Вы тут

Ачышчэнне поклічным святлом


Навукова-асветніцкая экспедыцыя «Дарога да святыняў», якая папярэднічае штогадоваму святу беларускага пісьменства, на мой погляд, — унікальны шанс для паяднання духоўных інтарэсаў розных сацыяльных груп нашага грамадства.


З аднаго боку, магчымасць для яе ўдзельнікаў не адрывацца ад рэальнага жыцця, бачыць яго ў самых розных праяўленнях, у тым ліку стасавацца з тымі некалі актыўнымі ўдзельнікамі грамадскага жыцця, якія з-за ўзросту і фізічнага здароўя страцілі гэтую здольнасць. З другога — экспедыцыя запальвае агеньчык надзей, спадзяванняў і аптымізму ў многіх людзях. Таму кожны год і ўключаюцца ў праграмы экспедыцыі сустрэчы ў дамах састарэлых, у хоспісах, бальніцах, дзіцячых дамах. А паколькі экспедыцыя — з’ява рухомая, кожны год праходзіць па новых мясцінах, то можаце сабе ўявіць, колькі надзей і станоўчых эмоцый запаліла яна ў людскіх сэрцах за гады свайго падарожжа па краіне. Сёлетняя экспедыцыя пераадолее на сваім шляху тысячу кіламетраў. Уявіце, колькі адбудзецца сустрэч! І гэта не павінна знікнуць, як не варта прывязваць і Дзень беларускага пісьменства да нейкага аднаго месца. Рухомасць — найкаштоўнейшы набытак і экспедыцыі, і самога свята.

Для тых, хто сустракаецца з удзельнікамі экспедыцыі, і найперш у самых аддаленых вёсках і вёсачках, ды нават у многіх гарадах і мястэчках, — гэта непаўторная магчымасць на свае вочы ўбачыць і на свае вушы пачуць вядомых на ўсю Беларусь прадстаўнікоў творчай інтэлігенцыі, багасловаў, якіх да гэтага мо не бачылі і не чулі, акрамя хіба што па тэлебачанні.

А гэта ж не проста сустрэчы. Гэта шчырыя і даверлівыя гаворкі, размовы, часам нават дыскусіі. За гады свайго ўдзелу ў экспедыцыі я зразумеў іх надзвычайную каштоўнасць і патрэбнасць. Для непасрэдных удзельнікаў з абодвух бакоў.

Што асабіста для мяне экспедыцыя «Дарога да святыняў»?

Найперш — магчымасць духоўнага ачышчэння. А яшчэ — магчымасць прычашчэння.

Калі ты з вялікага, шумнага і тлумнага горада апынаешся не толькі ў сельскай цішыні (дарэчы, сельскі ўклад жыцця бадай што наша галоўная нацыянальная адметнасць, бо беларускія землі ва ўсе часы даглядаліся і ўпарадкоўваліся найперш сельскімі працаўнікамі, якіх была абсалютная большасць), а часта ў цішыні бальнічных палат, дзе ляжаць хворыя, у пакоях малагаваркіх дзетак, якіх пакінулі і кінулі неразумныя бацькі, ты зусім па-іншаму пачынаеш разумець і цаніць магчымасць чалавечых зносін, ды і само паняцце чалавечнасці становіцца не тэарэтычна-нявызначаным тэрмінам, а самай што ні ёсць аб’ектыўнай рэальнасцю. Дык хіба гэта не магчымасць ачышчэння?

Не, я, вядома, не за сустрэчы выключна ў сацыяльна напружаных аўдыторыях, але скідваць іх з рахунку ні ў якім разе нельга. Нельга! Людзі ж усе роўныя перад Богам. Дык нашто пазбаўляць іх магчымасці не страціць гэтага адчування, навошта штучна аддаляць іх ад «высокага» культурнага жыцця, нашто праводзіць у душах мяжу паміж здольнымі і няздольнымі? Бо заўсёды падчас экспедыцыі было так (і застаецца да гэтага часу), што галоўныя, найбольш частыя і прадукцыйныя сустрэчы адбываюцца ў школьных і студэнцкіх аўдыторыях, у бібліятэках, Дамах культуры, музеях, дзе праходзяць не проста мерапрыемствы дзеля птушачкі, а найцікавейшыя канферэнцыі, круглыя сталы, дыскусіі па самых актуальных тэмах развіцця найперш беларускай культуры і мастацтва, на рэлігійную тэматыку. Тысячы такіх сустрэч адбыліся за гады экспедыцыі. Тысячы!

