24 Верасень, панядзелак

Вы тут

Як паўплываць на якасць свайго насення


Рынак нас не песціць. Насенне ўсё часцей проста не ўсходзіць, а часам замест усходаў патрэбных раслін вырастае якое-небудзь пустазелле, ужо не кажучы пра сартавую прыналежнасць. Так, сёлета, пасеяўшы адзін сорт кабачкоў, я ў выніку атрымала на кожным кусце розныя плады — і белыя, і зяленыя, і нават рабыя. І гэта далёка не адзінкавы выпадак. Як жа быць? Выйсце адно — вырошчваць сваё насенне.


Чым далей, тым лепш

Ёсць у насенняводстве такое паняцце, як перакрыжаванаапыляльныя культуры. Іх нельга саджаць блізка адну да адной. Так, розныя сарты морквы, рэпы, рэдзькі, капусты рэкамендуюць высаджваць не бліжэй чым 300—500 метраў адзін ад аднаго. То-бок у сябе на ўчастку можна вырасціць не больш за адзін сорт. Вам трэба выбраць такі сорт, які падабаецца больш за іншыя. Калі пасадзіць на насенне два сарты, то яны пераапыляцца адзін з адным, і што з такіх гібрыдаў вырасце, не скажа ніхто.

Дарэчы

Памідорам такія складанасці не патрэбныя — яны апыляюцца самі, на стадыі бутонаў, гэта значыць, калі кветкі раскрываюцца, яны ўжо апыленыя. Таму кожны агароднік можа сабраць у сябе на ўчастку цэлую калекцыю сартоў памідораў.

Сваё насенне таматаў

Каб памідоры былі асабліва ўраджайныя, на насенне трэба пакідаць іх з першай ці другой гронкі, адбіраючы хай не самы буйны, але самы тыповы для сорту плод.

Іх да поўнай спеласці вытрымліваюць на кусце, потым здымаюць і даспяваюць на сподачку — на падаконніку. Калі памідор размякчыцца, яго размінаюць і вылучаюць насенне, якое трымаюць у вадзе для зброджвання на працягу 1-3 сутак. Калі вадкасць бродзіць, насенне прамываюць, вымываючы мякаць. Чыстае насенне сушаць і захоўваюць у пакеціках з тканіны або папяровых.

Сваё насенне агурка

Звычайна на насенне пакідаюць выпадковыя агуркі-пераросткі, якія своечасова не сабралі. Гэта не заўсёды найлепшыя асобнікі. Нашмат лепш спецыяльна адабраць на насенне роўны і прыгожы агурок з усімі прыкметамі сорту. Да канца жніўня яго трымаюць на кусце. І толькі потым зрываюць і адпраўляюць на падаконнік, дзе трымаюць да размякчэння, пасля чаго аддзяляюць насенне ад мякаці і прасушваюць.

Свежае насенне агуркоў лепш не сеяць, будзе шмат пустацветаў. Найлепшы ўраджай атрымліваецца з насення пасля трэцяга года захоўвання, а ўсходжасць яно захоўвае да
6-7 гадоў.

Сваё насенне караняплодаў

Першы год мы вырошчваем ураджай і адбіраем, напрыклад, найлепшыя дзве-тры морквы. На другі год саджаем іх на насенне, захоўваючы зімой караняплоды, абмазаныя глінай. Насення з іх атрымаецца шмат. Таму можна павысіць якасць, захоўваючы толькі цэнтральны кветканос з асабліва паўнаважкім насеннем.

Спелае насенне ў морквы светла-карычневага колеру і лёгка аддзяляецца ад кветканосаў. А вось насенне рэдзькі, рэпы, дайкона можна звязаць у венічкі і пакінуць сушыцца. Добра прасушанае насенне доўга захоўваецца без страты якасці.

Кабачкі і гарбузы

З імі ўсё проста: узімку пры гатаванні выбіраюць з пладоў самае буйное насенне, сушаць і ссыпаюць у пакеты.

Кроп, салата, гарчыца, кінза, кмен — усе яны цвітуць у год пасеву, і насенне можна збіраць па меры паспявання. Выбіраюць на насенне цэнтральныя суквецці, а ў іх крайняе, самае буйное насенне. Яно самае ўраджайнае.

Перац

Трэба своечасова сабраць насенне, да таго як плод пачне моршчыцца, але і збіраць зялёным яго нельга. А для своечасовага збору трэба ведаць, якая афарбоўка пладоў у біялагічнай спеласці, і, арыентуючыся на яе, правесці выманне насення. Застанецца толькі яго як след прасушыць і адправіць на захоўванне.

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

75 год таму пачалося вызваленне Беларусі

75 год таму пачалося вызваленне Беларусі

23 верасня 1943 года, савецкімі войскамі быў вызвалены ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў першы населены пункт Беларусі — раённы цэнтр Камарын.

Грамадства

Каму і чым дапаможа ТЦСАН

Каму і чым дапаможа ТЦСАН

Ад дапамогі дома пажылым і да стварэння крызісных пакояў для ахвяр хатняга гвалту.

Грамадства

Маштабныя вучэнні прайшлі ў краіне

Маштабныя вучэнні прайшлі ў краіне

Актыўная фаза камандна-штабнога вучэння Узброеных Сіл прайшла ў Беларусі ў верасні.