Вы тут

Ліст аднаго льва другому


Ліст аднаго льва другому

На сустрэчы асацыяцыі мадрыдскай інтэлігенцыі, у якую мяне нейкім цудам прынялі, ходзіць спадар з аргентынскай Кордабы, які жыве цяпер у ваколіцах іспанскай сталіцы. Як усе ў нашай кампаніі, ён адукаваны (журналіст, калі цікава), прагне ведаў і мае арыгінальныя моманты ў сваёй біяграфіі. Гэты чалавек даволі добра спявае, яшчэ лепш грае на гітары і нават збіраўся запісаць плытку ў Буэнас–Айрэсе перад тым, як пакінуў Амерыку і пераехаў у старую Еўропу.

Аднойчы наш журналіст–спявак вырашыў арганізаваць вечар аргентынскай спеўнай паэзіі: падвучыў дзясятак песень і гісторыі іх стварэння, прывёз сваю гітару ў кавярню, дзе мы сустракаемся, і мы атрымалі такі кароткі канцэрт у яго выкананні. Трэба сказаць, што я ведала добрую палову гэтых песень, бо мой бацька — вялікі аматар спеўнай паэзіі, і я прывыкла слухаць такую музыку з усіх іспанамоўных краін з маленства. Затое дзякуючы нашаму аргентынскаму сябру я згадала адну з самых моцных песень, відаць, усяго дваццатага стагоддзя. Яе аўтарка, Марыя Элена Уолш, напісала яе ў дужа складаную эпоху ў гісторыі Аргентыны, калі было цяжка пісаць, адчуваць і жыць, захоўваючы чалавечнасць. Ёй, нягледзячы ні на што, гэта ўдалося. Песня называецца «Carta de un leon a otro», або па–нашаму «Ліст аднаго льва другому». Твор гэты — адзін з самых удалых у кар’еры паэткі, і я вырашыла напісаць крыху пра яго яшчэ і таму, што ён універсальны, пра нас.

Песня даволі простая, структураваная ў эпісталярнай форме. Адзін леў, які жыве ў заапарку, піша ліст брату — працаўніку вандроўнага цырку. Напэўна, у вас ўжо узнікла асацыяцыя з Кракадзілам Генам, які працуе кракадзілам і шукае сабе сяброў? А мне кожны раз цяжка стрымліваць слёзы, калі яе чую. Мабыць таму, што я старэю, пачынаю разумець, наколькі песня дагэтуль актуальная, ды й не толькі для мяне, а для ўсіх, хто жыве ў кантэксце чалавечага грамадства, хаця я б вельмі хацела памыліцца. Брат з заапарка выбачаецца за тое, што даўно не пісаў, тлумачыць, маўляў, не хочацца: ці то ежа, ці то жыццё за кратамі цісне. Зайздросціць брату, што вандруе па ўсім свеце, хаця і той наракаў на стаўленне дрэсіроўшчыка да яго і іншых звяроў, на доўгія гадзіны працы. Леў нават просіць брата разумець дрэсіроўшчыка, бо некаторыя чалавечыя істоты адчуваюць сябе важнымі толькі за крэслам і пугай. У кожнага свае праблемы, што вельмі па–чалавечы, але галоўнае якраз не ў гэтым.

Наймацнейшая частка тэксту, на маю думку, пачынаецца тады, калі леў з заапарка дзеліцца ўражаннямі пра наведвальнікаў. Пра людзей. Леў распавядае брату пра тое, што апошнім часам погляды на тварах іншыя, менш светлыя, менш жывыя. Як быццам гэта яны сядзяць у клетцы. Леў падазрае, што за сценамі заапарка ў людзей безліч розных праблем. Натуральна, мае рацыю. Не магу выгнаць з галавы думку пра тое, што мае рацыю.

Адзінае... Думаецца: ці гэта толькі апошнім часам? Ці гэта толькі ў адным з аргентынскіх заапаркаў 1970–х было бачна? А мне здаецца, што не. Леў з братам (лірычны герой з яго адрасатам), а разам з імі аўтарка сталеюць, назіраюць, аналізуюць і расчароўваюцца. Непрыемна прызнацца, але я таксама. Выходжу на вуліцу, гляджу на чалавечыя твары і бачу напаўмёртвых істот, якіх з’ядаюць з сярэдзіны ўласныя перажыванні. Нават у Іспаніі, краіне шырокіх усмешак, заўважаю замарожаныя ухмылкі, рыбіныя вочы, якія губляюць усю эмпатыю, пакідаюць любую надзею, як ля дзвярэй да пекла, паводле Дантэ. Бачу пахаваныя дзіцячыя мары, цынізм, страх і нянавісць. Не люблю сябе, калі пачынаю іх адчуваць. У Беларусі, як і ў іншых краінах Еўропы, Амерыкі, Азіі, дзе я бывала альбо маю сяброў, сітуацыі падобныя. Бачу вельмі дакладнае разуменне паняцця «чужой праблемы». Бачу ў дзеяннях людзей практыкаванне нацыянальных прымавак: мая хата з краю, нічога не знаю (альбо, калі хочаце, іспанскага эквівалента: я музыка, іду спаць а восьмай гадзіне). Бачу агульнае бяскрылле.

