёдава, Фёдара Куляшова, Веры Ляшук. Усё ж і яны тварылі літаратуру, нацыянальную літаратуру. І верылі, што яна не менш вялікая, чым мастацкія літаратуры суседніх народаў і краін.

Мікола БЕРЛЕЖ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?