І не варта забывацца, што ўсе гэтыя гаворкі не абмінаюць, здавалася б, не надта папулярную і шырока вядомую, але ж неад’емную тэму нашага жыцця — рэлігійную. У такім паяднанні яшчэ адна карысная старонка нашай экспедыцыі. Аб гэтым сведчаць і шматлюдныя хрэсныя ходы, і службы ў цэрквах, і пасадка Саду малітвы каля наведаных экспедыцыяй храмаў.

Хіба гэта не ачышчэнне, калі бачыш ад шчасця слязлівыя і пранізаныя нейкім незвычайным святлом вочы прыгорбленых жыццёвымі мітрэнгамі, але не падуладных нядобрым акалічнасцям бабулек, у парэпаных пальцах якіх цепляцца пакуль што кволыя, але штогод усё больш моцныя пальчыкі іх унукаў, з якімі яны прыходзяць на сустрэчы, на хрэсны ход, на службы ў цэрквах. І вельмі кранальна назіраць, як гэтыя, маладыя і састарэлыя, рукі беражліва захінаюць ад неспадзеўнага ветру прасветлена-яркія ў вечаровым сутонні агеньчыкі свечак і лампадак, запаленыя ад лампады з Дабрадзейным агнём ад Труны Гасподняй. Хіба не дабрэе ў такія моманты і не ачышчаецца ад нядобрага твая душа? Мая — так!

Не раз думаў пра тое, якое надзвычайнае значэнне для многіх мае гэтая прывезеная нашай экспедыцыяй на месцы сустрэч лампада са святым агнём. Для нас — мо просты і звычайны акт і факт. А для сотняў і тысяч тых людзей, якія гэтыя святыя і ачышчальныя для іх светлячкі беражліва нясуць у свае кватэры, хаты і дамы, каб захоўваць там, маючы магчымасць спазнаць усеагульную і агульначалавечую радасць далучэння да адной з найвялікшых святыняў праваслаўнага свету — Дабрадзейнага святла Хрыстовага, якое прыйшло да кожнага з іх з дапамогай экспедыцыі ажно з Іерусаліма. Калі бачыш гэтыя прасветленыя радасцю вочы і твары, хіба можаш быць абыякавым? Хіба могуць быць сляпымі твае вочы, глухімі твае вушы?

Гэта і ёсць тое маё асабістае ачышчэнне, якое і мяне кранае да слёз. Ачышчэнне шчырасцю, чалавечнасцю, дабрынёй, спагадлівасцю і саміх удзельнікаў экспедыцыі, і тых, хто з імі сустракаецца. І зноў жа, не раз пераконваўся: якія ж таленавітыя, працавітыя і цягавітыя нашы людзі. Людзі, што жывуць на нашым агульным Святым полі — у нашай Беларусі. Няхай для некага гэтыя словы пададуцца занадта напышлівымі, гучнымі, а для мяне гэта самая сапраўдная ісціна, падмацаваная падчас экспедыцыі «Дарога да святыняў».

Ёсць і яшчэ адна праўда, якой я не перастаю наталяць сваю душу. Гэта тыя незвычайныя эмоцыі, якія выяўляюцца ў людзей падчас сустрэч з удзельнікамі нашай экспедыцыі. Прызнаюся, што варта было адзін раз убачыць іскрыстасць прымружаных вачэй нязменнай і нястомна-актыўнай удзельніцы нашай экспедыцыі народнай артысткі і па званні, і па сваёй артыстычнай і чалавечай сутнасці Марыі Захарэвіч, прыкмеціць у яе вачах невымоўны боль за лёс іншых, каб адчуць тыя эмоцыі, якія ўжо ніколі не выветрацца з маёй душы. Уяўляю, што значаць такія сустрэчы для тых «простых» людзей, якія доўга-доўга не адпускаюць Марыю Георгіеўну, зноў і зноў хочуць чуць яе пяшчотна-супакаяльны голас, услухоўваюцца ў шчыра-прыязныя словы артысткі, якая гэтулькі беларускіх вершаў прывезла ажно з самога Мінска і вядзе гаворку з прысутнымі вельмі даверліва, проста — вочы ў вочы. Калі яшчэ надарыцца такая магчымасць?

