21 Верасень, пятніца

Вы тут

Падазраваны зарабіў на «прыгонных» за год 23 тысячы долараў


Калі вы думаеце, што размова пойдзе пра краіны далёкай Афрыкі, глыбока памыляецеся. Усё гэта адбылося, можна лічыць, на нашых вачах у Беларусі. 25-гадовы ўраджэнец Рэчыцкага раёна жыў за кошт таго, што прымушаў людзей жабраваць для яго. І, магчыма, развіваў бы свой цынічны падпольны бізнес і далей, калі б не жаданне адной з ахвяр вызваліцца ад яго прыгнёту.


Інфармацыя трапіла ў распараджэнне 11-га ўпраўлення ГУБАЗіК МУС Рэспублікі Беларусь па Магілёўскай вобласці. Супрацоўнікі пачалі правяраць інфармацыю і былі ўражаны той дзейнасцю, якую развярнуў малады чалавек. Наогул такі факт упершыню быў афіцыйна зарэгістраваны на тэрыторыі Беларусі.

У Магілёў жыхара Гомельскай вобласці прывялі сямейныя абставіны. Тут жа ў адным з дамоў прыватнага сектара знаходзілася так званая база, дзе ён захоўваў увесь неабходны для работы інвентар: адпаведнае адзенне, інвалідныя каляскі, аб'явы аб дапамозе.

Аб усіх падрабязнасцях гэтай гісторыі расказваць яшчэ заўчасна, бо следства працягваецца. Але ўражваюць нават тыя эпізоды, якія спецыялісты агучылі карэспандэнту «Звязды». Мужчына вербаваў людзей падманным шляхам пад маркай працаўладкавання нібыта для выканання будаўнічых работ, а на самай справе прымушаў іх займацца папрашайніцтвам. У асноўным «бізнес» квітнеў у Беларусі. Яго паднявольныя папрашайнічалі ў Магілёве, Гомелі, Барысаве, Мінску. Але нядаўна следства ўстанавіла новыя факты. Высветлілася, што падазраваны сваіх паднявольных эксплуатаваў не толькі ў межах Беларусі, але вывозіў і ў Расію.

— Адзін з пацярпелых чатыры месяцы жыў у Маскве, — расказваюць спецыялісты. — Яго завезлі туды папрашайнічаць, і грошай, каб адтуль вярнуцца, у яго не было. І калі б не жанчына з фонду міласэрнасці, якая ўнікла ў яго гісторыю і купіла білет на радзіму, невядома колькі б ён яшчэ збіраў міласціну на вакзалах Белакаменнай.

Хутчэй за ўсё, падазроны, адчуўшы сваю бяспакаранасць, такім чынам пашыраў межы дзейнасці. Яго мэтай было паслаць «свайго жабрака» туды, дзе ён зможа сабраць больш грошай. Патэнцыйнымі месцамі «дыслакацыі» былі храмы, рынкі, падземныя пераходы, буйныя гандлёвыя цэнтры. І чым большы горад, тым лепш квітнеў «бізнес».

У Крымінальным кодэксе Рэспублікі Беларусь за выкарыстанне рабскай працы прадугледжана адказнасць па частцы 2 артыкула 181-1. У згаданым выпадку малады чалавек падазраецца яшчэ па двух артыкулах — частка 2 артыкула 181 (гандаль людзьмі) і частка 2 артыкула 208 (вымаганне). Адна са сведак расказала, што за вызваленне ад рабства малады чалавек патрабаваў ад яе родных тысячу долараў. Маўляў, ён столькі патраціў на ежу, адзенне, утрыманне жанчыны. Хоць, як кажуць самі пацярпелыя, жылі надгаладзь, елі адзін «ролтан» на дваіх на працягу дня. Тыя грошы, якія яны збіралі, мужчына канфіскоўваў, ахвяр сваіх кантраляваў, біў, калі яны спрабавалі частку выручкі ўзяць сабе.

У рабства траплялі ў асноўным адзінокія людзі або тыя, якія практычна не падтрымлівалі сувязь з роднымі. Але былі і выключэнні.

— Адна пацярпелая не паведамляла сваім блізкім таму, што было сорамна і страшна казаць, чым займалася, — прыводзяць яшчэ адзін эпізод суразмоўнікі. — Яна з сяброўкай паехала клеіць шпалеры ў Мінск, а іх пад пагрозамі прымусілі сядзець у інвалідным крэсле і прасіць міласціну. Яны былі ў шоку, але збегчы не маглі. Сяброўкі бачылі, што мужчына круціцца непадалёк і назірае за імі. Каля васьмі гадзін вечара ён з яшчэ нейкім мужчынам забраў іх, на машыне адвёз на здымную кватэру і загадаў напарніку закрыць на замок.

На сёння ўстаноўлена, што на падазронага працавалі сем чалавек. Сярод пацярпелых мужчына і жанчыны ва ўзросце ад 20 да 35. Ніхто з іх раней не працаваў, перабіваліся нейкімі выпадковымі заробкамі.

Падазроны прымушаў займацца папрашайніцтвам увесь светлавы дзень, пакуль ішлі людзі. Чаму не збягалі? Адзін з пацярпелых прызнаўся: так, я мог збегчы, але я ведаў, што ён мяне знойдзе і паб'е. У яго машыне на такі выпадак ляжала біта. На адной з вочных ставак пацярпелы паскардзіўся яшчэ і на тое, што двойчы страчваў ад голаду прытомнасць.