Ведаеце, што самае жудаснае? Я пачала заўважаць у нашых гарадах і вёсках, у краіне і за мяжой, напаўмёртвых грамадзян, якія адчуваюць сябе ўпэўнена толькі ў пазіцыі адноснай улады. Менавіта так, як дрэсіроўшчыкі перад ільвамі. Гэта мінакі, якія не намагаюцца паразумецца са згубленым замежным турыстам. Гэта кліенты, якія звяртаюцца да афіцыянтаў з пагардай. Гэта студэнты, якія не дзеляцца канспектамі з хворым аднакурснікам. Гэта карыстальнікі сацыяльных сетак, якія кідаюцца на іншых за памылкі ў беларускамоўных публікацыях. Гэта расчараваныя ў каханні, якія гуляюць з пачуццямі закаханых у іх. Гэта мужы, якія, вяртаючыся з працы, запіваюць і б’юць жонак. Гэта бацькі, якія пераконваюць дзяцей, што яны нічога не вартыя. Гэта расісты і іншыя дыскрымінатары, якія карыстаюцца прывілеяванай пазіцыяй. Самі камплексуюць, самі пачуваюцца бы ў клетцы і выкарыстоўваюць тую ўладу, якая ёсць, над кім заўгодна, калі толькі можна. Гэта падобна да хваробы. Мая бабуля заўсёды кажа: «Калі хочаш даведацца, што за чалавек — дай яму трохі ўлады». Сумна аналізаваць, якія характары праяўляюцца ў пэўных сітуацыях, аднак.

Быў нядаўна непрыемны выпадак у Беларусі, найбольш балючы для мяне за апошнія месяцы. Мяркую, і вы пра яго памятаеце: жыў хлопец Андрэй, інвалід–вазочнік, у Магілёве. Малады, здаецца, яму 26. Дарэчы, сімпатычны. Ну і сядзеў у кватэры, бо яму быў патрэбны электрычны пад’ёмнік у доме. Было патрэбнае станоўчае галасаванне суседзяў. У прынцыпе, гэта фармальнасць, але... 106 кватэр выказаліся супраць, адна ўстрымалася.

Калі вы падобныя да мяне (калі так, спачуваю, бо я часцей за ўсё пачуваюся ў гэтым свеце як іншапланецянка), то вы, напэўна, не разумееце, чаму суседзі былі супраць патрэбнага хлопцу пад’ёмніка. Я сачыла за навінамі, казалі самае рознае: «небяспечна», «будзе гучна», «будзе перашкаджаць, нязручна». Я чытала гэтыя адмазкі і плакала, сябры–чытачы. Як? Як? ЯК?! А так. Я пытала сяброў і знаёмых: «А вы гэта разумееце?» Атрымлівала розныя адказы. Была версія, што людзі баяцца змен, не хочуць бачыць нешта новае ў сябе. Была і цікавая тэорыя: людзі не хочуць памятаць, што існуюць інваліды, і таму не хочуць бачыць ні пад’ёмніка ў доме, ні хлопца на вуліцы. Трэба сказаць, я ўспрыняла гэтую тэорыю як сапраўдны халодны нож у сэрца, але гучыць лагічна. Лагічна такой хворай, псіхапатычнай, асацыяльнай логікай, але лагічна. Паводле маёй асабістай логікі, напрыклад, я помню, што інваліды існуюць і што любы чалавек можа захварэць, пастарэць — усё бывае. І хачу ведаць і памятаць, што ў выпадку, калі гэта здарыцца са мной, мой дом адаптаваны, мой горад зручны і я змагу працягваць жыць паўнавартасным жыццём. І жадаю, каб усе мелі такі шанец.

Не люблю думаць негатыўна, але мушу прызнацца, што апошнім часам я не ў вялікім захапленні ад свету, людзей і самой сябе. Слухайце, я думаю, што ёсць і такі фактар: была магчымасць адмовіць хлопцу ў пад’ёмніку — і скарысталіся ёю. Адчулі сябе, можа, падсвядома, лепшымі за вазочніка. Яны выходзілі без цяжкасцей на вуліцу, а гэты хлопец — не. І яму была патрэбная дапамога, ён папрасіў, і разам з просьбай з’явілася і магчымасць адмовіць.

Прабачце, але ў мяне няма пазітыўных рэфлексій на заканчэнне, мне трэба адысці і падумаць. Просьба: калі ёсць духоўныя сілы, будзьце больш падобнымі да львоў, чым да дрэсіроўшчыкаў, калі ласка. Будзьце Людзьмі.

Анхела ЭСПІНОСА РУІЗ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».