Такія эмоцыі адчуваў я і тады, калі з людзьмі нязмушана гутарку вялі паэты Міхась Башлакоў, Вадзім Спрынчан, Ніна Загорская, Яўген Пясецкі (ён жа вядомы ў краіне фотамастак), вядомы даследчык нашай даўніны знаны археолаг Пятро Лысенка, дбайныя літаратуразнаўцы з Нацыянальнай акадэміі навук Сцяпан Лаўшук і Ігар Шаладонаў, святар, навуковец і выдатны знаўца беларускай гісторыі і літаратуры Сергій Гардун і шмат хто яшчэ. Бо, напэўна, кожны з тых удзельнікаў экспедыцыі, хто асмельваецца браць слова на сустрэчах, аддае ўвесь запал сваёй натуры, усе свае здольнасці прамоўцы дзеля таго, каб як мага паўней данесці да людзей сэнс таго, што хвалюе яго самога і што становіцца прадметам сумеснай працы і ў Мінску, і ў іншых гарадах нашай краіны. Нездарма экспедыцыя агульнарэспубліканская, і нават міжнародная, яе ўдзельнікамі не раз былі прадстаўнікі іншых краін.

І хораша становіцца на сэрцы, калі разумееш, што наша працяглая ў часе і ў прасторы «Дарога да святыняў» не шараговая акцыя, не даніна модзе, а патрэбная найперш людзям з глыбінкі справа, што пасля нашых сустрэч і іх дарога да святыняў стане хоць трошкі карацейшай і больш шырокай. І мо крышку больш людскіх душ пажадаюць звярнуцца да Бога, зверыць сваё жыццё з Яго наказамі і запаветамі.

Падчас такіх сустрэч на дарогах да святыняў я яшчэ больш зразумеў глыбінны і патрыятычны сэнс слоў колішніх паўстанцаў Кастуся Каліноўскага: — Каго любіш? — Люблю Беларусь! — То ўзаемна! Я пераканаўся ў іх непахіснасці, моцы і справядлівасці для нас сённяшніх, тых, хто любіць сваю малую і нашу вялікую Радзіму і робіць для іх развіцця і ўмацавання ўсё магчымае і немагчымае. Бо — як ты да людзей, так і людзі да цябе.

Усё гэта і ёсць для мяне сапраўднае ачышчэнне шчырасцю і чалавечнасцю, дабрынёй і спагадлівасцю, якое наталяе смагу дзейнасці на доўгі час, заахвочвае на добрыя справы.

Хацелася б верыць, што тыя тысячы і тысячы людзей, чые шляхі за многія гады перакрыжаваліся з экспедыцыяй «Дарога да святыняў», не заблудзяцца на сваёй уласнай дарозе да храма, да сваёй малой і вялікай Радзімы, да таго спаконвечнага і несмяротнага, што здаўна называецца беларускай мовай, беларускай гісторыяй, беларускім характарам і роднай беларускай зямлёй, на якой шчыравалі і шчыраваць будуць, веру ў гэта, многія і многія пакаленні нашых пераемнікаў-спадчыннікаў.

А таму — няхай не зарастае дарога да святыняў. Няхай набірае моцы сумесная малітва за лёс нашай Беларусі, на якой, як пісаў клапатлівы аберагальнік гістарычнай праўды Уладзімір Караткевіч, Бог жыве.

Анатоль БУТЭВІЧ, міністр інфармацыі Рэспублікі Беларусь у 1992—1994 гадах, міністр культуры і друку ў 1994—1996 гадах 

Фота Яўгена ПЯСЕЦКАГА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».