— Элементы гіпнозу і псіхалагічнага ўздзеяння таксама не выключаюцца, — кажуць супрацоўнікі ўпраўлення. — Падазраваны выбіраў ахвяр з ліку малазабяспечаных, слабахарактарных, якімі прасцей кіраваць, і як вампір прысмоктваўся да іх. Гэтыя людзі нават сваім выглядам выклікаюць спачуванне. І «гаспадар» стараўся зарабіць на іх па максімуме. Каб паднявольных выпадкова не пазналі, рэчыцкіх накіроўваў у Магілёў, магіляўчан завозіў у Мінск.

Дробныя грошы, канфіскаваныя падчас вобыску.

У Магілёве пацярпелыя жылі ў хляве свайго «гаспадара» на прыватным падворку. Справу ён арганізаваў належным чынам. Каб было больш пераканаўча, саджаў здаровых людзей у інвалідныя каляскі і даваў ім у рукі таблічкі з заклікам дапамагчы смяротна хвораму чалавеку. Адна з такіх улётак была знойдзена падчас вобыску. Гэта быў зварот аб зборы сродкаў канкрэтнаму дзіцяці на лячэнне. Прычым родныя хворага нават былі не ў курсе, што на іх сапраўдным няшчасці нехта зарабляе.

— Па нашых падліках за дзень збіралася каля 100 рублёў, — удакладняюць праваахоўнікі. — Колькасць папрашаек пастаянна мянялася — штодзень «працавалі» 2-3 чалавекі. Мы падлічылі, што за перыяд з 2017 года да 2018-га падазраваны на сваіх незаконных дзеяннях атрымаў суму больш за 47 тысяч рублёў. Магчыма, людзей, якія трапілі пад уплыў гэтага чалавека, было і болей. Мы звярталіся праз СМІ, але званкоў не паступала. Магчыма, людзі баяцца. Ён жа пагражаў сваім ахвярам. Зараз мужчына знаходзіцца пад арыштам. Устаноўлена кола асоб, якія маглі аказваць яму садзейнічанне. Але пакуль не даказана, што яны таксама прымалі ўдзел у гэтым злачынстве. Хоць пацярпелыя сцвярджаюць, што да іх «гаспадар» прыязджаў не адзін, што ў яго былі хаўруснікі.

Спецыялістаў уразіла нетрадыцыйнасць злачынства для сучасных умоў нашай прававой дзяржавы, дзёрзкасць таго, хто ўсё гэта арганізаваў, і даверлівасць суайчыннікаў, якія кладуць грошы выпадковым папрашайкам. У афіцыйных СМІ вельмі часта гучаць заклікі аб дапамозе хворым дзецям. «Калі ёсць жаданне праявіць міласэрнасць, дапамажыце лепш ім, — раяць суразмоўнікі. — Там усё законна і гарантавана, што грошы будуць патрачаны па прызначэнні. А тут знешнім выглядам ствараецца ілюзія неабходнасці ў дапамозе і знаходзяцца прадпрымальныя людзі, якія імкнуцца на гэтым зарабіць. Яны выкарыстоўваюць адначасова і папрашаек, і чуллівых людзей. Ніводны папрашайка не прынясе гэтыя грошы ў дапамогу камусьці.

Наперадзе суд, і для пацярпелых адказваць на пытанні суддзі ў прысутнасці чалавека, які з'яўляўся для іх «гаспадаром», таксама свайго роду іспыт. Псіхіка гэтых людзей падаўлена настолькі, што яны ўспрымалі сваё жабрацтва як паўсядзённасць, поўнасцю залежалі ад свайго эксплуататара. Іх гэта паступова засмоктвала і нават дзесьці задавальняла. Ён давёў іх да такога стану, што ў іх ніякай цікавасці да жыцця не было.

«Звычайна крымінальныя справы разглядаюцца ў адносінах да тых, хто распачынае вярбоўку з мэтай вывазу за межы Беларусі ў сексуальнае нявольніцтва. Такога, каб вербавалі людзей для працоўнай эксплуатацыі ў сваёй жа краіне, наогул у нашай практыцы не было. Калі чалавек збірае грошы для сябе, гэта адміністрацыйнае правапарушэнне. Але ён не з'яўляецца ахвярай. Тыя дзеянні, пра якія ідзе размова, злачынныя, і вінаватыя павінны быць пакараны па ўсёй строгасці закона», — заўважаюць спецыялісты.

Пра факты, падобныя гэтаму, праваахоўнікі просяць паведамляць па тэлефоне 102 або ў дзяжурную часць 11-га ўпраўлення ГУБАЗіК МУС Рэспублікі Беларусь па Магілёўскай вобласці 8 (0222) 295080.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Загаловак у газеце: Жабракі паняволі

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Чаму ў Беларусі варта аптымізаваць колькасць сельсаветаў

Чаму ў Беларусі варта аптымізаваць колькасць сельсаветаў

І павышаць эфектыўнасць работы мясцовых органаў улады.

Грамадства

Якіх педагогаў  хочуць бачыць дзеці ў аб'яднаннях па інтарэсах?

Якіх педагогаў хочуць бачыць дзеці ў аб'яднаннях па інтарэсах?

​Для сістэмы дадатковай адукацыі ўласцівы адкладзены ў часе эфект.

Грамадства

Чым здзіўлялі арганізатары Фестывалю навукі?

Чым здзіўлялі арганізатары Фестывалю навукі?

Толькі Ньютан і толькі хардкор!