Вы тут

28 жніўня — дзень нараджэння Спецыялізаванага ліцэя МУС


Крыху перадгісторыі. У 2010 годзе рашэннем Мінгарвыканкама ў адпаведнасці з Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь было створана Мінскае гарадское кадэцкае вучылішча № 1. У 2013 годзе яму прысвоена імя першага начальніка сталічнай міліцыі Міхаіла Фрунзэ. А 28 жніўня 2015 года вучылішча перападпарадкавана Міністэрству ўнутраных спраў і пераўтворана ў Спецыялізаваны ліцэй МУС Рэспублікі Беларусь.


У лютым 2016 года ліцэй паспяхова прайшоў дзяржаўную акрэдытацыю. Работа па рэалізацыі дзяржаўнай палітыкі ў галіне адукацыі ажыццяўляецца па наступных кірунках дзейнасці: стварэнне ўмоў для рэалізацыі права кожнага навучэнца на якасную адукацыю; стварэнне і развіццё адукацыйнага асяроддзя, якое забяспечвае атрыманне агульнай базавай і агульнай сярэдняй адукацыі, а таксама першасных ведаў і навыкаў, неабходных для службы
ў органах унутраных спраў; выхаванне годных грамадзян Рэспублікі Беларусь, фарміраванне ў іх дысцыплінаванасці і адказнасці, імкненне да службы ў органах унутраных спраў.

Начальнік ліцэя — генерал-маёр міліцыі Віктар Жыбуртовіч. Тут працуюць педагогі з узроўнем кваліфікацыі вышэйшай і першай катэгорыі. Увагу і клопат да навучэнцаў праяўляюць настаўнікі, выхавальнікі, медыцынскія работнікі.

Асноўная мэта дзейнасці — фарміраванне маральнай законапаслухмянай асобы, здольнай забяспечваць у будучыні нацыянальную бяспеку. У ліцэй прымаюцца юнакі, якія завяршылі навучанне ў 6-м класе, на 2-й ступені агульнай сярэдняй адукацыі. Прыём ажыццяўляецца на конкурснай аснове па выніках здачы ўступных іспытаў з улікам медыцынскага агляду. Па-за конкурсам пры ўмове атрымання на ўступных іспытах адзнак не ніжэйшы за 4 балы ў ліцэй у парадку выключэння прымаюцца дзеці-сіроты і дзеці, якія засталіся без апекі бацькоў.

Тэрмін навучання — 5 гадоў. На кожным курсе — два класы па 50 чалавек. Навучанне бясплатнае, юнакі знаходзяцца на поўным дзяржаўным забеспячэнні. Хлопцы, акрамя формы, так бы мовіць, ваеннага ўзору, атрымліваюць некалькі відаў спартыўнага адзення, а таксама ахоўны камбінезон ад дажджу, красоўкі, бялізну, ранцы для падручнікаў, заплечнікі — увесь набор, неабходны для жыцця і вучобы маладому чалавеку. Ну, і само сабой, падручнікі, якія захоўваюцца ў спецыяльных імянных скрынях. Хлопцы жывуць у камфартабельных пакоях, якія разлічаны на 3-4 чалавекі.

Вучэбны працэс у ліцэі падтрымліваецца на самым высокім узроўні. Выхаванцы займаюцца вельмі старанна. Многія з іх удзельнічаюць у розных конкурсах і алімпіядах, якія праходзяць і па лініі Міністэрства адукацыі, і па лініі МУС. Напрыклад, на рэспубліканскай алімпіядзе па вучэбных прадметах адзін з навучэнцаў дайшоў на сённяшні дзень да 3-га этапу па беларускай мове, што з'яўляецца вельмі сур'ёзным дасягненнем. А на рэспубліканскай прававой алімпіядзе «Феміда» 2018 года, якую праводзіла Міністэрства ўнутраных спраў, навучэнцы ліцэя занялі ўсе тры першыя месцы.

Асобна трэба адзначыць урокі, якія з навучэнцамі ліцэя праводзяць унутраныя войскі. Хлопцы на месцы вывучаюць тэхніку і зброю беларускай міліцыі. Цяжка пераацаніць значэнне падобных урокаў! Гэта не школьныя падручнікі і плакаты, а ўжо сапраўдная служба. Вядома, падобнае навучанне захапляе падлеткаў.

Вялікая ўвага ўдзяляецца фізічнай культуры. Вучні бегаюць кросы, займаюцца барацьбой, плаваюць у басейне, гуляюць у футбол, валейбол і баскетбол — кожны знаходзіць магчымасць праявіць сябе. Дарэчы, выхаванцы ліцэя ўдзельнічаюць і займаюць прызавыя месцы ўва многіх спартыўных спаборніцтвах і спартакіядах горада і краіны.

Не праходзіць міма навучэнцаў і вялікае грамадскае жыццё. Напрыклад, у парадзе мінулага года, прысвечанага 100-годдзю беларускай міліцыі, удзельнічалі і выхаванцы ліцэя. 50 юных барабаншчыкаў адкрылі парад і сваім выразным рытмам павялі за сабой калоны міліцэйскіх падраздзяленняў. Чым не вялікая падзея і вялікі гонар? З таго часу, дарэчы, юныя барабаншчыкі прымаюць удзел у многіх урачыстых мерапрыемствах.

А на апошнім парадзе ў Дзень незалежнасці ўпершыню крочылі навучэнцы ліцэя. Гэта было нялёгкае выпрабаванне. Але хлопцы вытрымалі ўсе цяжкасці падрыхтоўкі і чаканным крокам прайшлі ў агульнай калоне пад гукі ваеннага марша.

Шмат цікавага адбываецца ў ліцэі. Вучоба, паездкі, сустрэчы, конкурсы, спаборніцтвы — не засумуеш. Хлопцы праходзяць сур'ёзную і сапраўды ўсебаковую падрыхтоўку. Невыпадкова выпускнікі не проста юнакі ў форме, а практычна гатовыя афіцэры. Таму можна быць перакананымі: забеспячэнне бяспекі грамадзян даверана надзейным, адказным і дасведчаным людзям — як яно і павінна быць.

Сяргей КУЛАКОЎ

Загаловак у газеце: Змена не падвядзе

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?